Расейскі ваенкар паведамляе пра знішчэнне яшчэ аднаго мосту ў Курскай вобласці Расеі. У выніку гэтага войскі РФ на гэтым участку могуць трапіць у атачэнне.
Уночы 19 жніўня расейскі ваенкар «Romanov Лайт» паведаміў пра знішчэнне Збройнымі сіламі Украіны трэцяга мосту праз раку Сейм. Пры гэтым ён не ўдакладняе, пра які мост вядзецца гаворка.
16 жніўня ў Глушкоўскім раёне Курскай вобласці Расеі ЗСУ знішчылі пралёт мосту праз раку Сейм у Глушкаве. Неўзабаве быў пашкоджаны і другі мост праз гэтую раку, у вёсцы Званнае. Хоць сама яна працягвае стаяць, для праезду тэхніку пераправа стала непрыдатнай.
Пры гэтым у Глушкоўскім раёне заставіліся расейскія войскі, заціснутыя паміж украінскай мяжой з захаду, войскамі ЗСУ ў Курскай вобласці з усходу і Сеймам з Поўначы. Адзінай іх сувяззю з рэштай Расеі заставаўся мост праз раку ў вёсцы Карыж, праз які маглі пастаўляцца вайсковыя грузы.
«Калі пацвердзіцца знішчэнне трэцяй пераправы, то падраздзяленні УС РФ, якія знаходзяцца на поўдзень, апынуцца ў „катле“, а арыентыровачная плошча атачэння складзе амаль 700 кв. км», – адзначае тэлеграм-канал дарадцы міністра ўнутраных справаў Украіны Антона Герашчанкі.
Тым часам Міністэрства абароны Расеі паведамляе пра новыя атакі беспілотнікаў з Украіны на памежныя рэгіёны РФ. Паводле яго, уночы 19 жніўня былі знішчаныя чатыры ўкраінскія дроны над Курскай і Белгародскай вобласцямі.
Куды яшчэ маглі напасці ЗСУ?
Украіна вядзе баявая дзеянні на тэрыторыі Курскай вобласці РФ з 6 жніўня. За гэты час украінскія сілы здолелі захапіць тэрыторыю параўнальную з тым, што войскі РФ захапілі ва Украіне ад пачатку году, ці нават большую за яе. Для спынення наступу ЗСУ, Мінабароны Расеі вымушанае перакідваць падраздзяленні з розных рэгіёнаў РФ, а таксама з участкаў фронту ва Украіне. Тым не менш, гэта пакуль не паўплывала на прасоўванне расейскіх сілаў там.
Як піша The Economist, Украіна разглядала некалькі магчымых сцэнароў нападу на памежныя рэгіёны РФ. У прыватнасці: удар у Бранскай вобласці, удар у Курскай вобласці, камбінаваны ўдар у двух рэгіёнах адразу, ці яшчэ большы маштаб.
Выданне адзначае, што Галоўнкамандуючы ЗСУ Аляксандр Сырскі трымаў свае планы ў таямніцы, расказваючы іх толькі вузкай групе генералаў і супрацоўнікаў службаў бяспекі. Пры гэтым з прэзідэнтам Уладзімірам Зяленскім ён гаварыў сам-насам, без свайго штаба. Таксама большасць інфармацыі вайсковая разведка даведвалася самастойна, а не даручала гэта ГУР. Паводле выдання, не ведалі пра планы Украіны і заходнія саюзнікі. Усё гэта дазволіла ўкраінскім войскам пачаць атаку да таго, як супернік зразумеў, што адбываецца.
Сырскі збіў суперніка з панталыку, схаваўшы прыбыццё самых дасведчаных дывізій. Падмацаванне было перакінутае ў лясы ля мяжы Курскай вобласці пад выглядам абароны ад патэнцыйнага расейскага нападу на Сумы, інфармацыя пра які распаўсюджвалася ў медыях.
«Ратацыя адбылася прыкладна за паўтары тыдні да пачатку Курскай аперацыі. Расейцы працягвалі верыць, што мы проста абараняем мяжу», – паведаміў адзін з суразмоўцаў The Economist.
Украінскія вайсоўцы пачалі падазраваць, што адбываецца нешта сур’ёзнае, у пачатку жніўня, калі ім раптоўна выдалі рыштунак — новыя каскі з убудаванымі навушнікамі і новыя штурмавыя вінтоўкі. Пры гэтым раней яны праводзілі вучэнні на макетах, якія, як пазней зразумелі, былі расейскімі сёламі.
Чытайце таксама: Ці зможа Пуцін абараніць Лукашэнку? >>
Якуб Хруст, «Белсат»