навіны

«Фактычна выціскаюць з краіны». Як і чаму беларус, якога Літва сама ж запрасіла ў краіну, стаўся для яе «пагрозаю нацбяспецы»

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Акцыя, прысвечаная чацвертай гадавіне прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі абдылася ў Вільні, Літва.
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Акцыя, прысвечаная чацвертай гадавіне прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі абдылася ў Вільні, Літва. Фота: Белсат
podpis źródła zdjęcia

Усё часцей беларусы, якія былі вымушаныя з’ехаць з радзімы праз палітычны пераслед, сутыкаюцца з тым, што і ў, здавалася б, бяспечнай краіне яны робяцца «непажаданымі». Апошняя з такіх плыняў – прызнанне беларусаў у Літве «пагрозаю нацыянальнай бяспецы». Чалавек з такім статусам зноўку павінен перакрэсліць жыццё і з’ехаць з краіны цягам 14 дзён. «Белсат» апавядае пра апошні такі выпадак і разам з юрыстамі тлумачыць, што рабіць і куды звяртацца па дапамогу.


У Літву з Беларусі Леанід прыехаў два гады таму. Увесь гэты час разам з жонкай і дваімі дзецьмі праграміст быў легалізаваны ў Літве і меў ВНЖ на падставе «Blue card» – дакументу, што дае дазвол на жыхарства і афіцыйнае працаўладкаванне неграмадзяніну краінаў ЕЗ. Звычайна «Blue card» выдаюць высокакваліфікаваным адмыслоўцам, у якіх зацікаўленая дзяржава. Некалькі дзён таму з міграцыйнай службы Леаніду прыйшоў ліст: мужчыну прызналі пагрозаю нацыянальнай бяспецы Літвы, праз што ягоны ВНЖ, як і ўсёй сям’і, ануляваны, а беларус мусіць пакінуць краіну цягам 14 дзён.


«Ніякіх канкрэтных доказаў, што я сапраўды магу несці нейкую небяспеку дзяржаве, у лісце не прапісана, – адзначае Леанід. – Толькі агулам тлумачыцца: нагодаю для анулявання маіх дакументаў сталася тое, што на працягу некалькіх гадоў я працаваў на Астравецкай АЭС, а атамная галіна – вельмі важная для рэжымаў Лукашэнкі і Пуціна ды ёсць сродкам палітычнага ўплыву ў Еўропе і ўсім свеце».



Здымак мае ілюстрацыйны характар. Беларускі пашпарт і часовыя віды на жыхарства ў Літве. Фота: Белсат
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Беларускі пашпарт і часовыя віды на жыхарства ў Літве. Фота: Белсат

За 14 дзён давядзецца спланаваць жыццё нанова


З адукацыі Леанід – фізік-ядравік. На Астравецкую АЭС трапіў па размеркаванні пасля ВНУ. Адмовіцца не мог, бо яно абавязковае:


«З 2015 да 2017 года працаваў аператарам рэактарнага цэху на станцыі. Але ў 2017-м у мяне нарадзілася дачка, і я пастанавіў пайсці ў дэкрэт. Дарэчы, калі заявіў пра гэты намер кіраўніцтву, мне далі разумець, што калі я ў гэты дэкрэт пайду, ніякай будучыні ў атамнай галіне ў мяне не будзе. Але я сышоў, і пра гэтую пастанову не пашкадаваў. У 2020 годзе мне трэба было з’явіцца на працоўным месцы толькі на адзін дзень, каб звольніцца. Гэта было ў траўні 2020-га».


Пасля мужчына скончыў навучанне ў IT-сферы і пачаў рассылаць свае рэзюмэ для працаўладкавання:


«Самую добрую прапанову мне зрабіў літоўскі офіс адной з IT-кампаніяў. Я пагадзіўся і прыехаў сюды працаваць. Дазволы на жыхарства маёй жонцы і дзецям далі на падставе маёй «Blue card».


Мы некалькі гадоў уладкоўваліся на новым месцы і нарэшце прызвычаіліся. Нам падабаецца краіна, дзеці прывязаныя да навучальных ўстановаў… І тут нечакана я раблюся пагрозаю нацыянальнай бяспецы Літвы. Гэтая навіна нас шакавала, мы вельмі разгубленыя. Гэтыя 14 дзён, якія мне далі, каб пакінуць краіну, падаюцца вельмі кароткім тэрмінам. Бо спланаваць жыццё нанова за гэты тэрмін вельмі складана».


