Беларуса Аляксандра С., якога напярэдадні затрымалі пры падачы дакументаў на міжнародную абарону, вызвалілі 15 жніўня. Таксама ў яго прынялі дакументы і дазволілі надалей заставацца ў Польшчы. Пра гэта беларус паведаміў карэспандэнту «Белсата».
«Паколькі я нічога тут не парушыў за паўтара года знаходжання, яны [Кіраўніцтва ў пытаннях замежнікаў. – рэд. «Белсат»] не пагадзіліся з тым вердыктам, што вынеслі мне [у Агенцтве ўнутранай бяспекі. – рэд. «Белсат»], што [трэба. – рэд. «Белсат»] пакінуць Польшчу, бо я пагроза бяспецы», – адзначыў Аляксандр С.
На яго думку, яго з кімсьці пераблыталі і таму спецслужбы напачатку вынеслі такое рашэнне.
Аляксандр паведаміў, што яго затрымлівалі да высвятлення абставінаў, бо ягоная працоўная віза скончылася яшчэ паўгода таму. Па выніку ў беларуса прынялі дакументы на міжнародную абарону і выдалі адпаведнае пасведчанне, што дзейнічае да лістапада 2024 года.
«Маглі ўвогуле на 60 дзён мяне ўсунуць у лагер нейкі [для мігрантаў. – рэд. «Белсат»]. Але так як у мяне ёсць дзе перажываць, грошы ў мяне ёсць, яны мяне адпусцілі», – сказаў суразмоўца.
Таксама Аляксандр параўнаў умовы ў ізалятарах Беларусі і Польшчы – яго затрымлівалі ў Берасці ў лютым 2023 года за распаўсюд «экстрэмісцкіх» матэрыялаў. Паводле яго, умовы ў польскім ізалятары нашмат лепшыя.
«Лепш, чым у нас у Берасці. Нашмат лепш кармілі. Нічога дрэннага. Усё нармальна было», – дадаў беларус.
Аляксандр пасля «содняў» з’ехаў у Польшчу паводле працоўнай візы, баючыся новай справы – на гэты раз крымінальнай за каментары. У Польшчы Аляксандр ён кіроўцам: спачатку ездзіў дальнабойнікам па Еўропе, потым стаў кіроўцам на прадпрыемстве пад Бельск-Падляскім.
З дапамогай гэтага ж працадаўцы ён падаў дакументы на працоўны ВНЖ. Але атрымаў адмову і загад на працягу 30 дзён пакінуць краіну – праз негатыўную выснову Агенцтва ўнутранай бяспекі. Тады і вырашыў звярнуцца па абарону.
У рашэнні выявіліся розныя імя па бацьку ў розных частках дакумента: на чатырох старонках імя і прозвішча пазначаныя, а вось у абзацы пра пагрозу нацыянальнай бяспецы Польшчы пазначаныя імя і прозвішча зусім іншага чалавека. Ягонае прозвішча пачынаецца з той жа літары, што і ў Аляксандра.
Чаму ў справе Аляксандра згадваюцца іншыя імя і прозвішча і ці звязаны ён з гэтым чалавекам, невядома.
У тэксце таксама пазначана, што матэрыялы справы, якая датычаць нацыянальнай бяспекі, уяўляюць таямніцу, таму інфармацыі аб парушэннях не прыводзіцца.
Сам ён сцвярджае, што нічога супрацьзаконнага не рабіў. Ён плануе заставацца ў Польшчы і спадзяецца на прыезд да яго жонкі і дачкі.
Ці часта Польшча адмаўляе беларусам у абароне?
Сярод усіх нацыянальнасцяў па міжнародную абарону ў Польшчы найчасцей звяртаюцца менавіта беларусы. З 9 жніўня 2020-га беларусы падалі 9 512 заявак – гэта 68 % ад усіх.
Пры гэтым працэнт адмоваў беларусам вельмі малы: ухваляюць МА ў Польшчы 97 % заяўнікаў (часта нават без пісьмовых доказаў, бо прававая сітуацыя ў краіне вельмі дрэнная). Напрыклад, з 670 беларусаў, якія звярнуліся па абарону ў Польшчы за I квартал 2024-га, адмовілі ўсяго 30 (усе тыя ж 3 %).
У Польшчы ёсць гарачая лінія па міжнароднай абароне для замежнікаў. Для гэтага тэлефануйце на нумар 477-217-675 (пасля выкліку націсніце лічбу 6) ці пішыце пытанні на infolinia@udsc.gov.pl.
Якуб Хруст, «Белсат»