11 жніўня завяршаюцца Алімпійскія гульні ў Парыжыі. На іх беларускія спартоўцы выступалі альбо ў нейтральным статусе, альбо за іншыя краіны. Якімі Гульні сталіся для гледачоў і спартоўцаў, што парадвала, а што расчаравала, «Белсату» распавёў спартовы журналіст Арцём Сізінцаў.
Беларускія спартоўцы на Алімпіядзе заваявалі чатыры медалі. Паводле журналіста, іхныя вынікі перавысілі ўсе чаканні. З іх для Арцёма Сізінцава толькі адзін медаль быў відавочным — залаты ад Івана Літвіновіча.
«Пры ўсіх умоўнасцях нейтральны статус спартоўца накладае пэўныя цяжкасці на кожнага. І ў такіх умовах заваяваць, здабыць медалі на Алімпійскіх гульнях, калі ўсе іншыя выступаюць у роўных умовах, — гэта вялікі поспех. Таму я лічу, што, натуральна, беларускі НАК зараз паспрабуе выкарыстаць гэта ў прапагандысцкіх мэтах», — тлумачыць сваю пазіцыю спартовы журналіст і падкрэслівае, што нават без палітычных чыннікаў беларусы выступілі на Гульнях даволі паспяхова.
Паводле Арцёма Сізінцава, як бы беларускія спартоўцы не далучаліся да прапагандысцкіх акцыяў, яны мусілі выступіць на гэтай Алімпіядзе, бо ў такой прафесіі век кароткі — максімум тры-чатыры ўдзелы ў Гульнях. Таму ўсе разумеюць, што праз палітычны чыннік прапусціць мерапрыемста такой велічыні — вялікая памылка.
«Згадваючы пра расчараванні, можна сказаць пра Вольгу Сафронаву — спартоўку, якая, здавалася б, набыла другую радзіму і атрымала шанец выступіць за Польшчу, але ізноў нешта не так пайшло, ізноў яна не выступіла, хаця і вельмі рыхтавалася», — сказаў Арцём Сізінцаў.

Сізінцаў упэўнены: беларускім спартоўцам варта выкарыстоўваць любы шанец, каб паказаць сябе, і нейтральны статус гэтаму не перашкаджае.
Што датычыць Гульняў агулам, то журналіст падкрэслівае: гэтая Алімпіяда даволі роўная ў гендарным сэнсе і даволі цікавая. Ёсць нечаканыя вынікі, яскравыя выступленні, ёсць нават рэкорды: у плаванні, у лёгкай атлетыцы. І гэта моцна ўразіла людзей, для якіх сёлетнія Гульні — сапраўднае свята.
А вось вялікіх расчараванняў, паводле Арцёма Сізінцава, не было:
«Многае чакалася. Чакалася, што Міжнародны алімпійскі камітэт не будзе займаць такой канкрэтнай пазіцыі наконт нейтральных спартоўцаў. Фактычна да самага канца, як звычайна, не быў зразумелы іх статус, як яны будуць выступаць і, нягледзячы на заявы, МАК гэтай яснасці не дабаўляў з часам. У выніку ўсе выступілі, напэўна, хто быў дапушчаны, але праблема была ў тым, што Міжнародны алімпійскі камітэт не з’яўляецца такой арганізацыяй, якая б сваім аўтарытэтам развязвала ўсе праблемы і пытанні».
Журналіст падкрэслівае, што было б нашмат лепш, калі б падобныя пытанні вырашыць загадзя, ад удзельнікаў да ўмоваў удзелу, бо хочацца яснасці і канкрэтыкі.
У самой жа арганізацыі мерапрыемства відавочных правалаў не было, кажа Арцём Сізінцаў, згадваючы, праўда, скандал з алжырскай баксёркай, якую вінавацяць то не ў правільных храмасомах, то праблемах з гармонамі, таму яна не мусіла выступаць супраць жанчын, але гэтая тэма ўжо раней падымалася на Алімпійскіх гульнях.

Агулам у Парыж для выступу ў нейтральным статусе (без гімну, сцягу і любога абазначэння нацыянальнай прыналежнасці) прыехалі 17 атлетаў з беларускім пашпартам. Яны чатыры разы патрапілі на пастамент: у скачках на батуце выйграў золата Іван Літвіновіч, а Віялета Бардзілоўская была другой. Таксама срэбра заваяваў прадстаўнік акадэмічнага веславання Яўген Залаты, а цяжкаатлет Яўген Ціханцоў стаў бронзавым прызёрам у катэгорыі да 102 кг.
Гульні ў Парыжы сталі антырэкорднымі для Беларусі ў колькасці выйграных медалёў. Дагэтуль антырэкорднымі былі летнія Гульні ў Токіа. У 2021-м спартсмены здабылі сем медалёў: залаты, тры сярэбраныя і тры бронзавыя. Але там удзельнічалі 105 спартоўцаў, то бок у пяць разоў больш.
Нейтральны статус і малая колькасць атлетаў з Беларусі былі выкліканыя саўдзелам рэжыму Аляксандра Лукашэнкі ў вайне Расеі супраць Украіны.
Марыя Голдстэйн, «Белсат»