Усё гэта здарылася ў самы нязручны момант для беларускай сям’і:


«Нядаўна ў нашых дзяцей скончыліся тэрміны пашпартоў, а ў лютым 2024 года – яшчэ і тэрміны на ВНЖ. Праз тое, што беларускія амбасады за мяжою больш не выдаюць пашпартоў, а мы не можам вярнуцца ў Беларусь, бо на гэта ёсць палітычныя матывы, мы падаліся на падаўжэнне віду на жыхарства для дзяцей. У міграцыйнай службе мы таксама абмеркавалі, што на гэтай жа падставе мы здолеем атрымаць праязныя дакументы – пашпарты замежнікаў. Гэтая сітуацыя нас неяк усыпіла, калі шчыра. У тым сэнсе, што калі нам падоўжылі ВНЖ, мы для сябе пастанавілі: усё будзе добра. І мы проста ўжо чакалі свае пашпарты замежнікаў. Але час ішоў. Праз тры месяцы ніякага рашэння так і не было прынята. А некалькі дзён таму прыйшоў гэты ліст – і цяпер я пагроза нацыянальнай бяспецы краіны, у якой пражыў два гады».


Здымак мае ілюстрацыйны характар. Людзі глядзяць на стары горад з гары Гедыміна. Вільня, Літва. Фота: Белсат
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Людзі глядзяць на стары горад з гары Гедыміна. Вільня, Літва. Фота: Белсат

Паводле законаў Літвы, ВНЖ жонкі і дзяцей Леаніда таксама будуць ануляваныя. З моманту, калі мужчына атрымаў нечаканае паведамленне, мінула некалькі дзён. Увесь гэты час сям’я намагаецца заглыбіцца ў сутнасць літоўскага заканадаўства. Ужо звярнуліся ў міжнародныя арганізацыі, да юрыстаў, праваабаронцаў…


«Але нейкага канкрэтнага плану і дакладнага разумення сітуацыі ў нас няма дасюль. Хтосьці нам гаворыць, што можна абскардзіць рашэнне міграцыйнай службы і застацца, хтосьці гаворыць – што застацца нельга. Яшчэ адно пытанне – ці магу, нават калі мне давядзецца з’ехаць, быць на тэрыторыі іншай краіны Еўразвязу. І калі так, то на якой падставе. Што рабіць сям’і – ці трэба жонцы з дзецьмі таксама тэрмінова з’язджаць…. Гарачай лініі, куды б можна было патэлефанаваць і даведацца дакладна пра ўсё, няма. А каб кудысьці запісацца на прыём, няма часу».


Сям’я беларусаў верыць, што варыянты застацца ў Літве ўсё ж есць. І найперш гэта гуманітарныя абставіны. Праз палітычныя рэпрэсіі вярнуцца ў Беларусь сям’я не можа. Таму, імаверна, разам з жонкай і дзецьмі Леанід будзе прэтэндаваць на ўцякацтва і падасць у кампетэнтныя органы доказы таго, што ў Беларусі іх чакаюць рэпрэсіі. Няясна толькі, у якой краіне ім далей давядзецца адстойваць свае правы і жыць далей.


«Як я ведаю, гэта ўжо не першая справа анулявання ВНЖ, у тым ліку праз тое, што чалавек працаваў на АЭС, – адзначае Леанід. – Але ж у маім выпадку гэта было размеркаванне, і адмовіцца ад яго я не мог. Сплаціць грошы за ўсе гады навучання замест размеркавання магчымасці не было. Але разбірацца з гэтым ніхто не стаў. Вярнуцца ў Беларусь я не магу. Заставацца ў Літве – не магу. Што дакладна рабіць далей, пакуль не разумею. Гісторыя, якой не пазайздросціш…»


Кампанія, у якой працуе беларус, вымушаная яго звольніць. Але ёсць варыянты працоўнага пераезду. Колькі будзе разглядацца апеляцыя, дакладна невядома. Раней, дарэчы, такая працэдура дазваляла чалавеку заставацца на тэрыторыі Літвы да прыняцця канчатковага рашэння, але з ліпеня гэтага года заканадаўства памянялі, таму пакінуць краіну трэба за 14 дзён.


«Я нават дакладна не ўпэўнены, што з такім дакументам аб прызнанні мяне пагрозай нацбяспецы я магу заставацца на тэрыторыі іншай краіны, той жа Польшчы. Бо, як мне патлумачылі, усё залежыць ад канкрэтнага кейсу чалавека. Найчасцей гэта рашэнне датычыць толькі Літвы, але бываюць выпадкі, калі кейс уносіцца ў агульныя базы Еўразвязу», – зазначае Леанід.


