У студзені – ліпені сальда склалася адмоўным, краіна імпартавала на $ 89 млн болей, чымся прадала за мяжу. Эканамістка Настасся Лузгіна ў каментары «Белсату» назвала паказнік не крытычным, аднак папярэдзіла пра рызыкі.
Нацбанк падлічыў, што ў студзені – ліпені экспарт тавараў і паслугаў вырас год да года на 4,5 %, а імпарт – на 4,7 %. Дэфіцыт вонкавага гандлю склаў $ 89 млн, што амаль удвая болей, чымся за той жа перыяд летась.
З таварамі – зусім бяда. Паводле рэгулятара, іх завезлі ў краіну амаль на $ 2 млрд болей, чымся прадалі за мяжу. Экспарт тавараў год да года павялічыўся на 4,4 %, а імпарт – на 5,7 %.
У Белстату – крыху іншыя лічбы, аднак тэндэнцыя адлюстраваная гэткая ж: рост імпарту абганяе экспарт (5,4 % супраць 4,6 %).
Звесткі статыстычнага ведамства сведчаць, што больш выгодная дынаміка для Беларусі склалася ў гандлі з краінамі гэтак званай дальняй дугі: экспарт туды вырас, а імпарт адтуль — упаў. Хаця сальда ўсцяж адмоўнае для нас: мінус $ 3,4 млрд.
З дзяржавамі СНД (і тут амаль уся статыстыка датычыць Расеі) сітуацыя іншая. Экспарт туды павялічыўся на 4,2 %, а імпарт адтуль узляцеў на 14,5 %. Пры гэтым на постсавецкіх краінах (можна лічыць, на адной Расеі) мы зарабляем каштоўную валюту: дадатнае сальда за сем месяцаў года склала $ 1,6 млрд. Хаця летась было ўдвая болей.
Тлумачыць усялякія ваганні ў вонкавым гандлі досыць складана, бо цяперашнія ўлады старанна хаваюць падрабязную статыстыку. Эканамістка даследчага цэнтру BEROC Настасся Лузгіна ў каментары «Белсату» выказала здагадку, што на рост імпарту ў грашовым вымярэнні паўплывалі гэтак званыя прамежныя тавары – гэта, напрыклад, сыравіна і дэталі для вырабу іншай прадукцыі.
«На рост імпарту магла паўплываць нафта, што станавілася ў той перыяд больш дарагой. Імаверна, сюды ж можна залучыць рост імпарту спажывецкіх тавараў за кошт таго, што актыўна павялічваецца спажывецкі попыт: растуць заробкі, расце спажывецкае крэдытаванне, адпаведна, попыт на імпарт таксама расце», – сказала экспертка.
Вонкавы гандаль Беларусі традыцыйна ратуюць паслугі, і ў студзені – ліпені сёлета так яно і засталося: краіна ў плюсе на $ 1,9 млрд. Пры гэтым імпарт паслугаў скараціўся на 2,4 %, а вось экспарт вырас на 5,3 %. Імаверна, заварушылася IT-сфера:
,,«Імаверна, транспартавыя паслугі выраслі, адбылася пэўная аптымізацыя, можа, зрабілі больш таннай лагістыку. І не забываемся, што спыніла падзенне IT-галіна. Цалкам імаверна, што там адбыўся рост».
Лузгіна адзначыла, што цяперашняе адмоўнае сальда нельга лічыць крытычным. Апошнімі месяцамі паказнік вагаецца з невялікага плюса да невялікага мінуса:
«Пакуль гэта не крытычныя лічбы абсалютна. Калі ў нас будзе сістэматычна з месяца ў месяц адмоўнае сальда павялічвацца, гэта ўжо будзе кепска, бо гэта будзе ўжо такі хранічны працэс, і дэфіцыт будзе цяжка закрыць».
Для Беларусі гандаль з іншымі краінамі – ледзь не адзіная крыніца валюты. «Эканомікі здаровага чалавека», калі праблемы з сальда, яшчэ могуць прыцягваць інвестыцыі або браць крэдыты. А ў нас засталася адна Расея, хаця раней – нібыта ў іншым жыцці – Беларусь выхадзіла на еўрапейскія рынкі, атрымоўвала грошы ад МВФ, і пад неблагі адсотак.
«Калі дэфіцыт будзе хранічна расці, могуць папрасіць падтрымання ў Расеі, улічваючы, што там, наадварот, актыўна расце дадатнае гандлёвае сальда. І гэта прывядзе да яшчэ большай залежнасці ад суседняй краіны. Яшчэ і палітычныя патрабаванні могуць высунуць», — адзначыла экспертка цэнтру BEROC.
Лузгіна, як і іншыя незалежныя эканамісты, не стамляецца нагадваць пра небяспеку моцнай прывязкі Беларусі да адной краіны, бо пры такім раскладзе праблемы суседа аўтаматычна становяцца тваімі праблемамі:
«Рызыка наступнага года для вонкавага гандлю Беларусі ў тым, што расейская эканоміка будзе запавольваць рост, над гэтым працуюць і расейскія ўлады: яны хочуць, каб у іх не было перагрэву. І калі будзе запавольвацца расейская эканоміка, гэта будзе значыць скарачэнне попыту, у тым ліку вонкавага, у тым ліку на беларускія тавары. І гэта будзе такім чыннікам, што абцяжарыць беларускі вонкавы гандаль».
Сцяпан Кубік belsat.eu