Навукоўцам спатрэбілася 22 гады дзеля таго, каб высветліць паходжанне легендарнага мараплаўца Хрыстафора Калумба. Даследчыкі кажуць, што вынікі «абсалютна дакладныя».
Іспанскім навукоўцам удалося ўстанавіць, што знакаміты даследчык быў габрэем-сефардам з Заходняй Еўропы.
Такую выснову навукоўцы зрабілі пасля правядзення аналізу яго ДНК, што дапамагло вырашыць даўнюю загадку адносна паходжання славутага падарожніка.
На працягу стагоддзяў некалькі краін спрачаліся аб тым, адкуль быў Калумб і дзе ён пахаваны. Традыцыйна лічылася, што ён паходзіў з Генуі (Італія), але гэтая версія была пастаўлена пад сумнеў. Альтэрнатыўныя тэорыі ўказвалі на яго паходжанне як габрэя з Іспаніі, грэка, баска, партугальца ці нават брытанца.
Каб раскрыць таямніцу паходжання Хрыстафора Калумба, навукоўцы правялі 22-гадовае даследаванне пад кіраўніцтвам судова-медычнага эксперта Мігеля Ларэнтэ. У межах гэтага даследавання яны праверылі невялікія ўзоры парэшткаў, якія знаходзяцца ў Севільскім саборы, дзе афіцыйна лічыцца, што Калумб быў пахаваны. Існавалі іншыя варыянты месца яго пахавання, таму навукоўцы параўналі гэтыя ўзоры з парэшткамі вядомых сваякоў і нашчадкаў Калумба.
Вынікі даследавання былі абнародаваныя ў дакументальным фільме пад назвай «ДНК Калумба: Сапраўднае паходжанне», які быў паказаны на іспанскім нацыянальным тэлебачанні TVE.
У фільме расказвалася пра тое, што ў распараджэнні навукоўцаў меўся ўзор ДНК Хрыстафора Калумба, дастатковы для таго, каб правесці аналіз і параўнаць з ДНК сына Калумба – Эрнанда Калона.
,,«Як у Y-храмасоме (мужчынская лінія), так і ў мітахандрыяльнай ДНК (перададзенай маці) Эрнанда прысутнічаюць рысы, сумяшчальныя з габрэйскім паходжаннем», – адзначае ў фільме Мігель Ларэнтэ.
Пасля правядзення аналізу 25 магчымых месцаў нараджэння Калумба Ларэнтэ прыйшоў да высновы што першаадкрывальнік XV стагоддзя мог нарадзіцца толькі ў Заходняй Еўропе. Папярэдне даследчык таксама пацвердзіў, што парэшткі Калумба, якія знаходзяцца ў Севільскім саборы, сапраўды належаць вядомаму мараплаўцу. Нягледзячы на тое, што даследаванне было ўскладненае вялікай колькасцю дадзеных, Ларэнтэ ўпэўнены, што «вынік амаль абсалютна дакладны».
Сефардскімі габрэямі (сефардамі) называюць іўдзеяў, якія пражывалі на тэрыторыі сучасных Партугаліі і Іспаніі да канца XV стагоддзя. У перакладзе з іўрыта «Сфарад» абазначае тэрыторыю Пірэнэйскага паўвострава, адпаведна «сфарадым», або «сефарды», даслоўна перакладаецца як «жыхары Іспаніі». Многія сефардскія габрэі былі вымушаныя рассяліцца па тэрыторыі Заходняй Еўропы пасля таго, як у 1492 годзе каталіцкія манархі Ізабэла і Фердынанд выдалі ўказ, паводле якога мусульмане і габрэі павінны былі прыняць каталіцызм.
Раман Шавель belsat.eu