Прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск атрымаў трэці рапарт ад камісіі, што вывучае расейска-беларускі ўплыў на польскую дзяржаву. Гэты дакумент непублічны і складаецца з амаль 400 старонак, паведаміў старшыня камісіі і кіраўнік Службы вайсковай контрвыведкі Ярослаў Стружык.
Рапарт камісіі быў таксама адпраўлены шасці міністрам, якія дэлегавалі ў камісію сваіх прадстаўнікоў. Паводле Ярослава Стружыка, матэрыялы, змешчаныя ў справаздачы, могуць паслужыць падставаю для расследавання ў межах не толькі камісіі, але і пракуратуры ды спецыяльных службаў. У прыватнасці, інфармацыя гэтага дакументу можа быць далучаная да рапарту супраць былога кіраўніка Міністэрства нацыянальнай абароны Польшчы Антоні Мацерэвіча, што ўжо быў пададзены ў пракуратуру.
,,«На пачатку красавіка рапарт трапіў да прэм’ера. <…> Справаздача засакрэчаная, налічвае амаль 400 старонак новых матэрыялаў. <…> Магчымае маштабнае пашырэнне матэрыялаў рапарту, які мы падалі летась у лістападзе і снежні датычна Антоні Мацерэвіча і ягонай дыпламатычнай здрады», – падкрэсліў Стружык.
Паводле камісіі, Мацерэвіч у перыяд свайго кіраўніцтва Міністэрствам абароны з 2015 да 2018 года перашкодзіў Польшчы далучыцца да міжнароднай праграмы «Karkonosze» ў закупе самалётаў-запраўнікаў, праз што бюджэту краіны была нанесеная шкода на больш чым 473 тысячы еўраў, а таксама пацярпелі ваенны патэнцыял і стратэгічная бяспека Польшчы.
Камісія ў расследаванні расейскага і беларускага ўплыву на польскую дзяржаву ў 2004 – 2024 гадах была створаная ў траўні 2024 года і распачала сваю працу ў тым жа годзе ў чэрвені.
Як заяўляў Дональд Туск, камісія вольная ад палітычнага ўплыву і будзе даследаваць расейскі і беларускі ўплывы ў галінах гаспадаркі, бяспекі, дзяржавы і медыяў. Працу камісіі каардынуе Міністэрства юстыцыі.
Тлумачачы важнасць дзейнасці камісіі, прэм’ер-міністр зазначаў, што кіраўнікі найбуйнейшых IT-кампаніяў, што працуюць у сферы штучнага інтэлекту, папярэджваюць, што для Расеі і Беларусі «Польшча ёсць найважнейшым тэатрам дзеянняў не толькі з прычыны геаграфічнага становішча».
Першую справаздачу камісія прэзентавала 30 кастрычніка 2024 года. У дакуменце рабілася выснова, што цягам перыяду, які быў узяты для аналізу, нішчыліся польскія спецыяльныя службы, пераважна контрвыведка, а таксама дэлегацыі Агенцыі ўнутранай бяспекі (ABW), збор Інстытуту нацыянальнай памяці.
10 студзеня 2025 года камісія падала наступны рапарт. Ён датычыў пераважна перыяду ад выбуху пандэміі Covid-19 у Польшчы ў 2020 годзе, калі былі зафіксаваныя дэзынфармацыйныя дзеянні. З рапарту вынікае, што супрацьдзеянне дэзынфармацыйным пагрозам з боку Расеі і Беларусі ў апошнія гады было недастатковым.
Марыя Міхалевіч belsat.eu