навіны

Эксперт у галіне энергетыкі: Стратныя НПЗ прывядуць да змяншэння дабрабыту жыхароў Мазыра і Наваполацку

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод. Фота: sb.by
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод. Фота: sb.by
podpis źródła zdjęcia

Абодва беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы – мазырскі і наваполацкі – за першыя шэсць месяцаў сёлета зрабіліся стратнымі. Паводле экспертаў, збольшага гэта абумоўлена падаражэннем расейскай нафты і закрыццём праз вайну і санкцыі асноўных рынкаў збыту. Ці ёсць шанец выратаваць беларускія НПЗ і ў якім стане цяпер «Беларуснафта» – пра гэта паразважалі эксперт у галіне энергетыкі, прафесар ЕГУ Генадзь Рабцаў і інжынер бурэння свідравінаў Ян Маркаў.

«Працоўныя нафтаперапрацоўчыя заводы гэта вялікі ўнёсак у бюджэт Беларусі. Тое, што іх прыйдзецца, наадварот, падтрымліваць з бюджэту, безумоўна, адаб'ецца на сацыяльных выдатках дзяржавы і прывядзе да змяншэння дабрабыту жыхароў Мазыра і Наваполацку», тлумачыць Генадзь Рабцаў.

Эксперт упэўнены, што на тэрыторыі Беларусі няма буйных ці гіганцкіх радовішчаў нафты. Таму мае сэнс распрацоўваць малыя:

,,

«Яны цалкам забяспечаць патрэбы краіны ў нафтапрадуктах. Аднак, каб распрацоўваць малыя радовішчы, непрыдатныя вялікія кампаніі».


На пачатку нафтараспрацоўкі ў 1960–1970-х гадах Беларусь здабывала да 10 млн тонаў нафты. Апошнія тры дзесяцігоддзі штогадовыя аб'ёмы здабычы не перавышаюць 2 млн тонаў. Цалкам запасы нафты ў Беларусі ацэньваюць прыкладна на 45 млн тонаў. Пры цяперашніх аб'ёмах здабычы гэтага хопіць на 25 гадоў працы.

«Былі тэорыі, што можна знайсці нафту глыбей, чым зараз знаходзяцца радовішчы. Гэта называецца Прыпяцкі прагін, адкуль мы здабываем. Але гэтая тэорыя не пацвердзілася»,
распавядае інжынер бурэння свідравінаў Ян Маркаў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Цэнтральны пункт кіравання АТ-8 на Наваполацкім НПЗ. Фота: igor zavodfoto / Flickr
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Цэнтральны пункт кіравання АТ-8 на Наваполацкім НПЗ. Фота: igor zavodfoto / Flickr

Цяпер адкрытыя 96 радовішчаў, 62 з іх ужо распрацоўваюцца. За год уводзяць у эксплуатацыю некалькі дзясяткаў свідравін. Падтрымліваць працу кампаніі ўдаецца ў тым ліку за кошт распрацоўвання так званых цяжказдабывальных радовішчаў. Іх доля ўжо дасягае 30 %. На думку Яна Маркава, гэта вялікая заслуга, у тым ліку, спецыялістаў «Беларуснафты»:

,,

«Яны падтрымліваюць такую здабычу. Многія свідравіны абводненыя на 90 %. Калі вы набіраеце пробу, вы маеце ваду і трошкі нафты там наверсе».


Тым часам Аляксандр Лукашэнка не перастае ўздымаць тэму пошуку ўсё новых радовішчаў:

«Мы дамовіліся, што “прашчупаем” сур'ёзна тэрыторыі Гомельскай вобласці, і мы абавязкова знойдзем там нафту. У савецкія часы свідравіны прабурылі і кінулі».


Акурат на знойдзеныя за савецкім часам радовішчы і арыентуецца кампанія «Беларуснафта». Лукашэнка ж патрабуе большага і абяцае, дзякуючы гэтаму, лепшае жыццё ў краіне:

«Можа, у нас ёсць нейкае мора, якога мы з вамі яшчэ не знайшлі. Гэта галоўная тэма сённяшняй нашай размовы. Калі б нам 8-9 мільёнаў тонаў нафты, то мы б жылі лепш за самыя багатыя краіны нашай планеты».


Для дапамогі ў пошуках нафты на Гомельшчыне ён пастанавіў падключыць расейскага гіганта «Роснефть». Прыбыткі ад сумеснай працы Лукашэнка абяцае накіраваць на развіццё рэгіёну.

На Маларытчыне ж будуецца горнаўзбагачальны камбінат. На ім будуць вырабляць кварцавы пясок для выпампоўвання якраз цяжказдабывальнай нафты. Налета плануюць упершыню за апошнія дзесяцігоддзі дасягнуць штогадовага аб’ёму здабычы больш за 2 млн тонаў.

Падрабязней глядзіце ў сюжэце:

Антон Бяздольны, Марыя Голдстэйн, «Белсат»

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10