навіны

Гомельскі аблвыканкам адказаў на просьбу жыхароў Хойнікаў абараніць іх ад беспілотнікаў

Беспілотнік, збіты над горадам. Гомель, 5 верасня 2024 года. Крыніца: Флагшток
Беспілотнік, збіты над горадам. Гомель, 5 верасня 2024 года. Крыніца: Флагшток
podpis źródła zdjęcia

Гомельскі аблвыканкам адказаў на электронную петыцыю грамадзянаў наконт абароны навучальных установаў Хойніцкага раёну ад беспілотнікаў. 

У сувязі з частымі палётамі БПЛА над Гомельскай вобласцю аўтары петыцыі прасілі звярнуць увагу на бяспеку жыхароў Хойніцкага раёну, асабліва дзяцей, якія наведваюць дзіцячыя садкі і школы.

,,

«У сітуацыі, якая склалася, мы асабліва перажываем за нашых дзяцей. У нашым раёне дзее каля двух дзясяткаў дашкольных і сярэдніх навучальных установаў. Кожны дзень, адпраўляючы туды дзяцей, мы не знаходзім сабе месца. Лічым, што органы ўлады і войска абавязаныя забяспечыць дзейсную абарону сваіх грамадзянаў усімі магчымымі сродкамі», – адзначалася ў петыцыі.



У адказе аблвыканкаму за подпісам начальніцы ўпраўлення працы са зваротамі грамадзянаў і юрыдычных асобаў Наталлі Тусікавай паведамляецца, што зварот быў перанакіраваны ў галоўнае ўпраўленне адукацыі «з просьбай паведаміць падпісантам і аблвыканкаму аб прынятым рашэнні», паведамляе выданне «Флагшток».

Грамадзяне ў сваёй петыцыі прапанавалі абсталяваць будынкі навучальных установаў Хойніцкага раёну сродкамі радыёэлектроннай барацьбы, якія можна было б усталяваць на дахах гэтых установаў. Аднак такая задача выходзіць за рамкі магчымасцяў упраўлення адукацыі, што робіць перанакіраванне запыту на яго адрас бессэнсоўным.

Аўтары петыцыі таксама нагадвалі пра інцыдэнт у Гомлі ў пачатку верасня, калі збіты БПЛА ўпаў на будынак на ўскрайку гораду, пашкодзіўшы пабудову.

Апошнім часам колькасць «Шагэдаў», якія залятаюць у Беларусь, значна павялічылася. Уначы 21 кастрычніка найменей тры беспілотнікі ўвайшлі ў паветраную прастору краіны. Пры гэтым з аэрадрому ў Баранавічах двойчы выляталі знішчальнікі ВПС РБ.

Уначы 18 кастрычніка на тэрыторыі Беларусі зафіксавалі найменей дзевяць беспілотнікаў, два з якіх зніклі. Яшчэ некалькі «Шагэдаў» заляталі ўначы 20 кастрычніка. Адзін з іх збілі над Ельскім раёнам.

Доўгі час афіцыйныя ўлады не давалі ніякай інфармацыі пра заходы дронаў у Беларусь. Мінабароны вымушанае было адрэагаваць на гэта толькі пасля таго, як пад Гомлем прыйшлося збіваць беспілотнікі, што было вельмі прыкметна і моцна напужала мясцовых жыхароў.

Раман Шавель belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10