Улады ў Менску заявілі пра знішчэнне некалькіх украінскіх беспілотнікаў, назвалі гэта правакацыяй суседняй краіны і пастанавілі ўзмацніць мяжу з Украінай. Кіраўнік НАУ Павел Латушка ўпэўнены, што такое паказальнае ўзмацненне — нагода, каб не выпраўляць беларускіх вайскоўцаў у Курскую вобласць, куды ўварваліся ўкраінскія фармаванні.
Міністр абароны Віктар Хрэнін адсправаздачыўся, што на загад Лукашэнкі ў «прызначаныя раёны» перакідваюць Сілы спецыяльных аперацыяў, фармаванні сухапутных і ракетных войскаў, у тым ліку комплексы «Іскандэр» і «Паланэз». Імаверна, узмацняць будуць гомельскі і мазырскі напрамкі.
Старшыня Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, намеснік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінету Павел Латушка сказаў «Белсату», што Уладзімір Пуцін, падобна, папрасіў Лукашэнку дапамагчы ў Курскай вобласці, але той, спасылаючыся на «небяспеку» з боку Украіны, можа адказаць: нам тут, маўляў, самім неабходна абараняцца.
«Лукашэнка не хоча выконваць просьбу Пуціна аб накіраванні Узброеных сілаў Беларусі ў Курскую вобласць, каб абараняць свайго хаўрусніка, што вынікае з вайсковай дактрыны гэтак званай “Саюзнай дзяржавы”. Лукашэнка такім чынам дэманструе, што нібыта зноў з’явілася пагроза з Украіны, таму яму патрэбна трымаць войска на мяжы з Украінай, і ён, значыцца, не ў стане накіраваць беларускія войскі ў Курскую вобласць», — мяркуе Латушка.
Ён параўнаў сітуацыю, у якой апынулася Беларусь, з парахавой бочкай:
«Лукашэнка — хаўруснік імперыі, якая вядзе вайну, і ў гэтай сітуацыі ён заўсёды будзе сядзець на парахавой бочцы, і, на жаль, на парахавой бочцы будзе сядзець і беларускі народ. Трэба зразумець, што першакрыніцай, першапрычынай, праблемай усёй гэтай сітуацыі з’яўляецца менавіта рэжым Лукашэнкі, менавіта ён сам, які даў тэрыторыю Беларусі для агрэсіі супраць суседняй дружалюбнай краіны — Украіны, і сёння працягвае дапамагаць Пуціну ў вайне супраць Украіны».
Палітык заклікаў беларускіх вайскоўцаў «зрабіць з гэтага высновы», улічваючы, што няма ніякіх гарантыяў, што іх не выправяць у Расею ваяваць з украінцамі:
«З гэтага варта рабіць высновы — усім беларусам, а таксама вайскоўцам — хто вінаваты ў тым, што адбываюцца такія падзеі і ў звязку з чым узнікаюць рызыкі менавіта для беларускіх вайскоўцаў і для беларускага народ».
У сярэдзіне ліпеня Лукашэнка абвясціў пра «ліквідацыю напружанасці» на мяжы з Украінай і пастанавіў адвесці войскі. Той крок раскрытыкавалі расейскія Z-каналы, палітыка абвінавацілі ў здрадзе. Нельга выключаць, што менавіта дзякуючы адводу беларускіх войскаў ад мяжы ў ўкраінцаў з’явілася магчымасць атакаваць Курскую вобласць.
І вось цяпер Лукашэнка рэабілітуецца за той «промах» — такую версію выказаў палітычны каментатар, выканаўца абавязкаў намесніка дырэктара «Белсату» Сяргей Пеляса.
«Лукашэнку дзеля таго, каб рэабілітавацца, выратаваць сваё імя хаўрусніка і брата Расеі, трэба стварыць ілюзію, што зноў на ўкраінскай мяжы неспакойна, што ён ведае, адкуль рыхтуецца напад, зараз яго пакажа на мапе — і пад Мазыр, пад украінскую мяжу рушаць “Паланэзы”, “Іскандэры”, спецназ і бог ведае што яшчэ. Гэта яму патрэбна, каб выратавацца ад гневу Пуціна», — сказаў Пеляса ў размове з карэспандэнтам «Белсату».
На ягонае меркаванне, нібыта збітыя над Беларуссю беспілотнікі — проста нагода, каб зноў узмацніць мяжу з Украінай:
,,«Хутчэй за ўсё, гэта правакацыя. Імаверна, гэтых дронаў наогул не было альбо былі нейкія дроны, якія сімулявалі ўкраінскую атаку, і гэта было выкарыстана як нагода для таго, каб прымусіць Лукашэнку, або для самога Лукашэнкі гэта было тлумачэнне, каб сканцэнтраваць зноў войскі на мяжы з Украінай».
Палітычны каментатар схіляецца да думкі, што тут не абышлося без Кітаю, які перад ліпеньскім адводам войскаў ад украінскай мяжы «мог гарантаваць Лукашэнку некаторую бяспеку, парасон ад Пуціна, прынамсі на нейкі час, дзеля таго, каб прымусіць Расею скончыць вайну»:
«Кітаю не выгадны працяг вайны, таму што цярпіць кітайскі гандаль, пад пагрозаю знаходзіцца чыгуначны гандаль праз тэрыторыю Беларусі, пад рызыкаю закрыцця мяжы. А значэнне чыгуначнага шляху ў ЕЗ праз Беларусь і Польшчу вырасла для Пекіна падчас вайны».
Пеляса пры гэтым сумняецца, што ўзмацненне мяжы з беларускага боку неяк уразіць украінцаў:
«Я не думаю, што ў выніку гэтага ўкраінцы спыняць сваю аперацыю пад Курскам, бо яны разумеюць, што гэтыя рухі хутчэй за ўсё фальшывыя».
Чытайце таксама: Лукашэнка і Хрэнін нагнятаюць абстаноўку на мяжы з Украінай. Яны гэтак ратуюць Курск?
Сцяпан Кубік, «Белсат»