У ноч на 27 кастрычніка з тэрыторыі Украіны ў Беларусь зайшлі як найменей два расейскія «Шагэды».
Першы дрон прайшоў праз калідор Славуціч – Чарнобыль а 00:34–00:44, паведамляе маніторынгавая група «Беларускі Гаюн».
Яшчэ адзін БПЛА зайшоў у Беларусь у ваколіцах Лоева і накіроўваўся на паўночны захад краіны. Вядома, што ён заляцеў углыб Беларусі і там знік. Гэта ж пацвярджаюць і Паветраныя сілы ЗСУ: паводле іх інфармацыі, адзін дрон ляцеў у бок Беларусі.
Акрамя таго, паведамляе «Беларускі Гаюн», яшчэ два «Шагэды» накіроўваліся на Беларусь, рухаючыся ў ваколіцах Оўручу і Прыпяці а 00:39 і 02:05. Але звестак пра тое, ці зайшлі яны на тэрыторыю нашай краіны, няма.
Дзяжурная авіяцыя ВПС РБ у неба не ўздымалася.
Нагадаем, што апошнім часам пачасціліся выпадкі заходу расейскіх дронаў на тэрыторыю Беларусі.
Так, у ноч на 26 кастрычніка з тэрыторыі Украіны ў Беларусь заляцелі не менш за сем расейскіх дронаў-камікадзэ тыпу «Шагэд». Заход яшчэ трох БПЛА дакладна не пацверджаны.
У ноч на 18 кастрычніка ў Беларусь заходзіла найменей дзевяць беспілотнікаў, два з якіх зніклі. Некалькі «Шагэдаў» заляталі ў ноч на 20 кастрычніка, адзін з іх збілі над Ельскім раёнам. Жыхары Хойніцкага раёну нават склалі адмысловую петыцыю да мясцовых уладаў з просьбай абараніць людзей ад дронаў.
Раман Шавель belsat.eu