навіны

Дзесяць «Шагэдаў» над Беларуссю: тры з іх згубіліся

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: mil.in.ua
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: mil.in.ua
podpis źródła zdjęcia

Начны абмен дронамі паміж Украінай і Расеяй закрануў і Беларусь: як мінімум дзесяць расейскіх «Шагэдаў» заходзілі на тэрыторыю нашай краіны гэтай ноччу, тры з іх згубіліся. 

Паводле паведамлення маніторынгавай групы «Беларускі Гаюн», расейскія беспілотнікі спачатку заходзілі ў паветраную прастору нашай краіны, вярталіся і заходзілі паўторна. Праз тэрыторыю Беларусі яны таксама вярталіся ў РФ.

Паведамляецца найменей пра 10 дронаў, якія пабывалі ў Беларусі ў ноч з 9 на 10 лістапада. Яны праходзілі праз беларускі калідор Славуціч – Прыпяць, заляталі з Чарнобылю і Лоева і даляталі да Мазырскага раёну.

Дроны заходзілі ў перыяд ад поўначы да 3:00 ночы.

Частка БПЛА, піша «Беларускі Гаюн», пасля разварочвалася над Беларуссю і ляцела назад, на тэрыторыю Украіны. 

,,

«Так, адзін з дронаў вярнуўся на Чарнігаўшчыну, паўторна заляцеў у Беларусь ужо ў Гомельскім раёне і адтуль пайшоў на Расею», – пішуць аўтары маніторынгавай групы.


Схема трапляння БПЛА на тэрыторыю Беларусі. Фота: Беларускі Гаюн / Telegram
Схема трапляння БПЛА на тэрыторыю Беларусі. Фота: Беларускі Гаюн / Telegram

Мінімум тры «Шагэды» прапалі над тэрыторыяй Беларусі: адзін пад Брагінам, другі – у Мазырскім раёне, трэці – у Ельскім.

Агулам, паводле звестак Паветраных сілаў ЗСУ, за ноч у Беларусь, Малдову і РФ заляцелі 10 беспілотнікаў. Авіяцыя пры гэтым у неба не ўздымалася.

Гэтай ноччу расейскія войскі асабліва інтэнсіўна атакавалі тэрыторыю Украіны з дапамогай ударных БПЛА. Як адзначыў Уладзімір Зяленскі, у ноч на 10 лістапада сілы РФ запусцілі супраць Украіны рэкордную колькасць «Шагэдаў» і дронаў іншага тыпу – 145. Агулам жа цягам тыдня Расея скарыстала больш за 800 кіраваных авіяцыйных бомбаў, каля 600 ударных дронаў і амаль 20 ракетаў розных тыпаў.

У той жа час вядома, што гэтай ноччу тэрыторыю Расеі таксама атакавалі дроны. Частка з іх была збітая над Маскоўскай вобласцю. Агулам вядома пра 32 збітыя БПЛА. Ёсць траплянні абломкаў у жылыя дамы. Акрамя таго, пацверджана траплянне дронаў на 1060-ы цэнтр матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння Узброеных сілаў РФ, у выніку чаго адбыліся пажары, чуліся гукі паўторнай дэтанацыі.

Раман Шавель belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10