Беларус Аляксандр С. звярнуўся па міжнародную абарону ў Польшчы 14 жніўня, але яго затрымалі, піша MOST. Раней мужчыне ўжо адмовілі ў наданні працоўнага ВНЖ праз негатыўную выснову спецслужбаў. Рэдакцыя мяркуе, што Аляксандра маглі пераблытаць з іншым чалавекам.
Аляксандр родам з Берасцейскай вобласці. У лютым 2023 года ў Беларусі яго асудзілі за распаўсюд «экстрэмісцкіх» матэрыялаў і прызначылі адміністрацыйны арышт. Адсядзеўшы «суткі», ён з'ехаў у Польшчу паводле працоўнай візы, баючыся новай справы – на гэты раз крымінальнай за каментары.
У Польшчы Аляксандр працаваў кіроўцам: спачатку ездзіў дальнабойнікам па Еўропе, потым стаў кіроўцам на прадпрыемстве пад Бельск-Падляскім.
З дапамогай гэтага ж працадаўцы ён падаў дакументы на працоўны ВНЖ. Але атрымаў адмову і загад на працягу 30 дзён пакінуць краіну – праз негатыўную выснову Агенцтва ўнутранай бяспекі. Тады і вырашыў звярнуцца па абарону.
У рашэнні выявіліся розныя імя па бацьку ў розных частках дакумента: на чатырох старонках імя і прозвішча пазначаныя, а вось у абзацы пра пагрозу нацыянальнай бяспецы Польшчы пазначаныя імя і прозвішча зусім іншага чалавека. Ягонае прозвішча пачынаецца з той жа літары, што і ў Аляксандра.
Чаму ў справе Аляксандра згадваюцца іншыя імя і прозвішча і ці звязаны ён з гэтым чалавекам, невядома.
У тэксце таксама пазначана, што матэрыялы справы, якая датычаць нацыянальнай бяспекі, уяўляюць таямніцу, таму інфармацыі аб парушэннях не прыводзіцца.
Што ў тэорыі магло стаць прычынай?
Па словах Аляксандра, ён праз знаёмых шукаў спосабы вярнуцца дадому. Пасля гэтага беларускія сілавікі звязаліся з ім у Тэлеграме і патлумачылі, што вярнуцца ён зможа, калі сфатаграфуе вайсковую тэхніку. Мужчына запэўнівае, што адмовіўся:
«Я ім сказаў, што нічога не буду фатаграфаваць – пайшлі ў дупу. Я лепш да канца жыцця застануся жыць у Польшчы, чым буду гэтым займацца», - прыводзіць ягоныя словы выданне.
Сам ён сцвярджае, што нічога супрацьзаконнага не рабіў. Ён плануе заставацца ў Польшчы і спадзяецца на прыезд да яго жонкі і дачкі.
А ці законна затрымліваць людзей, якія звярнуліся па міжнародную абарону?
Так, негатыўнае заключэнне спецслужбаў – адна з прычын адмовы ў міжнароднай абароне. У некаторых выпадках могуць таксама затрымаць для высвятлення ўсіх абставінаў.
Пры гэтым, калі замежнік паспеў падаць заяву, да вынясення рашэння ў гэтай справе, дэпартаваць яго не маюць права. Аляксандр паспеў гэта зрабіць.
Адмову ў наданні абароны можна абскардзіць на працягу тэрміну, указанага ў рашэнні (звычайна гэта 14 дзён) у Радзе ў справах бежанцаў, а калі і там адмова – на працягу 30 дзён у Ваяводскім адміністрацыйным судзе. У выпадку абскарджання замежнік мае права на бясплатную юрыдычную дапамогу.
Ці часта Польшча адмаўляе беларусам у абароне?
Сярод усіх нацыянальнасцяў па міжнародную абарону ў Польшчы найчасцей звяртаюцца менавіта беларусы. З 9 жніўня 2020-га беларусы падалі 9 512 заявак – гэта 68% ад усіх.
Пры гэтым працэнт адмоваў беларусам вельмі малы: ухваляюць МА ў Польшчы 97 % заяўнікаў (часта нават без пісьмовых доказаў, бо прававая сітуацыя ў краіне вельмі дрэнная). Напрыклад, з 670 беларусаў, якія звярнуліся па абарону ў Польшчы за I квартал 2024-га, адмовілі ўсяго 30 (усе тыя ж 3 %).
У Польшчы ёсць гарачая лінія па міжнароднай абароне для замежнікаў. Для гэтага тэлефануйце на нумар 477-217-675 (пасля выкліку націсніце лічбу 6) ці пішыце пытанні на імэйл infolinia@udsc.gov.pl.
Тэса Анэйда / ІР, «Белсат»