навіны

Забойцу Лізы Герцэн агучаць абвінавачванне 9 жніўня

 Здымак мае ілюстрацыйны характар. Марш памяці забітай беларускі Лізы Герцэн у Варшаве, Польшча. 6 сакавіка 2024 года. Фота: Белсат
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Марш памяці забітай беларускі Лізы Герцэн у Варшаве, Польшча. 6 сакавіка 2024 года. Фота: Белсат
podpis źródła zdjęcia

Быў у свядомым стане і здольны паўстаць перад судом – да такіх высноваў прыйшла камісія, што працуе з падазраваным у забойстве беларускі Лізы Герцэн у Варшаве.

Сюжэт глядзіце ў нашым выданні:

Пра вынікі экспертызы нашаму тэлеканалу паведаміў Пётр Скіба, прэсавы сакратар акруговай пракуратуры польскай сталіцы:

«Мы атрымалі комплексныя высновы: псіхіятрычныя, псіхалагічныя і сексалагічныя. З іх вынікае, што падазраваны ў момант здзяйснення згвалтавання быў пры сваім розуме. І цяпер гэта дае магчымасць найбліжэйшымі днямі накіраваць справу ў акружны суд у Варшаве. З удзелам падазраванага правялі следчыя дзеянні, яму інкрымінуецца забойства з асабліваю жорсткасцю, звязанае са згвалтаваннем і разбоем з ужываннем небяспечных сродкаў».


Напад на беларуску адбыўся ў ноч на 25-га лютага летась. Злыдзень прыставіў нож да горла дзяўчыны, згвалтаваў яе, душыў, а потым пакінуў без прытомнасці на зямлі. Нягледзячы на тое, што здарэнне адбылося ў самым цэнтры мегаполісу, Лізу знайшлі толькі раніцаю.

«Я думаю, тут можа быць некалькі фактараў. Па-першае, людзі могуць не разумець, што тое, што яны бачаць, ёсць гвалтам. А нават калі яны бачаць і разумеюць, хтосьці проста вырашае не лезці, хтосьці думае: “Ай, самі разбяруцца” – хтосьці баіцца», - разважае журналістка, фемактывістка Наста Захарэвіч.

Шэсць дзён польскія дактары змагаліся за жыццё дзяўчыны, але ўратаваць 25-гадовую беларуску не ўдалося: 1 сакавіка яна памерла ў рэанімацыі. Неўзабаве паліцыя Варшавы затрымала 23-гадовага Дор'яна С. Пры ператрусе ў яго ўдома знайшлі асабістыя рэчы ахвяры. Цяпер хлопцу пагражае ад 15 гадоў зняволення да пажыццёвага пакарання. Канчатковае абвінавачанне абвесцяць 9 жніўня.

«Усе звярталі ўвагу на акалічнасці гэтай справы, моцна праз яе перажывалі. Мяркую, для паліцыі і пракуратуры гэта было дадатковай матывацыяй, каб максімальна хутка расследаваць злачынства. Мы маем надзею, што злачынца будзе як мага хутчэй асуджаны», – кажа Пётр Скіба.


Забойства беларускі зрабілася для польскага і беларускага грамадства нагодаю, каб зноў узняць пытанні жаночай бяспекі. Неўзабаве пасля здарэння ў Варшаве прайшоў марш «Яе звалі Ліза», а таксама акцыя пратэсту супраць гвалту.

Польскі Кангрэс жанчын звярнуўся да мясцовых палітыкаў з патрабаваннем вярнуць жанчынам права прымаць рашэнні адносна ўласнага цела і абароны сваёй цэласці. У адказ урад паведаміў пра намер перагледзець пакаранне за згвалтаванне і ўдакладніць само азначэнне гэтага злачынства. Такога кшталту змяненні патрэбныя і беларускаму заканадаўству.

Толькі летась у нашай краіне 312 жанчын сутыкнуліся з гвалтам сексуальнага характару. Сямісот дзевяноста чатыром пагражалі забойствам, пяцьдзясят чатыры дзяўчыны ва ўзросце да 18 гадоў сталіся ахвярамі сексуальных злачынстваў.

Такую сумную статыстыку прыводзіць Белстат.

«Было б добра лепш дэталізаваць злачынствы сексуальнай сферы. Па-першае, каб было больш магчымасцяў разглядаць розныя, не самыя стандартныя сцэнары. І, безумоўна, важна перагледзець само азначэнне згвалтавання, бо, наколькі я памятаю, у беларускім заканадаўстве згвалтаванне – гэта вельмі канкрэтны від гвалту, гэта менавіта толькі гвалт вагінальны», – дадае Наста Захарэвіч.

Лізу Герцэн пахавалі на Паўночных могілках у Варшаве. У хуткім часе сіламі неабыякавых беларусаў на ейнай магіле з’явіцца помнік.

Кацярына Гардзеева, «Белсат»

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10