Надоечы аўстрыйскі RBI абвесціў аб продажы сваёй долі ў «Прыёрбанку» кампаніі з ААЭ. Эканамістка Настасся Лузгіна папярэдзіла пра імаверныя наступствы гэтай угоды.
«Прыёрбанк» быў апошнім у Беларусі банкам з заходнееўрапейскім капіталам. 20 верасня аўстрыйскі «Raiffeisen Bank International» паведаміў аб продажы сваёй долі, і 87,74 % акцыяў «Прыёрбанку» атрымае зарэгістраваная ў Аб’яднаных Арабскіх Эміратах кампанія «SOVEN 1 Holding Limited».
Сума ўгоды, якую плануюць закрыць да канца года, не раскрываецца, але RBI падкрэслівае, што зазнае страты:
«Чакаецца, што пасля закрыцця ўгоды яе негатыўны ўплыў на кансалідаваны чысты прыбытак складзе каля € 300 млн, што будзе абумоўлена розніцаю паміж цаною пакупкі і балансавым коштам капіталу “Прыёрбанку”».
Яшчэ € 500 млн аўстрыйцы страцяць з увагі на «рэкласіфікацыю гістарычных стратаў праз курсавыя розніцы».

RBI вёў перамовы аб продажы беларускай «дачкі» з лютага сёлета, і дасюль пра новага гаспадара «Прыёрбанку» нічога не вядома. Раней у аўстрыйскай кампаніі запэўнівалі «Белсат», што спраўдзілі бенефіцыяра кампаніі з ААЭ, але больш нічога не сказалі:
«Мы, натуральна, спраўдзілі, хто ёсць канчатковым бенефіцыярным уласнікам холдынгу, аднак з увагі на канфідэнцыйнасць мы не можам раскрываць больш падрабязнай інфармацыі».
Асцярогі выклікае акурат тое, што «Прыёрбанк» купіў нехта невядомы, адзначыла ў каментары «Белсату» эканамістка даследчага цэнтру BEROC Настасся Лузгіна:
«Тое, што продаж ідзе ад добра вядомага еўрапейскага банку, які нармальна функцыянуе, арабскаму інвестару, псуе імідж беларускага банку. Банкаўская сфера заўсёды вельмі прынцыпова ставіцца да рызыкаў, і калі рызыкі павялічваюцца, то могуць з’явіцца пэўныя абмежаванні».
Змена ўласніка перастала абараняць «Прыёрбанк» ад заходніх санкцыяў, але, нават калі іх і не будзе, кліенты ўсё адно могуць сутыкнуцца з праблемамі:
,,«За мяжою карткамі беларускіх банкаў часам нельга расплаціцца, аднак з “Прыёрам” заўсёды менш за ўсё праблемаў было. Вось маем пытанне, як цяпер гэта будзе. Адна справа, калі гэта картка няхай і беларускага банку, але “дачкі” “Raiffeisen”, і іншая справа, калі капітал арабскі. Могуць з’явіцца пэўныя ліміты індывідуальна еўрапейскіх банкаў».
Збольшага Лузгіна не чакае глабальнага ўзрушэння: «Прыёрбанк», як і іншыя беларускія банкі, застанецца пад жорсткім кантролем Нацбанку. Пры гэтым выключаць пераменаў нельга:
«Гэта датычыць, напрыклад, умоваў абслугоўвання, ставак, камісіяў. Новы гаспадар, пэўна, будзе пераглядаць прыярытэты, на каго ён больш арыентаваны – на фізічных асобаў ці юрыдычных, калі на бізнес, то на які».
Што можна сцвярджаць без сумневаў, дык гэта тое, што «Прыёрбанк» не зробіцца цэнтрам махлярскіх аперацыяў. Хто б ні быў інвестарам, беларускі Нацбанк гэтага не дапусціць, упэўненая эканамістка.
«Банк будзе працягваць працаваць у адпаведнасці з беларускімі нормамі, якія грунтуюцца на міжнародных патрабаваннях. Нельга ўявіць, што “Прыёр” зоймецца нейкімі фінансавымі махінацыямі», – падкрэсліла Лузгіна.
Яна с жалем канстатавала, што ў Беларусі не засталося банкаў з еўрапейскім капіталам:
«Усё-ткі ЕЗ – наш сусед, і лагічна развіваць сувязі з суседам, у тым ліку ў банкаўскай сферы, каб еўрапейскі капітал прыглядаўся да Беларусі, аднак зразумела, што ў цяперашніх умовах гэта немагчыма».
Сам «Прыёрбанк» паспяшаўся супакоіць кліентаў. У адмысловай заяве фінансавая ўстанова запэўніла, што «змена ўласніка дазволіць толькі ўмацаваць нашыя пазіцыі на рынку» і аніяк не паўплывае «на дзейнасць банку і ўзаемадзеянне з кліентамі і акцыянерамі».
Сцяпан Кубік belsat.eu