навіны

Аб’яднаны кабінет плануе вялікую колькасць міжнародных сустрэч гэтай восенню і ў пачатку зімы

Прадстаўнікі АПКБ на канферэнцыі «Новая Беларусь» у Вільні ў жніўні 2024 года. Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Прадстаўнікі АПКБ на канферэнцыі «Новая Беларусь» у Вільні ў жніўні 2024 года. Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Аб'яднаны Пераходны Кабінет Беларусі / Telegram
podpis źródła zdjęcia

Восень і пачатак зімы будуць насычаныя міжнароднымі сустрэчамі кіраўніцы і прадстаўнікоў АПКБ з замежнымі партнёрамі. Гэта вынікае са справаздачы з пасяджэння, якое адбылося 10 верасня. 



Справаздача была апублікаваная ў тэлеграм-канале АПКБ.

Адной з галоўных тэм пасяджэння стала развіццё адносін дэмакратычных сіл з Украінай, краінамі Захаду, Еўрасаюзам і ЗША.

Напяэрэдадні сустрэч, якія маюць адбыцца, паведаміў прадстаўнік па міжнародным і еўрапейскім супрацоўніцтве Уладзімір Астапенка, ёсць неабходнасць правядзення палітычных кансультацый з галоўнымі партнёрамі (Польшчай, Германіяй, Францыяй, Вялікабрытаніяй, ЗША, Еўрасаюзам). Пэўныя палітычныя кансультацыі са свайго боку пачаў намеснік кіраўніцы кабінета Павел Латушка, аб чым ён праінфармаваў чальцоў кабінета.

Пра вынікі сустрэчы, якая адбылся з амбасадарам Украіны па асобых даручэннях па Беларусі Ігарам Кізімам распавёў прадстаўнік па абароне і нацыянальнай бяспецы кабінета Вадзім Кабанчук. Паводле ягоных словаў, была адзначана неабходнасць канкрэтызацыі супрацоўніцтва, сінхранізацыі падыходаў да санкцыйнай палітыкі ў дачыненні да рэжыму, далейшых практычных крокаў па прыцягненні Лукашэнкі да адказнасці за ваенныя злачынствы, у тым ліку за незаконнае перамяшчэнне ў Беларусь дзяцей з акупаваных тэрыторый Украіны.

Таксама ў выніковай справаздачы была адзначана далейшая прапрацоўка стратэгіі дэмакратычных сіл адносна так званай «выбарчай» кампаніі 2025 года, якая актыўна вядзецца прадстаўнікамі кабінету. У прыватнасці, адбыўся шэраг адкрытых і закрытых мерапрыемстваў, прысвечаных працы ў гэтым кірунку. Тэма асвятлялася таксама на Форуме па інфармацыйнай устойлівасці, у якім узялі ўдзел прадстаўнікі палітычных, грамадскіх і медыйных арганізацый, эксперты і міжнародныя партнёры. Адзначаны высокі ўзровень паразумення паміж асноўнымі актарамі кампаніі.

,,

«Выбары 2025 года праз намаганні Лукашэнкі будуць чарговымі «бязвыбарамі», іх вынікі не будуць вартыя прызнання. Аднак важна, каб беларусы ў краіне і па-за яе межамі змаглі заўважна і бяспечна выказаць сваю палітычную пазіцыю і пацвердзіць прыхільнасць дэмакратычным каштоўнасцям. Месца Беларусі – у еўрапейскай сям’і народаў», – гаворыцца ў паведамленні АДКБ.


Яшчэ адной тэмай для абмеркавання на пасяджэнні сталі праблемы беларускіх студэнтаў і абітурыентаў, якія сутыкнуліся з адмовамі ў выдачы віз і патрабаваннямі з боку польскіх ВНУ дадатковага пацвярджэння выдадзеных у Беларусі дакументаў аб адукацыі.

Як паведаміла прадстаўніца па нацыянальным адраджэнні Аліна Коўшык, сітуацыя пакуль застаецца няпростай, аднак вядзецца шчыльная праца з Міністэрствам адукацыі Польшчы над пераадоленнем праблем.

Прадстаўніцтва па нацыянальным адраджэнні Кабінета анансавала правядзенне ў Варшаве 14 і 15 верасня стратэгічнай «антыканферэнцыі» Belarus ID Revival Days, на якой збяруцца палітычныя і грамадскія дзеячы, медыя, прадстаўнікі бізнесу і эксперты. Канферэнцыя збярэ ўсіх зацікаўленых у забеспячэнні ўмоў для трывалага развіцця беларускай нацыі і яе захавання ў цяжкіх умовах інфармацыйнай вайны, рэпрэсій і татальнай русіфікацыі.

Раман Шавель belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10