Прайшло ўжо чатыры гады са смерці Генадзя Шутава, якога забілі лукашэнаўскія вайскоўцы.
Вечар 11 жніўня 2020 года. Берасце. Пратэсты цяпер ідуць не толькі ў цэнтры гораду, на трэці дзень яны масава перамясціліся ў мікрараён Усход. Я іду каля дома, дзе пра гадзіну заб’юць Генадзя Шутава, калі чую: «Ратуйцеся ўсе, АМАП бяжыць!» Удаецца ратавацца, а пазіцыі каля гэтага дома займаюць лукашэнаўскія сілавікі, якія не толькі заб’юць безабароннага чалавека, але і не панясуць за гэта ніякай адказнасці.
Калі 21-й гадзіны пачынаецца так званая зачыстка – сілавікі бегаюць па дварах, хапаюць і збіваюць людзей, кідаюць іх у зялёныя гарадскія аўтобусы. Прыкладна а 00:00 на вуліцы усталёўваецца мёртвая цішыня.
Шутаў са сваім сябрам Аляксандрам Кардзюковым у зоне пратэсту аказаліся выпадкова. У гэты час у звычайным гарадскім тралейбусе едуць забойцы Шутава – Арсеній Галіцын і Раман Гаўрылаў, байцы вайсковай часткі па спецаперацыях, што базуецца ў Мар’янай Горцы. У звычайным пасавай сумачцы яны вязуць баявы пісталет. Яны не мясцовыя, таму некалькі разоў губляюцца, але ў выніку аказваюцца на рагу вуліц Маскоўская і Партызанскі праспект. Тут здараецца канфлікт паміж вайскоўцамі, якія не маюць досведу, які дзейнічаць у такіх сітуацыях, і Шутавым. Гучыць два стрэлы, адна куля трапляе ў галаву Шутава, іншая ляціць у шкло адной з кватэр. У выніку Шутава вязуць на хуткай у абласную лякарню, а Кардзюкову ўдалося збегчы, але яго даволі хутка затрымліваюць.
Інфармацыя пра здарэнне хаваецца, але ўжо з раніцы наша белсатаўская каманда даведваецца першыя дэталі гэтай гісторыі. Людзі расказвалі, як дзейнічалі сілавікі, чулі стрэлы, бачылі кроў, і як чалавека ўвозіла хуткая. Даведаемся, што ўсе здымкі з камер відэаназірання забралі сілавікі. А на адным з акон мы бачым наступствы стрэлу.
13 жніўня сілавікі знікаюць з берасцейскіх вуліц, а наша берасцейская каманда «Белсату» запісвае на камеру інтэрв’ю са сведкамі забойства Шутава, а пазней і яго сваякамі. Генадзь Шутаў не прыходзіць у прытомнасць і памірае ў менскім вайсковым шпіталі 19 жніўня. На месцы забойства з’яўляецца стыхійны мемарыял, а людзі нясуць кветкі і знічы, некалькі разоў яго разбураюць, але людзі ўзнаўляюць яго зноў. Пакуль восенню 2020 года ён не знікае канчаткова.
На пахаванне, што праходзіць пад Жабінкай, прыязджае вельмі шмат людзей, а за працэсам пільна назіраюць сілавікі.
У лютым 2021 года пачаўся суд, кінулася ў вочы, што на яго пускалі журналістаў, а забойца Гаўрылаў і ягоны паддзельнік Галіцын паводзілі сябе даволі нахабна і ўпэўнена. У выніку Кардзюкову прысудзілі 10 гадоў калоніі, а Шутава пасмяротна прызналі вінаватым у гвалце і супраціве.
Пасля гэтага суду сваякі Шутава спынілі ўсялякія кантакты з журналістамі, а даволі хутка ўсе незалежныя медыі былі вымушаны пакінуць Беларусь і за каментары людзям даюць рэальныя тэрміны. Пасля гэтага «суду» стала зразумела, што цяпер можна не толькі беспакарана забіваць людзей, але і судзіць мёртвых, а забойцаў рабіць ахвярамі. Пазней яны прыйдуць да завочных судоў і да іншых рэчаў, які раней нават не магчыма было ўявіць. Забойства сваіх грамадзянаў рэжым паставіў на паток.
Алесь Ляўчук
Рэдакцыя можа не падзяляць меркаванне аўтара.