навіны

Санкцыі, рэестр для таксі і абмежаванні для ІП. Што мяняецца ў Беларусі ў кастрычніку

Пенсіянеры
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Пенсіянеры сядзяць на лаўцы ля Камароўскага рынку ў Менску, Беларусь. Фота: 1prof.byымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: sb.by
podpis źródła zdjęcia

Кастрычнік у Беларусі, як і кожны новы месяц, нясе змены. З аднаго боку ўлады падвысяць працоўныя пенсіі, а з другога — абмяжуюць магчымасці працы ІП, рамеснікаў, самазанятых, таксі і пансіянатаў. Таксама ўвядуць санкцыі супраць «недружалюбных» краінаў, ад чаго заходніх тавараў у Беларусі стане менш.

Узаемныя санкцыі

З 2 кастрычніка набудуць моц новыя санкцыі Еўразвязу ў дачыненні да Беларусі за падтрыманне расейскай вайны ва Украіне. Яны закрываюць шчыліну, што дапамагала абыход аналагічных захадаў супраць РФ у сферы гандлю, транспарту і сферы паслуг. Новыя санкцыі датычацца гандлю, сферы паслуг і транспарту, а таксама барацьбы з абыходам санкцый. У прыватнасці, прадоўжана забарона на экспарт тавараў і тэхналогій двайнога прызначэння і ўведзены дадатковыя абмежаванні на экспарт тавараў, якія садзейнічаюць умацаванню прамысловага патэнцыялу Беларусі, экспарт тавараў і тэхналогій для марскога суднаходства, а таксама прадметаў раскошы. Акрамя таго, забаронены імпарт з Беларусі золата, алмазаў, гелію, вугалю, сырой нафты, прадукцыі сэканд-гэнду. Забараняецца таксама аказанне бухгалтарскіх, аўдытарскіх, кансалтынгавых, архітэктурных і інжынерных паслуг уладам і дзяржустановам Беларусі. Забаронены і паслугі ў сферы IT, юрыспрудэнцыі, рэкламы і сацыялагічных даследаванняў. Адначасова пашырана забарона на перавозку грузаў на аўтамабілях з беларускімі нумарамі.

З 15 кастрычніка пашырыцца пералік тавараў з «недружалюбных краін», забароненых да ўвозу і рэалізацыі ў Беларусі. У яго ўвайшлі поліэтылен высокага ціску, шынная прадукцыя, пліты OSB, фанера, сталярныя, цяслярскія і санітарна-гігіенічныя вырабы, папера і кардон, у тым ліку гафрыраваныя, рыззё, шкловалакно, уключаючы шклавату. Пералік тавараў, забароненых да ўвозу і рэалізацыі ў Беларусі, якія паходзяць з Польшчы, Чэхіі, Літвы, Латвіі і Эстоніі, папоўняць торбы і валізкі, шпалеры, плітка керамічная, санітарна-тэхнічныя вырабы, лядоўні, маразільнікі і іншае халадзільнае або маразільнае абсталяванне, пральныя машыны, падгузнікі і пялёнкі.

Да 31 кастрычніка беларускія транспартныя сродкі неабходна вывезці з Латвіі або зарэгістраваць у ёй для ўдзелу ў дарожным руху. Калі транспартны сродак не будзе перарэгістраваны або вывезены, яго могуць канфіскаваць. Пасля 1 лістапада беларускія транспартныя сродкі змогуць уязджаць у Латвію толькі адзін раз для транзіту, загадзя падаўшы заяўку праз сістэму электронных паслуг Дырэкцыі бяспекі дарожнага руху.

Рост пенсіяў

З 1 кастрычніка запланаваны пераразлік працоўных пенсіяў і іх павышэнне — у сярэднім на 5 %. У выніку сярэдні памер працоўнай пенсіі непрацоўнага пенсіянера ў кастрычніку складзе Br 852.

Абмежаванні для ІП, самазанятых і рамеснікаў

1 кастрычніка набудзе моц пералік відаў дзейнасці для індывідуальных прадпрымальнікаў, паводле якіх яны змогуць ажыццяўляць сваю дзейнасць. Усяго для ІП у пераліку засталося 127 відаў дзейнасці паводле 16 секцыяў АКЭД і дзевяць відаў дзейнасці, што ліцэнзуюцца. Паводле тых відаў, якіх у пераліку няма, ІП павінны або перарэгістравацца ў юрыдычную асобу, або спыніць дзейнасць.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: sb.by
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: sb.by

Пералік відаў дзейнасці для самазанятых з 1 кастрычніка будзе ўключаць 87 пазіцыяў. Тыя, што не трапілі ў спіс, напрыклад, паслугі дзедаў марозаў або тамады на вяселлі, павінны аформіць ІП. Таксама самазанятым трэба будзе вызначыцца з формай падаткаабкладання: плаціць або адзіны падатак, або падатак на прафесійны даход.

