навіны

Прэм’еры Індыі і Кітаю амаль сінхронна наведаюць Украіну і Расею

Сцягі Індыі і Кітаю. Фота: siasat.com
Сцягі Індыі і Кітаю. Фота: siasat.com
podpis źródła zdjęcia

Прэм’ер-міністры дзвюх найбольш населеных краінаў свету плануюць на гэтым тыдні наведаць сталіцы варагуючых Украіны і Расеі. Лідар «найбуйнейшай дэмакратыі ў свеце» мае прыехаць у Кіеў, найбуйнейшай недэмакратыі – у Маскву.

Як паведамляе ТАСС, прэм’ер Дзяржсавету КНР Лі Цян наведае з візітам Расею 20-22 верасня. Ён прыязджае на запрашэнне прэм’ер-міністра РФ Міхаіла Мішусціна на 29-ю рэгулярную сустрэчу кіраўнікоў урадаў дзвюх краінаў. Паведамляецца, што «бакі плануюць абмеркаваць актуальныя пытанні развіцця расейска-кітайскіх стасункаў з акцэнтам на развіццё практычнай кааперацыі, гуманітарных і міжрэгіянальных абменаў».

Лі Цян таксама будзе прыняты кіраўніком Расеі Уладзімірам Пуціным. Папярэдняя іхная сустрэча прайшла ў Пекіне ў траўні падчас дзяржаўнага візіту кіраўніка РФ у КНР.

У сваю чаргу Reuters піша, што прэм’ер-міністр Індыі Нарэндра Модзі наведае Украіну. Гэта першая ягоная паездка ў разбураную вайной краіну пасля пачатку поўнамаштабнага канфлікту з Расеяй і прыкладна праз месяц пасля яго сустрэчы з Пуціным у Маскве. Падрабязнасці паездкі стануць вядомыя ў той жа дзень, адзначылі ў МЗС. 

Індыйскае выданне The Economic Times адзначае, што візіт можа адбыцца з 21 да 23 верасня. Таксама Модзі наведае Польшчу.

Нягледзячы на заходнія санкцыі супраць Расеі за вайну ва Украіне, як Індыя, гэтак і Кітай працягвалі гандляваць з ёю. Індыя ўстрымалася ад наўпроставага абвінавачвання Расеі, адначасова заклікаючы суседзяў развязаць канфлікт шляхам дыялогу і дыпламатыі. Кітай жа часам увогуле вінавацяць у спрыянні расейскай агрэсіі.

ЗША выказалі заклапочанасць стасункамі Індыі з Расеяй, асабліва ў той час, калі Вашынгтон імкнецца ўмацаваць сувязі з Нью-Дэлі ў якасці патэнцыйнай процівагі Пекіну. Індыя ж імкнецца паглыбіць стасункі з Захадам, але захоўваючы сувязі з Расеяй.

Фармальна ані Індыя, якая лічыцца найбуйнейшай дэмакратыяй у свеце, ані Кітай, які часам адносіцца да «восі зла», не занялі боку ў расейска-ўкраінскай вайне. Больш за тое, яны разам з Расеяй уваходзяць у шэраг аб’яднанняў «глабальнага Поўдня», як то БРІКС або Шанхайская арганізацыя супрацы. Тым не менш, на мяжы паміж Індыяй і Кітаем захоўваецца напружанасць у сувязі з узаемнымі тэрытарыяльнымі прэтэнзіямі. У 2020 годзе гэта вылілася ва ўзброены памежны канфлікт з чалавечымі ахвярамі. 

Якуб Хруст, «Белсат»

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10