Пасля заявы Лукашэнкі пра збітыя украінскія беспілотнікі прапаганда рэжыму, беларускія ведамствы і парламентарыі чакана падхапілі тэму і пачалі яе развіваць. «Белсат» прасачыў за тым, у які наратыў была запакаваная навіна пра нібыта зафіксаванае парушэнне з боку Украіны паветранай прасторы ў небе Беларусі над Касцюковіцкім раёнам.
Нагадаем, з чаго ўсё пачалося. 10 жніўня Лукашэнка заявіў, што над Беларуссю збілі ўкраінскія ўдарныя беспілотнікі, а міністр абароны Віктар Хрэнін адрапартаваў аб прывядзенні ў «гатовасць № 1» сілаў на мяжы, бо Збройныя сілы Украіны нібыта «парушылі ўсялякія правілы паводзінаў» і паветраную прастору Беларусі ў небе над Касцюковіцкім раёнам.
Самалёты «Су-30СМ» і верталёт «Мі-24» падымалі, паводле Лукашэнкі і Хрэніна, на перахоп дзясятка цэляў. Прывялі ў падвышаную баявую гатовасць рэактыўныя сістэмы залпавага агню. А ў 19:04 9 жніўня сілы паветранай абароны нібыта знішчылі некалькі цэляў – «мы падазраем, што гэта ўдарныя беспілотнікі» – над Беларуссю на вышыні 1,5 км і на далёкасці 6,5 км. Лукашэнка заявіў, што рэшту цэляў «перадалі» Расеі, іх збілі пад Яраслаўлем.
Нагадаем, усё эта адбываецца на фоне ўкраінскага ўварвання ў Курскую вобласць Расеі.
Рэжым і прапаганда: ад «Украіна б'ецца ў канвульсіях» да «мала не падасца»
Мы пасачылі за тым, як гэтую навіну працягвае развіваць рэжым Лукашэнкі і яго прапаганда.
Тым жа днём пасля заявы Лукашэнкі, 10 жніўня, у эфіры «Беларусь 1» былі апублікаваныя кадры нібыта са збітымі сіламі СПА Беларусі ўкраінскіх беспілотнікаў.
Як адзначылі прапагандысты, «падчас даследавання абломкаў былі выяўленыя электрычны рухавік, электронныя кампаненты краінаў NATO, актыўная многочастотная антэна амерыканскай вытворчасці, бельгійская навігацыйная сістэма». Як мяркуецца, збітыя беспілотнікі збіраліся сумесна з натаўскімі інжынерамі.

Таксама 10 жніўня намесніца старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў у правах чалавека, нацыянальных стасунках і медыях Ірына Даўгала, каментуючы навіну аб знішчэнні ў беларускай паветранай прасторы ўкраінскіх беспілотнікаў, заявіла, што гэта «кіеўскі рэжым ідзе на подласці дзеля дасягнення сваіх мэтаў»:
«Цалкам відавочна, што парушэнне межаў паветранай прасторы Беларусі ўкраінскімі беспілотнікамі – працяг, калі не сказаць пагаршэнне, падзей апошніх дзён у Курскай вобласці».
Даўгала адзначыла, што ствараецца ўражанне, што Украіна бʼецца ў канвульсіях, у агоніі, выкарыстоўваючы ўсе, што засталіся магчымасці, якія ім шчодра раздаюць калектыўны Захад і ЕЗ:
«Мы павінны быць гатовыя адрэагаваць у любы момант. Хай ніхто не сумняваецца, наш лідар заўсёды трымае руку на пульсе, але адказ будзе, як кажуць, "мала не падасца". А патрабаванне прэзідэнта [маецца на ўвазе самаабвешчаны кіраўнік Беларусі. – рэд. «Белсат»] для ўсіх беларусаў адно – нам трэба тут, на зямлі працаваць, як раней казалі, не пакладаючы рук, і даваць адпаведныя вынікі. І яшчэ адна парада ад нашага прэзідэнта – сесці за стол перамоў і вырашыць усе пытанні, ад гэтага выйграюць усе. Спыніцца кровапраліцце, і людзі вернуцца да мірнага жыцця».
Была і рэакцыя ад МЗС. 10 жніўня ў МЗС выклікалі часовую павераную ў справах Украіны ў Рэспубліцы Беларусь Вольгу Цімуш. Украінскай дыпламатцы перадалі ноту пратэсту «у сувязі з парушэннем мяжы Рэспублікі Беларусь групай беспілотных лятальных апаратаў, запушчаных з тэрыторыі Украіны».
