Старшыня Бундэстагу і дзяржміністр у МЗС Нямеччыны Табіяс Лінднэр заявіў у інтэрв’ю DW, што ён не можа сабе ўявіць перамовы Еўразвязу з рэжымам Лукашэнкі.
«Я думаю, што трэба цвяроза глядзець на сітуацыю. Лукашэнка не дэманструе ніякіх прыкметаў, ніякіх крокаў, якія гавораць, што ён хоча дээскалацыі сітуацыі. Наадварот, рэпрэсіі ўзмацняюцца, падтрыманне Пуціна павялічваецца – дык чаму ж мы мусім раптам сесці з ім за стол перамоваў? І пытанне таксама, а што ён можа прапанаваць? Пакуль я не бачу, што яму ёсць што прапанаваць, дый трэба разумець, што сесці з ім за адзін стол азначае прызнаць ягоную легітымнасць. Гэта вельмі высокая палітычная цана, і я не бачу прычынаў, дзеля якіх мы муксім плаціць гэтую цану», – заявіў у інтэрв'ю DW Табіяс Лінднэр.
Паводле палітыка, Нямеччына радая вызваленню больш як 100 палітвязняў у перыяд з ліпеня да верасня, але заклікаў не забываць, што яшчэ больш за 1300 асобаў застаюцца ў зняволенні з палітычных матываў. «На падставе менавіта гэтага факту трэба ацэньваць Лукашэнку», – падкрэсліў ён.
На пытанне DW, што Нямеччына будзе лічыць сігналам да дээскалацыі, Лінднэр адказаў:
«Патрабаванні да Лукашэнкі вельмі ясныя: вызваленне ўсіх палітвязняў, допуск апазіцыі да палітычнай дзейнасці, магчымасць свабодна выказваць думкі ўнутры краіны, а таксама свабодныя дэмакратычныя выбары».
«Калі Лукашэнка хоча знайсці выйсце з сітуацыі, то гэта насамрэч вельмі проста – ён мусіць вызваліць палітвязняў. Я не ведаю, якую цану можна прапанаваць на перамовах таму, хто фактычна ўзяў у закладнікі ўласных грамадзянаў», – падкрэсліў нямецкі палітык.
Нагадаем, прыкметы таго, што афіцыйны Менск спрабуе заігрываць з Захадам, сталі назірацца з канца чэрвеня, неўзабаве пасля таго, як Аляксандр Лукашэнка змяніў кіраўніцтва сваёй адміністрацыі і МЗС. Цягам ліпеня ‒ верасня ў выніку чатырох хваляў памілаванняў у Беларусі на свабоду выйшлі ўжо 115 палітычных вязняў. Гэта самае масавае вызваленне вязняў сумлення за ўвесь час. Акрамя таго, знізілася напружанасць на мяжы з Польшчай і змякчылася публічная рыторыка. Прагучаў шэраг заяваў пра гатовасць распачаць дыялог з ЗША і ЕЗ.
Рэакцыя Захаду на гэтыя падзеі і заявы была вельмі стрыманая, факт вызвалення групы палітвязняў «прынялі да ўвагі». Ніякіх публічных сустрэчаў з прадстаўнікамі рэжыму Лукашэнкі на высокім узроўні з таго часу не адбылося. Заяваў пра гатовасць сесці за стол перамоваў з боку ЕЗ і ЗША таксама не прагучала. Паводле інфармацыі «Белсату», паводзіны афіцыйнага Менску апошнімі месяцамі на Захадзе лічаць занадта супярэчлівымі і непаслядоўнымі.
Глеб Нержын belsat.eu