Чаму, бывае, слухаеш кагосьці – і дзівішся, якая яскравая, сакавітая, эмацыйная мова! Ну чаму я так не магу? Чаму мая мова сухая ды занудлівая, як міліцэйскі пратакол? Нібы і кнігі чытаеш, і вершы ведаеш, а ўсё роўна, якое слова ні ўспомніш – усё не тое, усё занадта слабае, занадта шэранькае.
Вось слухаеш аповед пані Фэлі са шляхецкага роду Унароўскіх пра чырвонаармейцаў, якія ў 1939 годзе з’явіліся ў вёсцы Волкуш за 30 км ад Горадні, і чуеш «бруда́сы» ды «калты́гі». Працытуем беларускую гаворку шляхцянкі:
,,– Што яны, напрыклад, рабілі? – пытаюць пані Фэлю.
– Такія бруда́сы* былі, што не аказа́ць! Ужо стыд каза́ць, якія яны былі бруда́сы! – успамінае пані Фэля.
– А што яны рабілі? А от так о: так, як на гарэ**, то тут [яны]*** жылі на доле**** – а на гарэ, то хадзілі залатвяцца.
– У туалет? – удакладняем значэнне слова «залатвяцца».
– Так! А там такая ата́ва***** ляжала, сена такое ляжала, то яны ў гэтае сена хадзілі рабіць [свае справы].
– А чаму?
– Чаму? Бо калты́гі былі, бруда́сы – не маглі выйсці [з хаты].
– То ленаваліся выйсці ці што?
– Так! Не маглі зрабіць сабе месца, каб мець дзе хадзіць [у туалет]. То на гару́ хадзілі.
– Жаўнеры, так?
– Так, – адказвае пані Фэля, – такая культура была.
* Бруда́сы – брудныя, неахайныя людзі.
** На гарэ – на гарышчы
*** У квадратных дужках – заўвагі «Белсату».
**** На доле – унізе, у жылой частцы хаты.
**** Атава – сена з другога пакосу.
У 1939 годзе вёска Волкуш належала да Польскай Рэспублікі і месцілася ў Сакульскім павеце Беластоцкага ваяводства. Сёння ад вёскі ўсяго 1,6 км да мяжы з Беларуссю, Волкуш належыць да Аўгустоўскага павету Падляскага ваяводства Польшчы.
Прастамоўе дае выхад эмоцыям і зберагае мову ад амярцвення
Бруда́сы і калты́гі – гэта прастамоўе, мы карыстаемся ім, каб выразіць свае эмоцыі. Напрыклад, замест «я ледзь знайшоў» можна сказаць «я апоркаў», «я апароў». Замест «прыйсці з цяжкасцю» – «прычаўпацца», «прывалачыся». На кожную эмоцыю знойдзецца сваё слова. У тым ліку запазычаныя. Напрыклад, украінскае «даць ляшча».
Ну, гэта ж рэгіяналізмы, скажа чытач. Навошта нявечыць імі прыўкрасную беларускую мову? На гэтае пытанне адказвае філолаг, сябра праўлення Таварыства беларускай мовы Лявон Маліноўскі:
,,«Калі вы дома не размаўляеце па-беларуску, дык для вас усё будзе дыялектам тады. Проста трэба гаварыць дома. Гэта можа быць звычайнае прастамоўе. А прастамоўе, як я заўсёды кажу, – гэта самы важны рэгістр мовы. Вось тое, што ў школе называюць гутарковы стыль беларускай мовы, – гэта прастамоўе. Мова жыве перш за ўсё на ўзроўні прастамоўя».

Адмова ад прастамоўя ўвядзе мову ў вегетатыўны стан, як, напрыклад, сталася з лацінаю. На лацінскай мове пішуць кнігі, ёю карыстаюцца навукоўцы і святары. Але няма гутарковай лаціны, і калі б не навука ці рэлігія, то лацінская мова магла б знікнуць суздром, як, напрыклад, шумерская.
Мовазнаўца і паліглот Вячаслаў Чэрнеў таксама падтрымлівае выкарыстанне рэгіяналізмаў.
– І вось гэта яшчэ – такая максіма (мабыць, не ведаю, ці то савецкай адукацыі, ці то адкуль яна ідзе), што дыялектызмы, рэгіяналізмы – гэта ўсё адно памылка. Не, гэта не так, – упэўнены Вячаслаў. – Трэба зразумець, што можна выкарыстоўваць дыялектныя словы, рэгіянальныя словы, можна казаць інакш, чымся хто прызвычаіўся быў. Не абапірацца толькі на літаратурную мову.
– Бо гэта ж багацце. Гэта тое, што дадае пэўнага смаку мове, гэта яшчэ адна манета ў скарбонку мовы агульнай, праўда? – удакладняем у яго.
– Менавіта так, – пацвярджае Вячаслаў.

«Купайцеся ў стыхіі мовы»
Відавочна, што авалодаць багаццем мовы лягчэй, калі ёю карыстаюцца людзі вакол.
