Выезду ў Польшчу чакаюць 100 легкавікоў, у Літву – 10, на шляху ў Латвію чэргаў няма.
Паводле звестак Дзяржаўнага памежнага камітэту Беларусі на поўдзень, перад «Варшаўскім мостам» стаяць 100 аўтамабіляў. У прымежных Telegram-чатах сведчаць, што час чакання – каля 10–12 гадзінаў.
«Палякі ўедліва глядзяць, багата накіроўваюць на дадатковы агляд з рэнтгенам», – пішуць сведкі.
Аўтобусаў у чарзе цяпер 4. Раніцою мяжу мінулі падарожнікі, што прыехалі да пункту пропуску ўвечары суботы.
У Тэрэспалі ў бок Беларусі чаргі няма. Як сведчаць падарожнікі, на ўсё пра ўсё патрабуецца 1–2 гадзіны.
У «Каменным Лозе», паводле памежнага камітэту, 10 аўтаў. На пераход мяжы патрабуецца каля 2 гадзінаў. Шлях дадому – свабодны, як пішуць у чатах, літоўскіх і беларускіх мытнікаў ды памежнікаў праходзяць крыху больш за гадзіну.
У «Беняконях» пуста, і легкавікі, і аўтобусы мінаюць мяжу амаль без затрымак.
«Усе заплечнікі і сумкі адкрывалі, але глядзелі паверхнева», – расказваюць пасажыры аўтобусаў.
«Літва – 3 хвіліны, беларусы – 1 гадзіна 30 хвілінаў (чырвоны канал, дагляд, рэнтген). Цуды!» – піша падарожнік, які ехаў аўтамабілем.
У бок Беларусі з Літвы чэргаў таксама няма.
Такая ж гісторыя – на мяжы з Латвіяй. Што ў адзін, што ў другі бок патрабуецца не больш за 2 гадзіны.
У пік сезону летніх адпачынкаў час чакання ў пунктах пропуску перавышаў содні. Падарожнікі стала скардзіліся на гандляроў месцамі і «ўлезуноў». Цяпер жа ў чатах зацішша. Зніклі чэргі – зніклі і тыя, хто на іх зарабляў.
Сцяпан Кубік belsat.eu