Цыклон Барыс абрынуўся на некалькі краінаў Еўропы, прынёсшы залевы і затапленні – наймацнейшыя за апошнія дзесяцігоддзі. Найбольш пацярпелі Польшча, Чэхія і Румынія.
Непагадзь пачалася 12 верасня. Польшча, Чэхія, Румынія, Малдова, Аўстрыя, Нямеччына, Славаччына, Славенія і Вугоршчына, з жахам чуючы прагнозы сіноптыкаў, рыхтаваліся як маглі.
Ад паводкі ў краінах Еўропы, як паведамляе «Reuters», загінулі найменей 15 асобаў.
Стыхія аказалася мацнейшаю
У шмат якіх месцах дамбы і ўмацаванні не вытрымалі націску вады, і яна хлынула ў паселішчы, затопліваючы вуліцы, дамы, інфраструктуру. Разбураныя масты, будынкі, пад вадою аўтадарогі і чыгунка.
У Польшчы пад ударам апынуліся рэгіёны на поўдні і паўднёвым захадзе, найбольш пацярпелі Ніжняя Сілезія, Сілезскае і Апольскае ваяводствы. У асобных частках гэтых рэгіёнаў абвесцілі рэжым надзвычайнага становішча, перадае Польскае прэсавае агенцтва.

У пастанове польскага ўраду адзначаецца, што адмысловы рэжым будзе дзеяць не больш за 30 дзён, прадугледжваюцца пэўныя абмежаванні і абавязанні. Напрыклад, давядзецца вызваліць жылое памяшканне або выканаць загад аб эвакуацыі, могуць забараніць заставацца ў вызначаных месцах.
Прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск паведаміў, што на ліквідацыю наступстваў паводкі ёсць рэзерв памерам 1 млрд злотых (у пераліку – каля $ 258 млн), жыхары пацярпелых мясцінаў атрымаюць 10 тыс. злотых аднаразовай дапамогі ($ 2500), а таксама грошы на рамонт і рэканструкцыю жытла – ад 100 да 200 тыс. злотых ($ 26–51 тыс.).
Для параўнання, у Беларусі пацярпелым ад ліпеньскага ўрагану сацыяльныя службы выплацілі агулам 62,5 тыс. рублёў (каля $ 20 тыс.), прычым на дапамогу маглі разлічваць толькі малазабяспечаныя грамадзяне. Як паведамлялася, грошы атрымалі 280 асобаў.
Ахвярамі паводкі ў Польшчы сталіся чатыры асобы. Некалькі тысячаў жыхароў эвакуяваныя.
У шмат якіх гарадах краіны для пацярпелых зладзілі збор харчоў, неабходных рэчаў, арганізаваны таксама збор грошай. На адным толькі сэрвісе «Siepomaga» на момант публікацыі гэтага тэксту больш за 80 тыс. асобаў ахвяравалі 5,2 млн злотых ($ 1,3 млн).
У зоне бедства тым часам працягваецца эвакуацыя, людзям дапамагаюць ратаўнікі, паліцыянты, вайскоўцы і валанцёры, выкарыстоўваюцца розныя віды тэхнікі, у тым ліку верталёты. З небяспечных месцаў людзей вывозяць да сваякоў або ў адмысловыя пункты.
Польскія сіноптыкі супакойваюць: сітуацыя з дажджамі «стабілізуецца», і моцных ападкаў на поўдні краіны больш не прагназуецца. Аднак захоўваецца небяспека «адкладзенага эфекту», калі хвалі вады будуць даходзіць да буйных гарадоў. Напрыклад, у Вроцлаве пік вады чакаюць у сераду ўвечары.
Прадстаўніцтва ў пытаннях транзіту ўлады Аб'яднанага пераходнага кабінету Беларусі адкрыла канал сувязі для беларусаў у звязку з надзвычайным становішчам, працуе чат-бот у Telegram @nau_by_bot. Абяцаюць «пасільную дапамогу, у тым ліку ў кантакце з мясцовымі ўладамі».
Намеснік кіраўніцы Кабінету Павел Латушка заклікаў беларусаў да салідарнасці і ўзаемадапамогі:
«У выпадку, калі ў вас узніклі праблемы ў іншых краінах, якія пацярпелі ад паводкі, вы таксама можаце пісаць у чат-бот. Мы будзем імкнуцца накіраваць вас, пракансультаваць і спрыяць развязанню вашых праблемаў».
Сцяпан Кубік belsat.eu