Аляксандр Лукашэнка казаў, што ў выпадку ваеннай агрэсіі супраць Беларусі Расея ўвядзе войскі і будзе бараніць Беларусь «як сваю тэрыторыю». А з абаронай сваёй тэрыторыі ў Расеі апошнім часам праблемы.
Аляксандр Лукашэнка: «Расея, паводле нашай дамовы, уводзіць свае падраздзяленні – яны вызначаныя, якія войскі, – у Беларусь. Мы прымаем першы ўдар, а далей у рэзерве нас падстрахоўвае Расея». (15.08.2024, інтэрв’ю тэлеканалу «Россия»)
Аляксандр Лукашэнка: «Калі трэба, Расея паводле дамовы будзе абараняць Беларусь, як сваю тэрыторыю. У нас такая дамова». (21.07.2022, інтэрв’ю «Agence France-Presse»)
Расея слаба бароніць нават сябе
Ад 6 жніўня 2024 года на тэрыторыі Расеі ідзе поўнамаштабная вайна: Украіна атакавала Курскую вобласць, захапіла Суджу. Расея рэагуе павольна, са Збройнымі сіламі Украіны змагаюцца пераважна жаўнеры тэрміновай службы і нерэгулярныя падраздзяленні, якія нярэдка здаюцца без бою. Калі ў Курскую вобласць пачалі перакідваць войскі, іх стала бракаваць на Данбасе.

Наўрад ці Уладзімір Пуцін мае лішнія войскі яшчэ і для Беларусі. Каб дапамагчы ў выпадку гіпатэтычнага нападу на Беларусь, давядзецца здымаць шмат войскаў з франтоў ва Украіне, а мо і абвяшчаць новую хвалю мабілізацыі, што нясе палітычныя рызыкі для самога Пуціна.
Расея кепска баранілася нават ад малых дыверсійных групаў
Украіна не першы раз контратакуе на расейскай тэрыторыі. У 2023 і 2024 гадах праўкраінскія атрады з грамадзянаў Расеі (Расейскі добраахвотніцкі корпус, легіён «Свабода Расеі» і Сібірскі батальён) пры дапамозе беларускіх добраахвотнікаў ладзілі рэйды ў Белгарадскую, Курскую і Бранскую вобласці.

Дыверсанты не захапілі тэрыторыяў, але і не мелі такой мэты: «зайшлі – выйшлі». Расея павольна рэагавала на дыверсантаў. Яны не былі цалкам знішчаныя – хоць і неслі страты, але нават вярталіся ва Украіну з палоннымі.
У тых рэйдах удзельнічалі дзясяткі чалавек амаль без цяжкай тэхнікі. Здольнасць Узброеных сілаў Расеі адэкватна рэагаваць нават на такія рэйды выклікае сумневы. А атака на Курскую вобласць поўнамаштабная: яна ладзіцца з удзелам тысяч чалавек і з большай колькасцю тэхнікі. Але ўсё ж не дзясяткаў і не соцень тысяч жаўнераў.
Пуцін яшчэ не ратаваў Лукашэнку напоўніцу
У жніўні 2020 года адным з фактараў, які прадухіліў раскол элітаў у Беларусі, было агучанае Лукашэнкам абяцанне Пуціна, што «на першы запыт» у Беларусь будуць уведзеныя сілы для здушэння пратэстаў.

Пазней Пуцін заявіў, што быў сфармаваны «рэзерв расейскіх сілаў», які чакаў каманды. Але далей за заявы аб расейскіх сілах, якія чакаюць на мяжы з Беларуссю, не пайшло.
Ні да таго, ні пазней расейскія войскі не дапамагалі Лукашэнку на тэрыторыі Беларусі – калі не лічыць баевікоў «групы Вагнэра», частка якіх у выгнанні пасля праваленага мяцяжу трэнуе сілавікоў Лукашэнкі.
Расея не бароніць саюзнікаў, Расея нападае
Найбліжэйшае да «абароны саюзніка» з боку Расеі было падчас пратэстаў у Казахстане ў студзені 2022 года: сілы АДКБ выправілі бараніць інфраструктурныя аб’екты ад няўзброеных пратэстоўцаў і слаба ўзброеных бандаў.
Але калі ў межах таго ж АДКБ у 2022 годзе Арменія прасіла абароны ад Азербайджану, а таксама калі ў тым жа годзе ваявалі Кыргызстан і Таджыкістан (абедзве краіны ў АДКБ), Расея не дапамагла. Хіба «абаронай саюзніка» можна з нацяжкай назваць расейскі напад на Грузію ў 2008 годзе – фармальна ж, то была абарона самаабвешчаных сепаратысцкіх рэспублік.

