навіны

«Інвестыцыі – добра, толькі не з адной краіны». У чым небяспека засілля расейскіх грошай у Беларусі?

img
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Pixabay
podpis źródła zdjęcia

Паводле Нацбанку, Расея застаецца нашым найбуйнейшым інвестарам. Гэта яшчэ больш узмацняе і без таго магутную залежнасць ад галоўнага партнёра цяперашніх уладаў.

Рэгулятар абнавіў статыстыку наўпроставых замежных інвестыцыяў у Беларусь. З гэтых дадзеных вынікае, што галоўны «спонсар» нашай краіны – Расея, на яе выпадае $ 4,5 млрд з агульнай сумы ў $ 15,6 млрд. Яшчэ $ 3,2 млрд – кіпрскія інвестыцыі, $ 903 млн – аўстрыйскія, $ 864 млн – з Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў. 


Гэта лічбы на 1 студзеня сёлета. За год расейскіх інвестыцыяў паболела на 35 %, кіпрскіх – на 12 %, аўстрыйскія і арабскія выраслі амаль утрая. Пры гэтым істотна скараціліся ўкладанні Нідэрландаў і Ірану, пакрысе падаюць нямецкія, амерыканскія, брытанскія, літоўскія і латышскія інвестыцыі.



Экспертка даследчага цэнтру BEROC Настасся Лузгіна растлумачыла карэспандэнту «Белсату», што гэтыя звесткі Нацбанку ўлічваюць замежныя інвестыцыі, зробленыя за шмат гадоў. У статыстыку залучаюць абсалютна ўсе ўкладанні, у тым ліку, напрыклад, крэдыты, калі замежны інвестар пазычае сваёй кампаніі ў Беларусі. Гэтыя грошы давядзецца вярнуць, аднак цяпер яны ў статыстыцы і даюць нагоду для гонару:


«Наўпроставыя замежныя інвестыцыі – гэта ўсё, што паступае ад інвестара ў арганізацыю, у якую ён інвестуе. Гэта могуць быць не толькі бязвыплатныя інвестыцыі, гэта могуць быць пазыкі, крэдыты. Або, напрыклад, ён паставіў абсталяванне, за якое беларуская арганізацыя мусіць расплаціцца. Яна яшчэ не заплаціла, аднак гэта таксама паказваецца ў наўпроставых замежных інвестыцыях».


Калі Нацбанк справаздачыцца пра, так бы мовіць, назапашаны эфект, то Белстат падлічвае, колькі новых інвестыцыяў атрымлівае нашая краіна. І калі на 1 студзеня 2024 года гэтых наўпроставых замежных інвестыцыяў рэгулятар налічыў $ 15,6 млрд, то, паводле статыстычнага ведамства, за ўвесь мінулы год Беларусь прыцягнула толькі $ 1,6 млрд замежных інвестыцыяў на чыстай аснове. І гэта больш паказальная лічба, бо яна акурат не ўлічвае запазычанасць перад інвестарам за тавары, работы і паслугі.

Belsat
За вывад бізнесу з Беларусі могуць узяць да 100 % маёмасці. Кныровіч пра новую пастанову навіны

Агулам жа летась рэальны сектар беларускай эканомікі атрымаў $ 7,7 млрд замежных інвестыцыяў, у тым ліку з Расеі – $ 5,1 млрд. Куды ідуць гэтыя грошы, сказаць цяжка, канстатавала Лузгіна:


«Гэта могуць быць уліванні ў „дочкі” расейскіх банкаў, нейкія праекты ў рэальным сектары. Мы маем шэраг кампаніяў з расейскім капіталам, тыя ж гандлёвыя сеткі: яны пачалі пашырацца, купілі, дапусцім, некалькі будынкаў, памяшканняў, дзе адкрыюць крамы, – вось, калі ласка, гэта таксама наўпроставыя інвестыцыі».