Таксама з 1 кастрычніка пачне працаваць пералік відаў рамеснай дзейнасці. У яго ўвайшлі народныя рамёствы. Тыя віды дзейнасці, што не трапілі ў пералік, як то выраб вясельных аксесуараў, свечак, мыла, можна ажыццяўляць у якасці самастойнай прафесійнай дзейнасці. Ажыццяўленне рамеснай дзейнасці будзе магчымым пры выплаце падатку на прафесійны даход або рамеснага збору.

Таксама з 1 кастрычніка запрацуе парадак пераходу правоў ІП на адміністраванне даменнага імя, зарэгістраванага ў нацыянальнай даменнай зоне, да створанай ім юрыдычнай асобы.

Электронны лічбавы подпіс

Сёлета ІП абавязалі падаваць падатковыя дэкларацыі толькі ў электронным выглядзе з дапамогай электроннага лічбавага подпісу. Нейкі час праз чэргі ў рэгістрацыйных цэнтрах падатковая яшчэ прымала папяровыя дэкларацыі, але больш працягваць дэдлайн не будуць — у кастрычніку ўсім давядзецца зрабіць ЭЛП.

Унёскі ў ФСАН для рамеснікаў і самазанятых

З 1 кастрычніка рамеснікаў, якія плацяць рамесны збор, самазанятых на адзіным падатку і ўладальнікаў аграсядзіб абавязалі рабіць узносы ў ФСАН. Плаціць іх трэба за тыя месяцы, у якія чалавек працуе. Памер унёскаў складзе 29 % ад самастойна ўстаноўленага даходу, але пры гэтым ён павінен быць не меншы за мінімальны заробак у краіне (цяпер гэта Br 626). Тым, хто плаціць падатак на прафесійны даход, дадаткова нічога плаціць не трэба. Першыя ўзносы рамеснікам, самазанятым і ўладальнікам сядзіб за чацвёрты квартал 2024 года трэба заплаціць да 1 сакавіка 2025 года. Для тых, хто раней гэтага не рабіў, трэба зарэгістравацца ў сваім аддзяленні ФСАН і пасля 1 кастрычніка стварыць «Асабісты кабінет платніка ўнёскаў» на сайце фонду.

Змены для пансіянатаў і таксі

З 1 кастрычніка ў Беларусі будзе забаронена ажыццяўляць дзейнасць прыватных сацыяльных пансіянатаў без ліцэнзіі. Яе можна было атрымаць ад 1 ліпеня.

Да 31 кастрычніка фізічныя асобы, якія ажыццяўляюць або плануюць ажыццяўляць перавозкі таксі, могуць без спагнання пошліны ўнесці ў дзяржаўны Рэестр аўтамабільных перавозак пасажыраў у нерэгулярных стасунках звесткі пра сябе і свой аўтамабіль. Без уключэння ў Рэестр гэтых звестак, а таксама ў перыяд прыпынення іх знаходжання ў Рэестры дзейнасць таксістаў абвешчаная незаконнай.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: sb.by
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: sb.by

Цыгарэты даражэюць

1 кастрычніка падаражэюць некаторыя маркі цыгарэт. Так, на 30 капеек стануць даражэйшымі ўсе віды Lucky Strike, а таксама Pall Mall Nano Blue, Pall Mall Nano Silver, Pall Mall Nano Fresh, Pall Mall Nano Fusion, Pall Mall Nano Amber і Pall Mall Nano Coral. На 15 — 20 капеек падаражэюць цыгарэты маркі Kent, а таксама Rothmans Blue, Rothmans Click, Pall Mall Demi Blue і Pall Mall Demi Azure. За «Карону» давядзецца выкласці толькі на 5 капеек больш.

Бязвіз у Шры-Ланку і АСАГА з Расеі

З 1 кастрычніка грамадзяне Беларусі, а таксама яшчэ 34 краінаў змогуць паводле бязвізавага рэжыму наведваць Шры-Ланку.

Таксама з 1 кастрычніка на Беларусь распаўсюдзіцца дзеянне расейскага поліса АСАГА (Абавязковае страхаванне грамадзянскай адказнасці ўладальнікаў транспартных сродкаў).

Дапамога на пахаванне зменшыцца

З 1 кастрычніка зменшыцца памер дапамогі на пахаванні. Яе велічыня залежыць ад паказніка сярэдняй зарплаты за пазамінулы месяц, калі лічыць ад даты смерці. Цяпер памер дапамогі на пахаванне складзе Br 2341,2.

Змяненні ў АРІП і «Е-Паслуга»

З 1 кастрычніка мяняюцца ўмовы доступу да асабістага кабінета ў АРІП для фізічных асоб. Замест згоды на апрацоўку персанальных звестак у асабістым кабінеце АРІП, які даецца на пяць гадоў, падставай апрацоўкі стане дамова аб выкарыстанні (аферта), які будзе заключацца з кліентам на тры гады. Заключыць дамову трэба ў электронным выглядзе праз паданне кліентам адзнакі ў адмысловым полі на сайце асабістага кабінета АРІП. Асабістыя кабінеты АРІП кліентаў, якія не пяройдуць на абслугоўванне на аферты, будуць выдалены 1 жніўня 2025 года.