Наўрад ці Лукашэнка захоча такой «абароны», якую Расея дала Арменіі. А тым больш той «абароны», якую дала ўкраінскім Марыупалю і Бахмуту, або такой, якую ў 1990-я дала Чачэніі.
Пуцін можа паслаць у Беларусь сілавікоў, але ваяваць яны не ўмеюць
Можна ўявіць, што Расея не мае свабодных войскаў, але мае тысячы не надта занятых унутры краіны сілавікоў. Яны ўпэўнена змагаюцца з мірнымі бяззбройнымі пратэстоўцамі, але кепска паказвалі сябе ў барацьбе з сапраўднымі пагрозамі.

Напрыклад, расейскія сілавікі не змаглі спыніць тэракту ў маскоўскім «Крокус Сіці» 22 сакавіка 2024 года: чацвёра тэрарыстаў забілі 145 чалавек і змаглі ўцячы. Спецназ увайшоў у будынак больш як праз гадзіну пасля таго, як тэрарысты той будынак пакінулі. Запозненае прыбыццё сілавікоў тлумачылі заторамі на дарогах.
Яшчэ прыклад: 23 чэрвеня 2024 года ўзброеныя баевікі напалі на сінагогі і цэрквы ў Махачкале. Пяцёра тэрарыстаў былі забітыя, але перад тым яны забілі 17 сілавікоў і пяцёх цывільных, яшчэ амаль паўсотні чалавек паранілі.
А хто будзе нападаць на Беларусь?
Польшча, Літва і Латвія не збіраліся нападаць на Беларусь – дзяржавам NATO наўрад ці хочацца распачынаць вайну з дзяржавай-сатэлітам ядравай Расеі. Украіна, хоць і баранілася ад расейскага нападу з беларускай тэрыторыі, робіць усё, каб не «правакаваць» Лукашэнку – свае войскі патрэбныя на іншых франтах.

Беларускія ж добраахвотнікі, якія ва Украіне змагаюцца супраць расейскай агрэсіі, падпарадкоўваюцца ўкраінскаму ваеннаму камандаванню. У ЗСУ сотні беларускіх байцоў, але іх колькасць непараўнальная з колькасцю вайскоўцаў, якія атакуюць Курскую вобласць. Таму ні пра якую ваенную атаку на рэжым Лукашэнкі бліжэйшым часам гаворкі быць не можа.
Ці стануць ваяваць беларусы з беларусамі?
Вайсковае камандаванне ў Беларусі спрэс прарасейскае, некаторыя вышэйшыя чыны – выхадцы з Расеі. Але наколькі падтрымлівае Расею і Лукашэнку ўсё войска і наколькі яно гатовае рызыкаваць жыццём, цяжка сказаць.

Можна згадаць скрадзеныя «Кіберпартызанамі» перамовы байцоў АМАП: калі яны летам-восенню 2020 года адчувалі колькасную перавагу пратэстоўцаў і думалі, што тыя гатовыя адбівацца, то шчыра баяліся. І тое былі максімальна ідэалагічна апрацаваныя і матываваныя сілавікі.
У войску прамыванне мазгоў нашмат меншае, а матывацыя – моцна ніжэйшая. Не выключаны сцэнар, падобны да пачатку мяцяжу Прыгожына ў Расеі: Узброеныя сілы РБ проста расступаліся б перад нечаканай пагрозай Лукашэнку, а не кідаліся яго абараняць.
Але Пуцін непрадказальны і нерацыянальны
Як паказаў поўнамаштабны напад Расеі на Украіну, Пуцін не надта пралічвае пагрозы і наступствы сваіх дзеянняў. «Кіеў за тры дні» ператварыўся ў трэці год крывавай вайны і сотні тысяч ахвяраў з абодвух бакоў. І хоць Расея ўжо больш за два гады не мае значных перамогаў ва Украіне, а толькі захоплівае цалкам зруйнаваныя гарады цаной гіганцкіх ахвяраў, Пуцін не спыняе нападу.

Магчыма, Пуцін мысліць як гулец у відэагульню, за паразу ў якой не будзе наступстваў у рэальным свеце. А калі глядзець на рэальнасць як на стратэгічную ваенную відэагульню, то Беларусь на мапе – карысная буферная зона, важны выступ на тэрыторыю «ворага» і каштоўны «калідор» да расейскага эксклаву, Калінінградскай вобласці.
Алесь Наваборскі, Глеб Нержын, Зміцер Міцкевіч, «Белсат»