навіны

ЗСУ адкрылі новы фронт? Тлумачым, што адбываецца ў Курскай вобласці

Жаўнеры 42-й брыгады ЗСУ рыхтуюць артылерыю да абстрэлу расейскіх пазіцый у Харкаўскай вобласці, Украіна. 5 жніўня 2024 года. Фота: Jose Colon / Anadolu Press / Abaca Press / East News
Жаўнеры 42-й брыгады ЗСУ рыхтуюць артылерыю да абстрэлу расейскіх пазіцый у Харкаўскай вобласці, Украіна. 5 жніўня 2024 года. Фота: Jose Colon / Anadolu Press / Abaca Press / East News
podpis źródła zdjęcia

Другі дзень запар у памежных раёнах Курскай вобласці РФ ідуць баі. Праверанай інфармацыі адтуль бракуе, а афіцыйны Кіеў падзеі апошніх дзён не каментуе. Але ўсё ўказвае на тое, што гэта самая сур’ёзная аперацыя ЗСУ на расейскай тэрыторыі за ўвесь час вайны. Паводле неафіцыйных звестак, глыбіня прасоўвання ўкраінскіх падраздзяленняў можа складаць да 10-15 км. «Белсат» распавядае, што вядома на дадзены момант.

Нечаканы ўдар

Першыя прыкметы абвастрэння сітуацыі ў Курскай вобласці РФ сталі фіксавацца ў ноч з 5 на 6 жніўня. Мясцовыя ўлады спачатку распавялі пра масаваную атаку ўкраінскіх беспілотнікаў, а потым пра абстрэл райцэнтру Суджа, што ў 8 км ад мяжы з Украінай.

6 жніўня каля 10:00 выконваючы абавязкі губернатара Курскай вобласці Аляксей Смірноў паведаміў пра спробы прарыву ЗСУ ў Суджанскім і Карэнеўскім раёнах. Паводле чыноўніка, «байцы пагранічнай службы ФСБ Расеі і Узброеных сілаў РФ не дапусцілі прарыву мяжы». Аднак неўзабаве стала зразумела, што пераможныя рэляцыі мясцовых уладаў не адпавядаюць рэчаіснасці. Шэраг расейскіх Z-каналаў паведамілі пра разлютаваныя на мяжы. Telegram-канал «Рыбарь» сцвярджаў, што асноўны ўдар ЗСУ накіраваны на Ганчароўку і Курылаўку, прычым украінцы здолелі ўклініцца ў расейскую тэрыторыю ўздоўж трасы 38К-004. Яшчэ адным напрамкам атак, паводле канала «Рыбарь», стаў рубеж Мікалаева-Дар'іна — Свярдлікава: на ўскраінах гэтых паселішчаў ішлі баі.

Спачатку Мінабароны РФ заявіла, што ўкраінскія сілы былі разгромлены і адышлі на сваю тэрыторыю. Пазней паведамленне ведамства было адрэдагаванае: цяпер сцвярджалася, што праціўніку проста «наносіцца агнявое паражэнне».

Разбурэнні ў горадзе Суджа ў выніку абстрэлу з боку ўкраінскай арміі у Курскай вобласці, Расея. 6 жніўня 2024 года. Фота: Governor of Kursk Region / AFP / East News
Разбурэнні ў горадзе Суджа ў выніку абстрэлу з боку ўкраінскай арміі у Курскай вобласці, Расея. 6 жніўня 2024 года. Фота: Governor of Kursk Region / AFP / East News

Увечары 6 жніўня ўкраінскія паблікі пачалі распаўсюджваць відэа з узятымі ў палон у Курскай вобласці расейскімі салдатамі тэрміновай службы - менавіта іх камандаванне накіравала абараняць мяжу РФ. Паводле непацверджаных звестак, у палон маглі трапіць прыкладна 35 расейскіх салдат.

ЗСУ прасунуліся на 15 км?

У ноч на 7 жніўня «Рыбарь» паведаміў, што ў Суджанскім раёне Курскай вобласці «захоўваецца цяжкая сітуацыя», украінскія вайскоўцы здолелі замацавацца ў памежнай зоне. Паводле «Рыбаря», ЗСУ занялі паселішчы Мікалаева-Дар’іна, Дар’іна і Свердлікава, пашырылі зону кантроль уздоўж трасы 38К-004 і прасунуліся да Ганчароўцы - заходняга прыгараду Суджы. Вайсковы блогер «Fighterbomber» зазначыў, што расейскія войскі нясуць страты, а баі цяпер самыя цяжкія з тых, што адбываліся на тэрыторыі РФ за ўсю вайну.

Ваенкор-прапагандыст, карэспандэнт ВДТРК Аляксандр Сладкоў раніцай 7 жніўня паведаміў, што сітуацыя ў Курскай вобласці пагоршылася, украінцы ўвялі ў бой рэзервы і ўклініліся ў расейскія пазіцыі на 10 км. Расейцы пры гэтым страцілі ў баях тры верталёты. Адзін з іх у выніку атакі ўкраінскага FPV-дроны - гэта першы такі выпадак у гісторыі.