Персанаж спектаклю «Замова» дзеліцца ўспамінамі пра дзяцінства, што падтрымліваюць яго ў цяжкі час:
,,«Зіма прыйшла. Я неяк замерз, стаміўся. Стала неяк халодна. Свет вакол закруціўся ў няспынным снежным віры. І я згубіўся ў ім, як маленькі хлопчык. Але нават праз самую завіруху прабіваюцца агеньчыкі цёплых успамінаў. Голас маёй бабулі, што гаворыць са мной. Яна расказвае нейкія дзіўныя вясковыя байкі. Мне яны падаюцца смешнымі. І гаворка яе падаецца смешнаю. Але мне так цёпла ад яе голасу! Я разам з ёй пачынаю гаварыць і думаць на гэтай смешнай гаворцы. Мы разам смяёмся».
Пра жыватворны эфект пабыўкі ў спрадвечным беларускамоўным асяроддзі мовазнаўца Лявон Маліноўскі кажа так:
«Я так рабіў у Беларусі: на некалькі дзён здаралася прыехаць у вёску, пагаманіць з суседзямі. Я тры дні там пабыў – і пасля гэтага гаварыць рабілася лягчэй. І мова больш жывая і больш развітая, больш багатая – маўленне больш багатае рабілася».
А калі ты за мяжой, і няма як паехаць у Беларусь? На думку Лявона Маліноўскага, знайсці беларускамоўныя асяродкі ў Беларусі не прасцей, чымся за мяжою:
,,«Беларускамоўныя людзі цяпер усюды за мяжою. На Беларусі яны таксама за мяжою, бо беларускамоўныя асяродкі ўжо амаль зніклі. Яны яшчэ, можа, там-сям раскіданыя. Так, вядома, ёсць вёскі. Гэта старыя традыцыйныя беларускамоўныя асяродкі. Але сувязь паміж імі ўжо пераважна страчаная. Таму беларускамоўны чалавек заўсёды «за мяжою». І тут няма розніцы, ці ты ў Польшчы, ці ты ў Беларусі».
Мова жыве, пакуль гучыць дома
Ад нас залежыць, ці занепадзе беларуская мова. Ці застанецца жывая мова толькі на старонках кніг ды на запісах на YouTube – ці працягне свае жыццё ў вусным маўленні.
Беларуская мова збераглася за часоў Расейскай імперыі дзякуючы непісьменным сялянам, якія ніколі не чулі літаратурнай і «газетна-журнальнай» мовы. Вось як кажа пра гэта палітык Зянон Пазняк:
,,«Людзі часам не ведаюць: мова нацыянальная развіваецца на нізах! Вось, здаецца, літаратура, усё! А яна развіваецца на самым нізе. Вось гэта вельмі важна – там яна развіваецца. І так было ўсюды, як ствараліся нацыі. І беларуская нацыя захавалася… Сяляне, вось гэтыя людзі, якія аралі зямлю, гэтыя людзі захавалі ўсё. Адсюль пайшла новая інтэлігенцыя, нарадзіліся геніі, як Купала. Які так любіў гэты народ!»
Калі казаць пра больш блізкі прыклад, можна ўспомніць ідыш. Лявон Маліноўскі мяркуе, што зберагчы гэтую мову жывою габрэям дапамагла любоў да матчынай мовы:
– Неабавязкова трэба мець дзяржаўны статус, каб мова жыла. Самае галоўнае, каб людзі гаварылі на ёй дома. З мовай ідыш мы бачым, што людзі проста ўпарта трымаюцца гэтай мовы, і яна расце і жыве. А з беларускай….
– Але што тады носьбітаў мовы ідыш матывуе, каб не выракацца, не цурацца сваёй мовы, а папулярызаваць яе, пашыраць, ужываць? – пытаем у яго.
– Мабыць, любоў да свайго проста. Гэта «mame-loshn», як гэта на ідыш называецца, гэта матчына мова.
Лявон раіць не спыняцца на пэўным этапе авалодання мовай, а ўвесь час удасканальвацца, звяртацца да сталых людзей па параду, зазіраць у слоўнікі, звяртацца да мовы класікаў. Нашая праграма «Мова нанова» з Віктарам Шукеловічам якраз можа зрабіцца вашым віртуальным моўным асяродкам. Запрашаем – у нас цікава.
Дагэтуль на Віленшчыне і Падляшшы (адна з нашых госцяў мяркуе, што гістарычны рэгіён Чорная Русь сягаў тэрыторыі сучаснага Паўночнага Падляшша) можна знайсці старыя асяродкі, дзе людзі ведаюць беларускую мову, бо на ёй адвеку гаварылі дома. Але гэтыя людзі – грамадзяне Польшчы і Літвы. А што грамадзяне Беларусі? Ці здолеюць яны зберагчы свае беларускамоўныя асяродкі? Ці ўдасца ім стварыць новыя?