Праверка па факце смерці апазіцыйнага расійскага палітыка Аляксея Навальнага не знайшла ніякіх парушэнняў, а прычынай смерці назвалі комплекс праблем са здароўем. Аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы гаворыцца ў пастанове ад 26 ліпеня, якой падзяліўся дырэктар Фонду барацьбы з карупцыяй Іван Жданаў.
«У чым прычына смерці Навальнага? Паводле версіі [Уладзіміра] Пуціна, Навальны памёр проста ад арытміі. Паўгода пуцінскія следчыя не змаглі сфармаваць сваю версію, што ж здарылася. І нічога не прыдумалі. Рэальна нічога. Напісалі дзяжурныя хваробы, якія ёсць у кожнага другога, але ад якіх ніхто імгненна не памірае. І напісалі, што проста раптам здарылася арытмія, і таму Навальны памёр. Гэта нават не тромб, пра які гаварылася спачатку, – пракаментаваў рашэнне Жданаў. – Следчыя цяпер проста прыкрываюць забойства. Але я ўпэўнены, што яно будзе расследавана, і будуць знойдзены ўсе выканаўцы забойства».
Мяркуючы з афіцыйнага дакументу, палітыку рэзка стала дрэнна і яшчэ да прыезду хуткай яму рабілі непрамы масаж сэрца і штучнае дыханне. Хуткая таксама працягнула спробы рэанімацыі, але поспехам яны нібыта не ўвянчаліся. У прычыне смерці паказалі «камбінаванае захворванне» – мяркуючы па спісе, там пазначаныя наогул усе праблемы са здароўем палітыка. Ніякіх супрацьпраўных дзеянняў у дзеяннях працаўнікоў калоніі ў Салехардзе праверка не выявіла.
«Якія-небудзь супрацьпраўныя дзеянні ў дачыненні да асуджанага Навальнага А.А. не здзяйсняліся, гвалт не ўжываўся, а выяўленыя цялесныя пашкоджанні з'явіліся следствам медычных маніпуляцыяў», – гаворыцца ў адказе СК.
«Літаральна за пару да дзён да гэтага [смерці] яго бачылі бацькі. Яны размаўлялі некалькі гадзін напярэдадні вечарам, – кажа ўдава палітыка Юлія Навальная. – Усе гэтыя пералічаныя следчым захворванні накшталт гастрадуадэніту і панкрэатыту, ёсць у кожнага трэцяга ў Расіі. Раптам за гадзіну ад такога не паміраюць».
Нагадаем, пра смерць Аляксея Навальнага стала вядома 16 лютага 2024 года. Ён памёр, правёўшы ў зняволенні 295 дзён, 27-ы раз пабываўшы ў ШІЗА. Толькі праз 10 дзён, пасля доўгіх адмоваў і затрымак, цела Навальнага аддалі яго маці. У 2020 годзе палітык трапіў у рэанімацыю. Сам Навальны і ягоныя паплечнікі казалі, што яго спрабавалі атруціць прадстаўнікі расейскіх уладаў.
Тэса Анэйда / ІР, «Белсат»