Беларускі бок запатрабаваў распачаць вычарпальныя захады для выключэння ў будучыні падобных інцыдэнтаў і папярэджвалі аб тым, што ў выпадку паўтарэння такіх правакацый беларускі бок пакідае за сабой права распачаць крокі ў адказ для абароны сваёй тэрыторыі.
Асаблівы акцэнт быў зроблены на тое, што, калі дыпламатычнае прадстаўніцтва Украіны ў Беларусі не зможа ўплываць на перадухіленне такіх правакацый, беларускім бокам будзе пастаўлена пытанне аб мэтазгоднасці яго далейшай прысутнасці ў Менску.

А вось як навіну аб запуску ўкраінскіх беспілотнікаў пракаментавала сама прэс-служба МЗС:
«Гэтыя злачынныя дзеянні радыкальна эскаліруюць сітуацыю і ўяўляюць сабой небяспечную спробу пашырыць зону бягучага ў нашым рэгіёне канфлікту. Пры гэтым уцягнуць спрабуюць Беларусь, якая нязменна выступае за ўрэгуляванне крызісу і спыненне кровапраліцця. Такія крокі робяцца ўкраінскім кіраўніцтвам пры відавочным папушчальніцтве або нават падбухторванні вядомых вонкавых гульцоў. Рашуча заклікаем гэтыя бакі адумацца і спыніцца. Звяртаемся да народаў суседняй Еўропы: у выпадку пашырэння канфлікту пажар ахопіць увесь рэгіён і перакінецца, у тым ліку, на краіны ЕЗ. Пераможцаў не будзе! Астудзіце ваяўнічых палітыкаў! У сувязі з небяспекай сітуацыі і глабальнымі рызыкамі МЗС Беларусі неадкладна давядзе падрабязную інфармацыю пра інцыдэнт да профільных структур ААН і АБСЕ, а таксама да чальцоў міжнародных арганізацый і абʼяднанняў, удзельнікам якіх зʼяўляецца Рэспубліка Беларусь».
«Нерэжымныя» эксперты: ад «Лукашэнка спрабуе дапамагчы Пуціну» да «нагода не выпраўляць беларускіх вайскоўцаў у Курскую вобласць»
Але ці былі нейкія дроны на самой справе? Гэта адно з пытанняў, на якое зараз пытаюцца знайсці адказ эксперты.
Да прыкладу, Маніторынгавая група «Беларускі гаюн», якая звычайна адсочвае рух дронаў над Беларуссю, ні пра якія здарэнні 9 жніўня не паведамляла. Гэтак сама, як не паведамлялі пра беспілотнікі і ўкраінскія медыі.
На думку вайсковага аналітыка і былога працаўніка Службы бяспекі Украіны Івана Ступака, улады Беларусі кажуць аб здарэнні з беспілотнікамі ў кантэксце ўкраінскай атакі ў Курскай вобласці Расеі. Лукашэнка згадвае пра атаку ў Курскай вобласці і прывязвае да яе «вось гэтую правакацыю з мэтай удараў па Расейскай Федэрацыі».
Кіраўнік Цэнтру супрацьдзеяння дэзынфармацыі пры Радзе нацыянальнай бяспекі Украіны Андрэй Каваленка лічыць, што сцягванне беларускіх войскаў да ўкраінскай мяжы – гэта спроба дапамагчы Уладзіміру Пуціну і адцягнуць увагу ўкраінскага камандавання на той напрамак.
Кіраўнік НАУ Павел Латушка ўпэўнены, што такое паказальнае ўзмацненне – нагода, каб не выпраўляць беларускіх вайскоўцаў у Курскую вобласць, куды ўварваліся ўкраінскія фармаванні. Пуцін, падобна, папрасіў Лукашэнку дапамагчы ў Курскай вобласці, але той, спасылаючыся на «небяспеку» з боку Украіны, можа адказаць: нам тут, маўляў, самім неабходна абараняцца.
На навіну адрэагавала і Святлана Ціханоўская:
,,«Лукашэнка яшчэ раз паказвае, што ён марыянетка Пуціна, спрабуючы адцягнуць сілы перамяшчэннямі войскаў Украіны і фэйкавымі гісторыямі пра дроны. Гэта проста чарговая правакацыя. Яму нельга давяраць, і ён не прадстаўляе наш народ. Беларусы выступаюць супраць гэтай вайны, і войска не будзе ваяваць з украінцамі», – зрабіла допіс у Х лідарка дэмсілаў Беларусі.
Чытайце таксама: Лукашэнка і Хрэнін нагнятаюць абстаноўку на мяжы з Украінай. Яны гэтак ратуюць Курск?
Надзея Вольная, «Белсат»