навіны

З’явілася вельмі шмат доказаў: Андрэй Гнёт просіць падтрымкі грамадскасці ў Найвышэйшым судзе Сербіі

Андрэй Гнёт.
Андрэй Гнёт. Фота: andrewgnyot / Instagram
podpis źródła zdjęcia

Суд Сербіі разгледзіць скаргу беларускага журналіста, рэжысёра Андрэя Гнёта на рашэнне аб яго экстрадыцыі ў Беларусь 27 жніўня. Андрэй называе гэтае пасяджэнне «апошнім шанцам быць пачутым». Пра пакуты апошнія 10 месяцаў, падрыхтоўку да апеляцыі, а таксама чаму не варта маўчаць, ён распавёў у эфіры «Белсат» Сяргею Падсасоннаму.

Апошнія амаль дзесяць месяцаў свайго жыцця ў Бялградзе журналіст называе «ўсімі кругамі пекла, якія толькі могуць быць». Найвышэйшы суд Сербіі за гэты час ужо другі раз спрабуе экстрадаваць Андрэя Гнёта з краіны.

«Першы раз мы падалі апеляцыю і выйгралі. І зараз мы падалі другі раз апеляцыю і павінныя другі раз яе выйграць. Але больш за два разы магчымасці гуляць у гэтую гульню няма. Таму 27 жніўня гэта будзе апошні шанец для таго, каб выказацца перад судом, для таго, каб я і мае адвакаты маглі выказаць сваю пазіцыю і падаць усе тыя доказы, якія ў нас ёсць. А яны з’явіліся пасля таго, як мы падалі дакументы на апеляцыю, і іх з’явілася яшчэ вельмі і вельмі шмат».

Андрэй Гнёт падкрэслівае, што, паводле сербскіх законаў, суд мае да 30 дзён на разгляд апеляцыі і высылку рашэння па пошце. Таму рашэнне будзе агучанае ўжо пасля самога пасяджэння.

Паводле журналіста, Сербію не цікавіць той факт, што яго выкраслілі са спісу вышуку Інтэрпалу, бо Сербія падпісала з Беларуссю двухбаковае пагадненне, дзякуючы якому запыты рэжыму на выдачу той ці іншай асобы не могуць ігнаравацца.

«Такая вельмі дзіўная сітуацыя склалася, бо мяне арыштоўвалі, бо Інтэрпал, а экстрадуюць зараз – бо двухбаковае пагадненне. Паводле сербскіх законаў, суд кожныя два месяцы майго зняволення павінен падаўжаць гэтае зняволенне і пераглядаць яго. Калі, можа, з’явіліся новыя пэўныя доказы таго, што я не мушу быць арыштаваны. Дык вось суд кожны раз падаўжае дату майго арышту, абапіраючыся на дату Інтэрпалу», – распавядае журналіст, падкрэсліваючы, што гэты юрыдычны казус ніхто нават не спрабуе выправіць.

Андрэй мае таксама і іншыя аргументы для апеляцыі, ад залічэння ў афіцыйна прызнаныя спісы палітзняволеных і да афіцыйнага прызнання Інтэрпалам сваёй памылкі. На першым разглядзе апеляцыі агулам такіх доказаў было пададзена 78. І ўсе яны даказваюць палітычную матываванасць гэтага пераследу. Абвінавачванні ж у эканамічным злачынстве журналіст называе звычайным абыходам рэжымам палітычных артыкулаў:

,,

«Лукашэнка сказаў: палітычных артыкулаў у нас няма. Таму якія яны артыкулы выкарыстоўваюць? Непалітычныя. Самы папулярны і самы просты артыкул – гэта артыкул 243. І ён таксама (пра гэта было расследаванне журналістаў Deutsche Welle) дазваляе абыходзіць правілы Інтэрпалу. Бо калі падаць у Інтэрпал запыт, у якім будзе хоць намёк на палітычны пераслед, Інтэрпал яго заблакуе».


Цяпер Андрэй знаходзіцца пад хатнім арыштам і носіць адмысловы бранзалет на назе, што адсочвае рух. Ён заклікае ўсіх неабыякавых да ягонага лёсу прыйсці на слуханні ў суд у Бялградзе 27 жніўня ў 11.00, а таксама падкрэслівае важнасць у гэтым працэсе медыйнай, палітычнай і дыпламатычнай падтрымкі, бо «зло робіцца ў цішыні».

Рэжысёр Андрэй Гнёт — палітуцякач з Беларусі. Рэжым Лукашэнкі абвінаваціў яго ў нявыплаце падаткаў і абвясціў у вышук праз Інтэрпал. Гнёта затрымалі ў Сербіі, сем месяцаў ён правёў у турме, потым яго перавялі пад хатні арышт.

Месяц таму Інтэрпал выкрасліў палітуцекача з свайго «чырвонага спісу», бо аформлены Беларуссю запыт на вышук мае палітычную афарбоўку. Аднак Гнёт надалей застаецца пад хатнім арыштам у Сербіі, і яму надалей пагражае экстрадыцыя.

Сяргей Падсасонны, Марыя Голдстэйн, «Белсат»

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10