Праваенны Telegram-канал «Два майора» ацэньвае сітуацыю яшчэ больш песімістычна: сцвярджаецца, што ЗСУ прасунуліся на 15 км, прысутнічаюць цяпер у 11 паселішчах, а шырыня фронту складае 10-11 км.

«У Суджы ідзе бой. Супраціў у горадзе аказваюць па факце памежнікі, разрозненыя падраздзяленні МА і паліцыі. На сувязі пакуль толькі памежнікі», - паведаміў 7 жніўня каля 16:30 Telegram-канал «Zаписки Vетерана».

У мясцовых пабліках публікуюць кадры разбурэнняў у Суджы. Удзень 7 жніўня з’явіліся чуткі, што горад ужо заняты ЗСУ або можа быць неўзабаве заняты. 

«Прарывы ​​банальна няма кім стрымліваць. Вось і кідаюць тэрміновікаў пад танкі. А таму што нікога іншага проста няма», - абураецца Z-блогер Alex Parker Returns.

«Праціўнік прымудраецца наступаць калонамі, што для нас даўно недазваляльная раскоша з-за дронаў ЗСУ», - піша «Жываў Z».

Цывільныя ўцякаюць з ахопленых баямі раёнаў. Улады Курскай вобласці абвясцілі збор донарскай крыві, у рэгіён накіравалі медыкаў з Масквы і Санкт-Пецярбургу. Мінабароны паведамляе пра перакідванне вайсковых рэзерваў у Курскую вобласць.

Новы ўзровень аперацыяў

Улады Украіны падзеі апошніх дзён не каментуюць. Увогуле звестак пра сітуацыю ў Курскай вобласці з украінскага боку амаль не паступае - імаверна, вайсковае камандаванне мэтанакіравана падтрымлівае вакол аперацыі рэжым інфармацыйнай цішыні.

Салдаты 42-й брыгады ЗСУ абстрэльваюць расейскія пазіцыі ў Харкаўскай вобласці, Украіна. 5 жніўня 2024 года. Фота: Jose Colon / Anadolu Press / Abaca Press / East News
Салдаты 42-й брыгады ЗСУ абстрэльваюць расейскія пазіцыі ў Харкаўскай вобласці, Украіна. 5 жніўня 2024 года. Фота: Jose Colon / Anadolu Press / Abaca Press / East News

Аглядальнік украінскай даследчай суполкі «Інформаційны спротив» Канстанцін Машавец прызнае, што пытанняў пакуль больш, чым адказаў. Паводле яго, упэўнена можна сцвярджаць толькі, што ў Курскай вобласці ідуць баі і абодва бакі інтэнсіўна выкарыстоўваюць «увесь спектр канвенцыйнай зброі, уключаючы баявую авіяцыю, а таксама артылерыйскае і ракетнае ўзбраенне».

В 2023-2024 гг. Украіна сіламі расейскіх добраахвотніцкіх падраздзяленняў (легіён «Свабода Расеі», «Рускі добраахвотніцкі корпус» (РДК) і «Сібірскі батальён») зладзіла шэраг дыверсійных рэйдаў на тэрыторыю РФ. У тым ліку сёлета ў сакавіка адпаведныя падзеі адбываліся ў Курскай вобласці. Аднак цяпер у Курскай вобласці адбываецца нешта больш сур’ёзнае, чым проста дыверсійная акцыя. Ёсць падставы казаць пра паўнавартасную вайсковую аперацыю.

Па-першае, гэта, імаверна, самая маштабная аперацыя Украіны на тэрыторыі РФ за ўсю вайну. Паводле розных ацэнак, у Курскай вобласці ЗСУ задзейнічала сілы колькасцю ад батальёна да брыгады - з цяжкой тэхнікай, пры падтрымцы авіяцыі і сілаў СПА. Прычым, хутчэй за ўсё, гэта менавіта рэгулярныя войскі, а не добраахвотніцкія фармаванні, як у выпадку з РДК.

Па-другое, глыбіня ўкліньвання за содні склала ад 7,5 да 15 км, што па мерках цяперашняй пазіцыйнай вайны досыць высокі паказнік. Пераацэньваць дасягненні ЗСУ, канешне, не варта, бо гаворка ідзе пераважна пра шэрую зону, а не ўмацаваную лінію абароны. Тым не менш, гэта паказнік на ўзроўні наступлення РФ на Харкаўшчыне ў траўні 2024 году, дзе расейцы таксама мелі справу з шэрай зонай і пры гэтым задзейнічалі несуразмерна больш рэсурсаў. Telegram-канал «Говорять Снайпер», які вядзе ўкраінскі вайсковец Станіслаў Бунятаў сцвярджае, што тэмпы прасоўвання ЗСУ цяпер нават вышэй, чым былі ў расейцаў пад Ваўчанскам у траўні.

