Наступствы ўрагану ў ЗША і катастрофа парома ў Конга. Фатаграфіі тыдня
06.10.2024, 12:50
На фоне бушавання ляснога пажару мужчына арэ зямлю бульдозерам, каб спыніць агонь, у вёсцы Геліні (Gelini) у Грэцыі. 1 кастрычніка 2024 года. Фота: Costas Baltas / Anadolu Press / Getty Images
podpis źródła zdjęcia
Лясны пажар у Грэцыі, смяротны ўраган Гэлен у ЗША, трагедыі з аўтобусам у Тайландзе і з паромам у Конга, эскалацыя на Блізкім Усходзе – сабралі галоўныя фотаздымкі за тыдзень.
Іранцы паляць ізраільскі сцяг падчас мітынгу ў Тэгеране праз дзень пасля таго, як Іран запусціў па Ізраілі больш за 180 балістычных ракетаў. Ізраіль паабяцаў прымусіць Іран «заплаціць» за абстрэл, у адказ Тэгеран папярэдзіў, што, калі стане мішэнню, распачне яшчэ больш маштабную атаку. Раней ізраільскія спецслужбы забілі лідара паліткрыла «Хамасу» Ісмаіла Ганію і лідара «Хізбулы» Хасана Насралу, узарвалі тысячы пэйджараў. Тэгеран, Іран. 2 кастрычніка 2024 года. Фота: Atta Kenare / AFP / East News
Паломнікі-хасіды моляцца каля магілы рабі Нахмана напярэдадні Рош Га-Шаны (Rosh Hashanah), габрэйскага Новага году, ва Умані, Украіна. 2 кастрычніка 2024 года. Фота: Anatolii Stepanov / AFP / East News
Сланы ў запаведніку «Elephant Nature Park» чакаюць эвакуацыі падчас моцнай паводкі, выкліканай разлівам ракі ў правінцыі Чхіянг-Май (Chiang Mai). Больш за 100 сланоў на поўначы Тайланду былі перамешчаныя на ўзвышшы, каб пазбегчы хуткага ўздыму паводкавых водаў. Чхіянг-Май, Тайланд. 3 кастрычніка 2024 года. Фота: Handout / Elephant Nature Park / AFP / East News
«Elephant Nature Park» – гэта цэнтр ратавання і рэабілітацыі сланоў, які з 1990-х гадоў выратаваў ад жорсткага абыходжання больш за 200 сланоў з турыстычнай і лесанарыхтоўчай прамысловасці. Шмат якія жывёліны маюць праблемы са зрокам або фізічныя траўмы, што ўскладніла іх эвакуацыю падчас паводкі.
Аэрафотаздымак часткова абваленага мосту ўздоўж міжштатавай шашы I-26 пасля ўрагану Гэлен у Эрўіне (Erwin), штат Тэнэсі. У выніку разбурэнняў, выкліканых ураганам, што абрынуўся на паўднёва-ўсходняе ўзбярэжжа ЗША, прынамсі 223 асобы загінулі і сотні лічацца зніклымі без вестак. 4 кастрычніка 2024 года. Фота: Jeff Roberson / AP / East News
Салдаты Нацыянальнай гвардыі ЗША загружаюць у верталёт ежу і ваду для дастаўкі ў пацярпелыя ад урагану Гэлен часткі Солсбэры (Salisbury), штат Паўночная Караліна, ЗША. 2 кастрычніка 2024 года. Фота: Jabin Botsford / The Washington Post / Getty Images / East News
Мужчына праходзіць каля дому з вялізным насценным роспісам у стылі трамплёй («ліёнская фрэска»), які паказвае 30 вядомых асобаў гораду Ліён. Ля выявы святара абата П'ера (Abbé Pierre) з'явіўся надпіс «гвалтаўнік». Ліён, Францыя. 30 верасня 2024 года. Фота: Jeff Pachoud / AFP / East News
Абат П'ер (1912–2007) – вядомы французскі каталіцкі святар і грамадскі дзеяч, заснавальнік руху «Emmaüs», які займаўся дапамогай бедным, бяздомным і сацыяльна неабароненым асобам. Пасля Другой сусветнай вайны абат П'ер стварыў сетку прытулкаў і сацыяльных праектаў для дапамогі тым, хто апынуўся ў складаных жыццёвых абставінах. Дзейнасць святара зрабіла яго адным з самых паважаных людзей у Францыі, асабліва пасля актыўнага ўдзелу ў змаганні з крызісам бяздомнікаў у 1950-х гадах.
Аднак у 2024 годзе сем жанчын публічна абвінавацілі святара ў сексуалізаванным гвалце з канца 1970-х да 2005 года, і гэтыя абвінавачанні прывялі да значнага пераацэньвання ягонай дзейнасці і спадчыны.
Мясцовыя жыхары назіраюць за ратавальнікамі, якія выцягваюць мёртвага кіта з мора каля паселішча Баракоа (Baracoa) у правінцыі Артэміса (Artemisa), Куба. 3 кастрычніка 2024 года. Фота: Yamil Lage / AFP / East News
Спачувальнікі і сваякі загінулых моляцца за ахвяраў пажару ў школьным аўтобусе ў Тайландзе. У выніку трагедыі загінулі як мінімум 20 дзяцей і трое настаўнікаў, 19 асобаў шпіталізаваныя. Мяркуецца, што аўтобус, які перавозіў вучняў падчас экскурсіі, загарэўся пасля выбуху апоны. Гэта прывяло да імклівага распаўсюджвання агню, у выніку чаго дзеці апынуліся ў пастцы. Утхай-Тхані (Uthai Thani), Тайланд. 3 кастрычніка 2024 года. Фота: Lauren DeCicca / Getty Images
Жанчыны, якія чакалі прыбыцця парома ў порце Гома, плачуць пасля трагедыі. У выніку перакульвання парома на возеры Ківу ўсяго за некалькі соцень метраў ад берагу загінулі прынамсі 78 чалавек. На борце было 278 пасажыраў. Са словаў губернатара, судна было перагружанае пасажырамі і таварамі ды затанула, не вытрымаўшы моцнай хвалі. Гома, Дэмакратычная Рэспубліка Конга. 3 кастрычніка 2024 года. Фота: Moses Sawasawa / AP / East News
Чатырохногі робат маршуе падчас 76-га святкавання Дня ўзброеных сілаў у Сонг-Наме (Seongnam), Паўднёвая Карэя. 1 кастрычніка 2024 года. Фота: Kim Hong-Ji / Pool / AFP / East News
Карова пасвіцца на фоне ізраільскай мабільнай артылерыйскай сістэмы, з якой на поўначы Ізраілю запускаюць снарады ў бок Лівану. Армія абароны Ізраілю ў ноч на 1 кастрычніка распачала на поўдні Лівану сухапутную аперацыю супраць ваенізаванай групоўкі «Хізбула». 2 кастрычніка 2024 года. Фота: Baz Ratner / AP / East News
Падчас хвіліны маўчання ў памяць пра ўкраінскіх і замежных байцоў, якія загінулі падчас расейска-ўкраінскай вайны, украінцы спяваюць гімн у Дзень абаронцаў Украіны на Майдане незалежнасці. Кіеў, Украіна. 1 кастрычніка 2024 года. Фота Roman Pilipey / AFP / East News