Экспансія аднаго інвестара заўсёды небяспечна, а ў нашым выпадку – асабліва, падкрэсліла экспертка:

,,

«Гэта стварае эканамічную залежнасць ад сітуацыі ў расейскай эканоміцы, як мы ўжо сто разоў казалі. Калі ў расейскай эканоміцы сітуацыя пачне пагаршацца, інвестары могуць вывесці грошы і згарнуць бізнес. Залежнасць ад Расеі ўзмацняецца».


Акрамя таго, калі паглядзець на асобныя галіны, грошы галоўнага «спонсара» могуць забіваць беларускі бізнес:


«Гэта можна ствараць няроўную канкурэнцыю з мясцовымі гульцамі. Калі мясцовыя гульцы невялікія, яны не маюць магчымасці трымаць нізкія цэны, і прыходзяць буйныя замежныя сеткі, тыя ж гандлёвыя сеткі, усталёўваюць мінімальныя надбаўкі, бо могуць сабе гэта дазволіць. Вось гэта можа прывесці да штучнага выцяснення мясцовых гульцоў, у нашым прыкладзе – раздробнага гандлю. Такая рызыка існуе».


Агулам замежныя грошы – гэта тое, у чым зацікаўленая кожная краіна. 

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Pexels
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Pexels

«Прыцягненне замежных інвестыцыяў – пазітыўны момант, гэта паляпшае імідж краіны: маўляў, калі інвестары прыходзяць, значыцца, не ўсё так і блага. Але ж варта разумець, якія ў нас інвестары», – разважае суразмоўніца «Белсату».


Адзін з такіх прыкладаў – інвестар з Нямеччыны, дэпутат ад ультраправай папулісцкай партыі «Альтэрнатыва для Нямеччыны» Ёрг Дорнаў. Палітык утаіў бізнес у Беларусі, за гэта ў жніўні яго аштрафавалі на радзіме на € 21 тысячу. Як высветлілася, немцу належыць палова ТАА «Цыбулька-Бел» у Лідскім раёне. Сёння выданне «Reform» напісала, што да працы на гэтым прадпрыемстве прыцягвалі палітвязняў, і дэпутат ведаў пра гэта.

Ёрг Дорнаў і Юрый Куніцкі. Фота: «Лідская газета»
На прадпрыемстве нямецкага бізнесмена і дэпутата пад Лідай працавалі палітвязні навіны

Яшчэ адзін значны для Беларусі інвестар – Кіпр. «Аднак тут найперш афшоры і кампаніі з беларускімі каранямі, якія, груба кажучы, ганяюць грошы туды-сюды», – сказала Лузгіна.


Рэзкі рост інвестыцыяў з Аўстрыі растлумачыць цяжка, імаверна, гэта звязана з укладаннямі ў тэлекамунікацыйную кампанію «А1». Пры гэтым заўважны штогадовы рост грашовай плыні з ААЭ, часта гэта інвестыцыі ў будаўніцтва.


«Час ад часу пішуць, што забудоўнік з Эміратаў прыходзіць і пачынае нешта будаваць. Не заўсёды ён цалкам рэалізуе праект, але тым не менш», – тлумачыць эканамістка.


У наступнай статыстыцы Нацбанку ў звязку з продажам «Прыёрбанку» аб'ём інвестыцыяў Аўстрыі і ААЭ прапарцыянальна зменяцца.

Заходнія інвестары збольшага скарачаюць інвестыцыі. Тэмпы не шалёныя, але, нават калі моцна захочацца, не разгонішся: цяперашнія ўлады істотна абмежавалі свабоду дзеянняў бізнесу з «несяброўскіх» краінаў. Нельга выключаць, што, калі б не «контрсанкцыі», інвестары разбегліся б хутчэй:
,,

«Існыя захады супраць вываду замежнага капіталу абмяжоўваюць сцісканне наўпроставых замежных інвестыцыяў».


Як падсумавала эканамістка даследчага цэнтру BEROC, еўрапейскі бізнес, падобна, не бачыць перспектываў у нашай краіне, і аб'ёмы існых інвестыцыйных праектаў пакрысе скарачаюцца.


Сцяпан Кубік belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10