,,

«Не магу зразумець, чаму нашы войскі ў зоне СВА ў сярэднім у суткі прасоўваюцца на 100-200 метраў і штурмуюць населеныя пункты па некалькі тыдняў, а то і месяцаў, а ЗСУ на Курскам фронце за суткі праходзяць 15 км і захопліваюць 11 населеных пунктаў? Чаму???» - абураецца ў сваім Telegram-канале былы расейскі дэпутат і афіцэр Віктар Алксніс.


Курская загадка

Праз дэфіцыт інфармацыі аперацыя ЗСУ ў Курскай вобласці выглядае загадкава і таямніча. Незразумела, чаго ўкраінцы плануюць дасягнуць, колькі сілаў гатовыя кінуць у бой і ці разлічваюць застацца на расейскай тэрыторыі.

Вайскоўцы 42-й брыгады ЗСУ адпачываюць у траншэі ў Харкаўскай вобласці, Украіна. 5 жніўня 2024 года. Фота: Jose Colon / Anadolu Press / Abaca Press / East News
Вайскоўцы 42-й брыгады ЗСУ адпачываюць у траншэі ў Харкаўскай вобласці, Украіна. 5 жніўня 2024 года. Фота: Jose Colon / Anadolu Press / Abaca Press / East News

Якой можа быць канчатковая мэта ўкраінскай аперацыі? Z-каналы пішуць, што Украіна хоча пераўтварыць Суджу ў другі Ваўчанск (то бок уцягнуць расейцаў у зацяжныя вулічныя баі, якія прывядуць да знішчэння гораду) і паспрабаваць захапіць Курчатаўскую АЭС. Аднак гэтыя версіі хутчэй адлюстроўваць узровень трывогі расейскіх ваенкораў, чым рэальнае становішча на фронце. Наўрад ці ў ЗСУ хопіць рэзерваў для гэтага.

Акрамя таго, захопліваць Курчатаўскую АЭС немэтазгодна з палітычнага пункту гледжання. 

«У вачах свету мы адразу станем ядравымі тэрарыстамі - гэта будзе неверагодным падарункам Расеі і вялікай паразаю для нас», - тлумачыць размове з «Белсатам» вайсковы эксперт Іван Ступак.

Найбольш праўдападобна, што прарыў у Курскай вобласці разлічаны на тое, каб адцягнуць рэзервы РФ з іншых участкаў фронту.

«Самая галоўная мэта - адцягнуць расейскія Узброеныя сілы з Белгародскай вобласці, з Харкаўскай вобласці Украіны, каб нашыя войскі ўздыхнулі з палёгкай і здолелі на 20-30% хутчэй выкінуць расейскія войскі за дзяржаўную мяжу», - мяркуе Іван Ступак.

Аднак эфектыўнасць падобных адцягваючых удараў заўсёды спрэчная: загадзя цяжка пралічыць, хто ў выніку змарнуе больш рэзерваў. Украінскі афіцэр, які вядзе аналітычны блог пад нікам Tatarigami, звяртае ўвагу, што на пакроўскім кірунку Данбасу склалася «крытычная сітуацыя», у ЗСУ там не хапае салдат. У гэтых умовах «адцягненне амаль брыгады на наступ на Курскую вобласць, пазбаўлены стратэгічнага сэнсу, мяжуе з разумовай адсталасцю», мяркуе ён. 

Tatarigami упэўнены, што адцягнуць рэзервы праціўніка з Данбасу як раз не атрымаецца - расейцы кінуць на барацьбу з украінскім наступам у Курскай вобласці падраздзяленні з іншых рэгіёнаў РФ. Аднак існуюць і іншыя меркаванні. Напрыклад, аўтарытэтнае выданне «The Washington Post» лічыць, што ўкраінская аперацыяў Курскай вобласці ўсё-ткі можа аслабіць наступ Расеі на некаторых кірунках Данецкай вобласці.

Паводле яшчэ адной версіі, аперацыя ЗСУ - гэта прэвентыўны ўдар. Украінская выведка за апошнія месяцы не раз папярэджвала, што Расея можа планаваць наступленне ў Сумскай вобласці. У траўні ў сувязі з абвастрэннем сітуацыі на гэтым кірунку нават абвяшчалася эвакуацыя некаторых памежных паселішчаў Сумшчыны. Магчыма, ЗСУ хоча пры дапамозе цяперашняга прарыву разбурыць лагістыку агрэсара, знішчыць склады і базы ў памежнай зоне, каб зрабіць наступленне ў Сумскай вобласці ў бліжэйшы час немагчымым.

Нарэшце сярод вайсковых экспертаў і блогераў таксама агучваецца версія, паводле якой Украіне трэба ўзяць пад кантроль частку расейскіх тэрыторыяў, каб узмацніць свае пазіцыі ў выпадку мірных перамоваў з РФ. Аднак дзеля гэтага трэба, каб ЗСУ надоўга замацаваліся на занятых пазіцыях. Ці хопіць для гэтага рэсурсаў - пытанне адкрытае.

Глеб Нержын, «Белсат»

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10