А партал «Е-Паслуга» з 1 кастрычніка спыніць аказанне паслугі 3.32.01 «Наданне інфармацыі паводле дзейных сертыфікатаў дзяржаўнай сістэмы кіравання адкрытымі ключамі праверкі электроннага лічбавага подпісу Рэспублікі Беларусь».

Змяненні ў працы банкаў

З 1 кастрычніка ў Беларусі пачнуць дзейнічаць стандарты фінансавых паслуг і тэхналогіяў ад Нацыянальнага банка. Яны ўводзяць агульныя палажэнні і канцэптуальную схему забеспячэння інфармацыйнай бяспекі банкаў, нябанкаўскіх крэдытна-фінансавых арганізацый і Банка развіцця. Яны ўжываюцца пры пабудове, праверцы і ацэнцы сістэм інфармацыйнай бяспекі і сістэм менеджменту інфармацыйнай бяспекі банка.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: sb.by
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: sb.by

Абмен валют па-новаму

З 26 кастрычніка набудзе моц новая рэдакцыя інструкцыі аб парадку правядзення валютна-абменных аперацыяў. Цяпер касір у банку зможа не мяняць наяўную валюту, «попыт на якую з’яўляецца нязначным і афіцыйны курс беларускага рубля адносна якой устанаўліваецца Нацбанкам штомесяц». У абменніках будзе забаронена ўказваць розную інфармацыю аб курсах у розных месцах. Таксама, калі праз тэхнічны збой кліент не ўбачыў курс валюты, можна запатрабаваць адмену аперацыі.

Даражэйшыя паслугі «Беларусбанку»

«Беларусбанк» з 1 кастрычніка будзе спаганяць больш высокія ўзнагароды за шэраг аперацый. Напрыклад, за змену ПІН-кода ў банкаматах і інфакіёсках «Беларусбанка» з карты кліента спішуць 4 руб. За атрыманне выпіскі аб аперацыях, у тым ліку і ў інтэрнэт-банкінгу, давядзецца аддаць 60 кап. Вырасце памер камісіі за прагляд балансу ў банкаматах або інфакіёсках. Адна аперацыя з атрыманнем звестак пра сродкі на рахунку ў прыладах «Белаграпрамбанку» складзе 60 кап., банкаў-рэзідэнтаў — 2 руб. 50 кап., нерэзідэнтаў — 3 руб.

Рэестр і падтрымка МСП

З 1 кастрычніка запрацуе пастанова Савета Міністраў ад 28 чэрвеня № 456 аб парадку фармавання і вядзення рэестру суб’ектаў малога і сярэдняга прадпрымальніцтва, а таксама надання зацікаўленым звестак з яго. У рэестр уключаюцца звесткі аб камерцыйных арганізацыях і фізічных асобах, якія ажыццяўляюць індывідуальную прадпрымальніцкую дзейнасць, адпавядаюць крытэрыям аднясення да суб’ектаў малога і сярэдняга прадпрымальніцтва.

Таксама з 1 кастрычніка набудзе моц пастанова Савета Міністраў № 459 «Аб мерах дзяржаўнай падтрымкі малога і сярэдняга прадпрымальніцтва». У ёй сфармуляваны парадак і ўмовы надання дзяржаўнай фінансавай падтрымкі суб’ектам малога і сярэдняга прадпрымальніцтва, суб’ектам інфраструктуры падтрымкі малога і сярэдняга прадпрымальніцтва.

Вучаць у школе і сувораўскай вучыльні

У беларускіх школах восеньскія канікулы пачнуцца з 29 кастрычніка. Яны працягнуцца дзесяць дзён. А ў Менскай сувораўскай вайсковай вучыльні з 1 кастрычніка ўвядуць цэнтр дадатковай адукацыі. Ён уключае ў сябе навучанне кіраванню беспілотнікамі, тактычнай стральбе і медыцыне.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: sb.by
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: sb.by

Больш рэйсаў «Белавіі»

«Белавія» з 27 кастрычніка павялічыць колькасць рэйсаў з абласных аэрапортаў у Маскву. Рэйсы з Берасця ў Шарамецьева будуць выконвацца чатыры разы на тыдзень, з Гомля ў сталіцу РФ самалёты будуць лятаць штодня. Таксама авіякампанія павялічвае колькасць рэйсаў у Дубай і Баку, яны будуць лятаць штодзень.

Рамонт на БЧ

Беларуская чыгунка інфармуе аб змяненні ў сувязі з рамонтам графіку руху цягнікоў на ўчастку Баранавічы — Ваўкавыск 7, 10, 14, 17, 21-24, 28-31 кастрычніка.

Макар Мыш belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10