Беларусы, якія з'ехалі з краіны, сумуюць па звыклых беларускіх сырках і слабасалёнай сёмзе, іншым ужо адбалела ці знайшлася замена ў новай краіне. Але нельга не засумаваць, атрымаўшы гасцінцы з мінулага жыцця.
«Белсат» паглядзеў цэннікі на некаторыя прадукты, якія многія эмігранты бачылі апошні раз тры гады таму – перад ад'ездам з краіны. Для чысціні эксперыменту мы параўналі цэннікі менавіта ў жніўні 2021 і 2024 гадоў, каб вывесці ўзровень інфляцыі «прадуктовага кошыка эмігранта». А потым параўналі гэтыя звесткі з афіцыйнай інфляцыяй і заробкамі.
Прадукты: плюс 39 % да цаны за тры гады
Праз тры гады выяўляецца, што прыгадаць хоць якія беларускія кошты амаль немагчыма. Тое, што раней каштавала 10 рублёў, ужо можа каштаваць 20 рублёў, а тое, што ты раней купляў, ужо знікла з прычыны санкцыяў і замянілася на невядомыя расейскія аналагі. Калі ж нешта звыклае ў гэтай зменлівай краіне і засталося, то цяпер яно прадаецца ў слоічках 380 мл замест 400 (як, напрыклад, смятана «Брэст-Літоўск»).
Але мы пастараліся прывесці ўсё да агульнага знамянальніка. За тры гады той самы набор прадуктаў абыдзецца ў беларусу на 100 рублёў даражэй – 361 рубель замест 260 рублёў. Выходзіць, наш «эмігранцкі прадуктовы кошык» стаў даражэйшы амаль на 39 %.

Больш заўважна падаражэлі агуркі і інжыр, у 2,3 разу. На другім месцы – памідоры, якія сталі ўдвая даражэйшымі. На трэцім месцы – ялавічына астуджаная, якая дадала 85 % да кошту.
Але засталіся і прадукты, над якімі час не ўладны. Напрыклад, мука і дурніцы практычна не змяніліся ў кошце. А сёе-тое нават патаннела! Але гэта датычыць толькі гародніны, ягад і грыбоў, цэны на якія ў сезон мяняюцца літаральна штодня. Напрыклад, кукуруза стала на чвэрць таннейшай, чарэшня – на 20 %, лісічкі – на 18 %.

Падлічым кошт агульнага кошыка пакупак (харчовыя і нехарчовыя тавары) у 2021 і 2024 гадах. У 2021 годзе той складаў 415,53 рубля, а да 2024 года падрос на 44 % – да 599,25.
Касметыка стала даражэйшай у паўтара раза
Цэны на розную касметыку і бытавую хімію выраслі за тры гады заўважна. Адзін толькі гель для галення – амаль удвая (94 %). Усё, акрамя туалетнай паперы, у нашым кошыку стала даражэйшым мінімум у паўтара разу. Зрэшты, там не аказалася беларускіх вытворцаў, на якія санкцыі паўплывалі не так моцна. Тады, хутчэй за ўсё, змена коштаў была б не такая істотная.

Што гаворыць афіцыйная статыстыка
Інфляцыя на харчовыя тавары ў ліпені 2024 года (гэта апошнія звесткі) склала 3,53 %, на нехарчовыя тавары – 2,75 %. У 2023 годзе інфляцыя таксама была ў адэкватных межах – 6,76 % і 2,87 %. Чаго не скажаш пра 2022 год, калі пачалася поўнамаштабная вайна ва Украіне. Тады інфляцыя рванула вельмі моцна: за год харчаванне падаражэла на 13,81 %, нехарчовыя тавары – на 13,66 %.
У выніку выходзіць, што за тры гады прадукты ў крамах паводле афіцыйнай статыстыкі падаражэлі прыкладна на 24,1 %. Але наш кошык з прадуктамі выйшаў моцна даражэйшы (38,7 %). Нехарчовыя тавары афіцыйна падаражэлі на 19,28 % за тры гады, у нас у кошыку – на 53 %.

Медыяны заробак вырас на 19 %, а кошты – на 44 %
Пойдзем яшчэ далей і пабачым, колькі можна было купіць на свой заробак тады і цяпер. Для гэтага возьмем медыянны заробак у краіне. Ён больш паказальны за сярэдні, бо дае зразумець сярэдзіну заробкавага спісу: больш і менш гэтай лічбы ў краіне атрымлівае аднолькавая колькасць чалавек. Сярэдні заробак у краіне тут мала дапаможа: там тыя, хто ядуць капусту, прыплюсаваныя да тых, хто есць мяса, а ў сярэднім выходзіць, што ўсе ядуць тыя самыя галубцы.
Такім чынам, у траўні 2021 года медыянны заробак у Беларусі быў 1419,60 рубля, праз тры гады ён склаў 1688,3 рубля, дадаўшы амаль 19 %.

Атрымліваецца, што на медыянны заробак у 2021 годзе можна было купіць 3,4 такія «эмігранцкія кошыкі», а ў 2024 годзе – толькі 2,8 кошыка. У выніку выходзіць, што хаця заробкі ў Беларусі і растуць, кошты ў крамах растуць яшчэ хутчэй, і на больш высокі заробак беларус можа купіць менш прадуктаў.
Зрэшты, не ўспрымайце ўсё занадта сур'ёзна: гэта не паўнавартаснае эканамічнае даследаванне, а толькі настальгічная эканоміка на пальцах.
Тэса Анэйда, «Белсат»