навіны

Святары пачынаюць удзельнічаць у творчасці. Чаму рада маральнасці забараніла камедыю «Каханкі майго мужа»

Мітрапаліт Веніямін. Фота: sobor.by
Мітрапаліт Веніямін. Фота: sobor.by
podpis źródła zdjęcia

Рада маральнасці пад кіраўніцтвам мітрапаліта Веніяміна адмяніла сямейную камедыю «Каханкі майго мужа». Спектакль больш за 10 год бесперашкодна паказвалі па ўсёй Беларусі, здараліся нават аншлагі. Што магло стацца прычынай такой раптоўнай цэнзуры, запыталі ў мадэратаркі «Хрысціянскай візіі» Наталлі Васілевіч і кіраўніка незалежнага тэатральнага бюро «BY teatr» Андрэя Новіка?

«Мэта галоўная - паставіць пад кантроль сферу культуры, публічную сферу. Проста ёсць людзі, якія хочуць прэтэндаваць на тое, каб быць такімі кантралюючымі органамі за маральнасцю грамадства», - упэўненая мадэратарка «Хрысціянскай візіі» Наталля Васілевіч.

Дагэтуль узгадненне спектакляў для паказу праводзіў спецыяльны мастацкі савет, давалася ацэнка вартасці і падчас міністэрскіх правяранняў. Цяпер жа, відавочна, Рада маральнасці будзе сачыць за духоўнасцю і захаваннем традыцыйных каштоўнасцяў у культурніцкай галіне.

«Яшчэ не хапала прыцягнуць да адказнасці тых чыноўнікаў, якія давалі дазвол на правядзенне спектаклю. Я думаю, гэта можа і адбыцца. Безумоўна, нідзе мы не чыталі, не бачылі на форумах нідзе абурэння пра змест гэтага спектаклю, нічога асаблівага там не было», - кажа Наталля Васілевіч.

Сам жа мітрапаліт Веньямін упэўнены, што пытанне маральнага аздараўлення грамадства не менш актуальнае па сёння, таму трэба «паказваць на спакусы, якія здольныя пашкодзіць незагартаваныя душы падрастаючага пакалення, а калі трэба, і абараняць ад іх».

Актор, рэжысёр, кіраўнік незалежнага тэатральнага бюро «BY teatr» Андрэй Новік не верыць у шчырасць падобных выказванняў:

,,

«Можа быць два варыянты. Першае - хтосьці камусьці перайшоў дарогу. А па-другое, проста трэба было зрабіць так, каб гэты Савет пра сябе заявіў. Што ён існуе, што ён можа нешта рабіць - і такую паказальную зрабілі выснову». 


Рада маральнасці паўстала яшчэ ў 2009 годзе з ініцыятывы Беларускай праваслаўнай царквы і прадзяржаўнага Саюзу пісьменнікаў. Але за ўвесь час пра якую-кольвек дзейнасць не было чуваць. Летась у лістападзе ініцыятыва заявіла пра пачатак працы ў новым складзе.

«Адметнасць гэтага выпадку ў тым, што тут пачынаюць удзельнічаць у творчасці, у допуску творчасці святары і не проста святары, а мітрапаліты. Я лічу проста, што кожны павінен займацца сваёй справай: рэжысёры тэатрам, святары царквой», - звяртае ўвагу Андрэй Новік.

Сямейная камедыя ў дзвюх дзеях «Каханкі майго мужа» мае абмежаванне паводле ўзросту – ад 16 гадоў. Паводле сцэнара, перад гледачамі разгортваецца драма, калі між сужэнцамі згасаюць пачуцці. Галоўны герой заводзіць каханку, з якой неўзабаве знаёміцца і ягоная жонка. Жанчыны сябруюць, бавяць час разам, а затым помсцяць нявернаму мужу.

Спектакль «Каханкі майго мужа» паводле п'есы Анатоля Дзялендзіка. Берасце, Беларусь. 26 верасня 2017 года. Фота: tomin.by
Спектакль «Каханкі майго мужа» паводле п'есы Анатоля Дзялендзіка. Берасце, Беларусь. 26 верасня 2017 года. Фота: tomin.by

Пастаноўку больш за 10 гадоў ставілі на беларускай сцэне. Камедыю рэжысёра Антона Крайка паказвалі не толькі ў Менску, але і ў абласных ды раённых цэнтрах. У 2017 годзе ў Берасці спектакль сабраў поўную залю.

Спектакль дагэтуль можна знайсці на сайце 24afisha.by, але ён значыцца як недаступны для наведвання.

Падрабязней глядзіце ў сюжэце:

Аліна Скрабунова, Марыя Голдстэйн, «Белсат»

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10