26 верасня намеснік прэм’ер-міністра — міністр нацыянальнай абароны Польшчы Уладыслаў Касіняк-Камыш узяў удзел у брыфінгу з вайскоўцамі, якія ўдзельнічаюць у аперацыі «Бяспечнае Падляшша» з прычыны міграцыйнага крызісу на мяжы з Беларуссю.
«Сітуацыя сур’ёзная, і ціск на мяжы ў апошнія тыдні і дні ўзмацняецца. Пасля ліпеня, што быў спакойным месяцам, і жніўня, калі колькасць пераходаў была не такая вялікая, верасень прыносіць павелічэнне колькасці пераходаў. З пачатку верасня да сённяшняга дня было здзейснена каля 2,5 тысячы спробаў мінання мяжы. За 2024 год мы зрабіліся сведкамі ўжо 26 тысяч спробаў нелегальнага перасячэння польска-беларускай мяжы. Гэта столькі ж, колькі за ўвесь 2023 год, а да канца гэтага года засталося яшчэ больш як тры месяцы. Гэта паказвае, што гэты год значна больш складаны, ціск на мяжы і агрэсіўнасць груповак, якія спецыялізуюцца на нападах на жаўнераў і афіцэраў, вышэйшы, чым калі-небудзь», — сказаў віцэ-прэм’ер.
Аперацыя пад кодаваю назваю «Бяспечнае Падляшша» пачалася 1 жніўня. У ёй бяруць удзел да 17 000 вайскоўцаў, якія дапамагаюць Памежнай ахове і паліцыі супрацьстаяць спробам нелегальнага пранікнення на тэрыторыю Польшчы. Аперацыя замяніла папярэднія, што ладзіліся ў рэгіёне.
Беларускі сацыёлаг Генадзь Коршунаў таксама прыкмеціў: у той час, калі ўсе кажуць, што на мяжы Беларусі з заходнімі краінамі назіраецца зацішша ў наплыве мігрантаў, там насамрэч адбываецца рост спробаў нелегальнага пераходу.
«Дзіўнае робіцца на межах. Усе кажуць, што там цішэе, а лічбы сведчаць, што пакрысе напруга ўсё ж расце... Вось, напрыклад, на мінулым тыдні маем рэкорд па колькасці атакаў на беларуска-польскую мяжу — максімум за апошнія 13 тыдняў (больш за 800 спробаў). Ну і агульная колькасць спробаў нелегальна перакрочыць мяжу таксама максімальная для таго ж тэрміну — амаль 1000», — напісаў сацыёлаг.
Якуб Хруст belsat.eu