Самымі рэальнымі і хуткімі варыянтамі сям’я для сябе пакуль бачыць абскардзіць рашэнне міграцыйнай службы Літвы і адначасова падаць дакументы на ўцякацтва. У гэтым выпадку можна застацца на тэрыторыі Літвы. Нюанс: падаць дакументы да тэрміну, калі Леаніду трэбы выехаць з Літвы, ён можа проста не паспець. Ягоныя 14 дзён канчаюцца 26 верасня.



,,

«Нас фактычна выціскаюць з краіны. Пра шанцы выйграць апеляцыю гаварыць асабліва не выпадае, – разважае мужчына. – Адныя гавораць, што ёсць паспяховыя кейсы, іншыя – што няма. Некалькі дзён намаганняў хоць штосьці высветліць далі пакуль толькі супрацьлеглыя меркаванні розных людзей. Цяпер шукаем адваката і грошы на яго».


Рэч у вельмі шырокім трактаванні «пагрозы нацыянальнай бяспецы»


Каб высветліць штосьці ў гэтай сітуацыі, «Белсат» пагаварыў з беларускімі юрыстамі і праваабаронцамі.


«На маю думку, рашэнне датычыць выключна Літвы. І рэч тут у вельмі шырокім трактаванні «пагрозы нацыянальнай бяспецы», да якога апошнім часам краіна звяртаецца ўсё часцей. Таму, відаць, і рашэнне датычыць толькі Літвы. Гэта значыць, што Леанід можа з’ехаць у іншую бяспечную краіну Еўразвязу. Гэта добрая навіна. Як і тая, што калі на падставе «пагрозы нацыянальнай бяспецы» ён і мусіць зараз з’ехаць, у яго пры гэтым ёсць і падставы застацца ў краіне, але з гуманітарных прычынаў. Можна падацца на ўцякацтва. Я б у гэтым выпадку раіў без адкладанняў абскарджваць пастанову міграцыйнай службы (ёсць надзея, што той жа суд вывучыць кейс і адменіць пастанову міграцыйнай службы). Таксама раю быць у сталай сувязі з адвакатамі, у якіх ёсць досвед працы з літоўскім заканадаўствам. Ну і таксама разгледзець іншую краіну, да прыкладу, тую ж Польшчу, якая, хутчэй за ўсё, пагрозы ў гэтым жа беларусе не ўбачыць, бо кожная краіна трактуе гэты тэрмін па-свойму, у тым ліку ў залежнасці ад палітычнай абстаноўкі», – пракаментаваў юрыст і праваабаронца Раман Кісляк.


Здымак мае ілюстрацыйны характар. Вежа Гедыміна ў Вільні, на пярэднім плане – Віленскі нацыянальны музей. Фота: Jan Schmidt-Whitley / Zuma Press / Forum
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Вежа Гедыміна ў Вільні, на пярэднім плане – Віленскі нацыянальны музей. Фота: Jan Schmidt-Whitley / Zuma Press / Forum

На выпадак, калі з такою сітуацыяй блізкім часам сутыкнуцца іншыя беларусы, разам з праваабаронцамі і юрыстамі мы напісалі некалькі карысных парадаў.

  • Памятайце: любая пастанова аб прызнанні вас «пагрозаю нацыянальнай бяспецы» адпаведны орган прымае на падставе вядомай яму інфармацыі. І гэты орган будзе арыентавацца найперш не на вашую асабістую гісторыю, а на інтарэсы сваёй дзяржавы. Таму падрыхтуйцеся даказваць.
  • У свой першы візіт у міграцыйную службу абавязкова пазначце ў анкеце, што вяртацца ў Беларусь вам небяспечна, абгрунтуйце свае словы.
  • Ні ў якім разе не ўпісвайце ў анкету хлуслівыя звесткі пра сябе. Асабліва пра былыя месцы дзяржаўнай працы. Калі ў міграцыйнай службе да вас узніклі пытанні, апавядзіце пра ўсё максімальна дакладна. Да прыкладу, абавязкова патлумачце, што ў Беларусі праца па размеркаванні – гэта не выбар, і шанцаў адмовіцца ад яе выпускнік ВНУ ў Беларусі амаль не мае.
  • Калі ўсё ж праблемы ўніклі, абавязкова абскарджвайце пастанову. І абавязкова звяртайцеся да праваабаронцаў і адвакатаў у той краіне, дзе вы цяпер. Памятайце, што ў той жа міграцыйнай службе вам не могуць, а абавязаныя даць адваката.
  • Разам з абскарджаннем пастановы міграцыйнай службы шукаць план Б. Да прыкладу, калі вас прызналі пагрозаю нацбяспецы і канчатковай пастановы яшчэ няма, разгледзець варыянт таго ж гуманітарнага віду на жыхарства, падацца на ўцякацтва ці разглядаць іншую, больш лаяльную краіну.


Надзея Вольная belsat.eu


больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10