навіны

Роза Турарбекава заклікала дэмакратычныя сілы да «аўдыту рэальнасці». Што гэта значыць?

Роза Турарбекава.
Роза Турарбекава. Фота: Белсат
podpis źródła zdjęcia

Гісторык і палітолаг, дацэнтка і кандыдатка гістарычных навук Роза Турарбекава пакінула Каардынацыйную раду пасля канферэнцыі «Новая Беларусь». Яна часткова пагадзілася з тым, што агучыў былы спікер КР Андрэй Ягораў: у дэмакратычных сілаў «крызіс вызначэння мэтаў», патрэбны «аўдыт рэальнасці». Яна расказала «Белсату», што гэта значыць і як такі аўдыт правесці.

Роза Турарбекава ў каментары «Белсату» падкрэслівае, што пры выхадзе са складу Каардынацыйнай рады трэцяга склікання намагалася «не надта гучна ляснуць дзвярыма» і не выключае сябе з беларускага дэмакратычнага руху. Але ў гэтым руху яна бачыць пэўны крызіс «вызначэння мэтаў», і каб выйсці з яго, трэба спачатку атрымаць экспертнае меркаванне, а затым прыняць палітычнае рашэнне. 

«Палітычныя рашэнні маюць грунтавацца на вывучэнні рэальнасці экспертнымі даследаваннямі, – настойвае Турарбекава. – Вось пра што я казала. І таму я і заклікала Святлану Ціханоўскую самой непасрэдна чытаць гэтыя даследаванні, а не слухаць пераказы гэтых даследаванняў з вуснаў людзей, якія могуць іх свядома ці несвядома скажаць».

Калі заклікала чытаць Арцёма Шрайбмана ці Рыгора Астапеню, то казала не столькі пра канкрэтных людзей, колькі пра экспертную супольнасць агулам, дадае яна. Даследаванняў выдаюць шмат, трэба чытаць хаця б пра самыя актуальныя праблемы. Напрыклад, рэгулярна публікуюць сацыялагічныя даследаванні думак беларусаў – дык варта ўзяць некалькі розных даследаванняў, суаднесці, і калі вынікі карэлююць, то лічыць іх блізкімі да рэальнасці.

«Гэта значыць, недастаткова абапірацца на адно экспертнае даследаванне, – заўважае Турарбекава. – Гэта асновы крытычнага мыслення! Гэта тое, чаму павінны былі навучыць нашых студэнтаў, але не навучылі, і вось мы зараз пажынаем плён».

Яна заклікае крытычна мысліць у розных пытаннях, як то ў справах санкцыяў, вызвалення палітвязняў, беларуска-расейскіх стасункаў. І не ўпэўненая, што дарадцы Ціханоўскай так робяць, бо ім ужо «крычалі, што вашыя лозунгі састарэлі».

«Вашая ацэнка рэчаіснасці не адпавядае рэчаіснасці, гэта вам кажа не адзін чалавек, – адзначае Турарбекава. – Я думаю, што гэта нагода задумацца над тым, што вы робіце не так. Як гэта можа выглядаць? Ні ў якім разе гэта не павінна быць, як я казала, вучоная рада пры Чынгісхане».

Яна тлумачыць: не павінна быць так, каб палітыкі выслухвалі меркаванні экспертаў і прымалі рашэнні на падставе нейкіх сваіх думак, якія не абапіраюцца на экспертаў. Наадварот, мусіць быць як у міжнародных стасунках дзяржаваў: спачатку экспертная група рыхтуюе базавы дакумент, затым дыпламаты мусяць яго «шліфаваць з дыпламатычнага пункту гледжання», нарэшце кіраўнікі дзяржаваў дакумент падпісваюць.

Турарбекава перакананая, што прынамсі Каардынацыйнай радзе, а мо і Офісу Ціханоўскай, вельмі патрэбная экспертная служба. Яна згадвае, як у КР трэцяга склікання на галасаванне выносілі дакументы, якія мелі тэрміналагічную памылку проста ў назве: прапаноўвалі не заявы, а рэзалюцыі, тады як КР не мае ўлады рабіць resolutio – прымаць рашэнне. Рабіць заявы можа, але для рэзалюцыяў бракуе палітычнай улады, «мы можам толькі папрасіць».

І што могуць прапанаваць дэмакратычным сілам эксперты?

,,

«Першае, што могуць прапанаваць эксперты, гэта ацэнка стану сітуацыі ў вонкавай палітыцы, у міжнародных стасунках, – адказвае Турарбекава. – Усё, што цяпер адбываецца з рэжымам, усё, што цяпер адбываецца з грамадскай думкай. Да якой ступені сёння беларуская грамадская думка падвержаная працы дзяржпрапаганды. Не трэба заплюшчваць вочы і затыкаць вушы. Гэта рэальнасць, трэба яе прызнаваць. З ёй трэба працаваць».


У любых экспертных даследаваннях, працягвае яна, і так ёсць раздзел рэкамендацыяў – гэта «класіка жанру». Дык трэба гэтыя рэкамендацыі чытаць, прыслухвацца да іх і спрабаваць рэалізаваць.

Каб атрымаць адказ на больш канкрэтнае пытанне ў напрамку «што рабіць беларускім дэмакратычным сілам зараз», трэба замовіць такое даследаванне, нагадвае Турарбекава. І добрае даследаванне не стануць рабіць бясплатна, бо прафесійныя эксперты прадаюць не проста свой час, а сваю інтэлектуальную працу.

І калі высновы экспертаў пачуюць з вуснаў паплечнікаў, якія і так крытыкуюць бягучыя справы, як то ад Андрэя Ягорава ці Аляксандра Кныровіча, то да іх не прыслухаюцца, упэўненая Турарбекава. Што сыходзіць ад апанентаў, не ўспрымаецца, бо гэта ж апаненты. Таму слухаць трэба экспертаў, якім усё роўна, хто якую пазіцыю займае, і якім важней іхная рэпутацыя як эксперта. Хаця, згадвае Турарбекава, у Беларусі і сацыёлагаў «не слаба крыўдзілі». 

Але калі не слухаць тых, чые высновы могуць не падабацца, то рана ці позна вакол застануцца толькі людзі, якія кажуць толькі тое, што ад іх хочаш пачуць, рэзюмуе Турарбекава. І гэта ўжо тыпова для аўтарытарызму.

Чытайце таксама: Пра што дамовіліся на канферэнцыі «Новая Беларусь».

Алесь Наваборскі, «Белсат»

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10