навіны

Навошта рэжыму «пакаяльныя» відэа з затрыманымі не за палітыку? Разбіраем з экспертамі

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Белсат
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Белсат
podpis źródła zdjęcia

Чаму ў Беларусі сілавікі пачалі пераследаваць людзей не толькі за палітыку, але і за жарты, як, напрыклад, затрыманне хлопцаў, што зладзілі сябру «фэйкавае затрыманне» на дзень народзінаў, ці дзяўчат, што ездзілі на матацыклах у цішотках з прынтам «Мілфіцыя»?

Пры гэтым «непалітычных» таксама прымушаюць выбачацца на камеру. Сканчаюцца «палітычныя», ці прычына такіх практык іншая? Тлумачаць журналіст, што сам прайшоў праз «пакаяльнае» відэа, і эксперты.

«Спачатку ты думаеш – не, не буду»

Журналіст і праваабаронца Андрусь Мядзведзеў перажыў затрыманне і прымус выступіць у «пакаяльным» відэа. Мужчына прыгадвае, што калі яму сказалі каяцца на камеру, ён перажыў шмат розных узаемавыключальных эмоцыяў.

«Спачатку ты думаеш – не, не буду. А потым разумееш, што калі ўзважыць за і супраць, то які сэнс, што мяне зараз павязуць і закрыюць недзе, і невядома, ці выйду я ўвогуле бліжэйшымі гадамі? Яшчэ ты пачынаеш думаць, як зрабіць так, каб тыя, хто будуць глядзець гэтае відэа, разумелі, што гэта не мае думкі, і што ні ў якім разе я не раскайваюся ў тым, што рабіў, і гэта рэальна зроблена пад ціскам?» – прыгадвае журналіст.

Ад журналіста патрабавалі гаварыць па-расейску, але ён, каб паказаць, што робіць гэта пад прымусам, «каяўся на такой трасянцы, што сябры напісалі: «адразу было зразумела, што гэта не ты».

Каб прымусіць чалавека выбачацца на камеру, сілавікі ўжываюць пагрозы, што ён не выйдзе на волю, пакуль не зробіць тое, што ад яго хочуць, кажа Мядзведзеў.

«Мяне затрымлівалі ў Гомельскай вобласці, а пагражалі, што пасадзяць у Магілёўскі СІЗА, калі я не пагаджуся на гэтае відэа. Гэта было ў кабінеце начальніка Рэчыцкага раённага аддзелу КДБ. Мне пашчасціла, што гэта было КДБ, бо ў іх спосабы працы больш лагодныя, у адрозненні ад таго ж ГУБАЗіКу», – распавядае журналіст.

Узважваць рызыкі і не геройнічаць

Паводле Мядзведзева, тэкст для такіх відэа звычайна прыдумляюць самі сілавікі:

,,

«Часам на відэа нават бачна, што нейкая паперка ляжыць у чалавека, і ён увесь час апускае вочы і глядзіць туды, ці глядзіць на кагосьці, хто там сядзіць і падказвае. Тым больш, мы бачым, што вельмі шмат мантажу бывае».


Андрусь Мядзведзеў. Крыніца: palesse.press
Андрусь Мядзведзеў. Крыніца: palesse.press

Журналіст лічыць, што сілавікі запісваюць «пакаяльныя» відэа, каб запужаць тых, хто яшчэ не вельмі моцна заангажаваны ў палітычную актыўнасць, і каб паказаць масам, што тыя, хто выходзіў у 2020 годзе – слабакі, бо цяпер раскайваюцца.

«Але насамрэч яны самі свае гэтыя відэа абясцэньваюць, бо ўсе ўжо даўно разумеюць і не лічаць гэтых людзей на відэа, а таксама тых, хто падпісвае пагадненні аб супрацы, здраднікамі ці слабакамі», – зазначае журналіст.

У выпадку, калі вас затрымалі і прымушаюць запісаць пакаяльнае відэа, праваабаронца раіць узважыць усе рызыкі, ацаніць верагоднасць таго, што вас могуць надоўга кінуць за краты, і тады прымаць рашэнне – ці ісці на прынцып, ці пагаджацца.

«Сапраўды, даволі цяжка пераступіць праз сябе, свой гонар, годнасць. Але я б раіў не геройнічаць, калі ёсць магчымасць выйсці на волю, і запісаць гэтае відэа, каб хутчэй трапіць у бяспечнае месца», – рэзюмуе Мядзведзеў.

У міліцыі няма пачуцця гумару

Прадстаўнік BELPOL Уладзімір Жыгар кажа, што сітуацыі, калі праваахоўныя органы прымушаюць чалавека выбачацца на камеру, а потым гэта публічаць, могуць падпадаць пад Крымінальны кодэкс – напрыклад, пад артыкул пра катаванні.

,,

«Чалавека прымушаюць і прыносяць яму маральную, але хутчэй за ўсё, яшчэ і фізічную шкоду, каб ён сказаў на камеру ўсё, што патрэбна. Гэта жахліва, што ў ХХІ стагоддзі ў цэнтры Еўропы такое адбываецца», – зазначае Жыгар.


Уладзімір Жыгар. Фота: Белсат
Уладзімір Жыгар. Фота: Белсат

Апошнія затрыманні «непалітычных» за жарты прадстаўнік BELPOL тлумачыць некалькімі прычынамі. Па-першае, у міліцыі цяпер проста адсутнічае пачуццё гумару:

«У іх складанае ўспрыняцце, калі хтосьці пра іх гаворыць ці жартуе, бо ў іх ёсць успаміны пра 2020 год, а таксама пра пэўныя падзеі да 2020 года, калі людзі несур’ёзна ў некаторых момантах ставіліся. Яны цяпер лічаць, што яны самыя сур’ёзныя, і да іх трэба ставіцца як да людзей, якія выконваюць загады, сочаць за выконваннем закону. Для іх чужыя жарты і смех».

Акрамя таго, паводле прадстаўніка BELPOL, у беларускай міліцыі няма ўпэўненасці, што гэтыя жарты ў нейкі момант не перарастуць у штосьці большае, бо ў іх уяўленні адсутнасць кантролю прывяла да 2020 года і да таго, што «пра іх усе ўсё ведалі, распавядалі, паказвалі, і потым ім даводзілася бегаць у балаклавах і хаваць свае твары». Таму, на думку былога сілавіка, у Беларусі кантроль за грамадствам з боку міліцыі будзе толькі ўзмацняцца.

Публічнае пакаянне – з’ява не новая

Доктар палітычных навук, дырэктар інстытуту «Палітычная сфера» Андрэй Казакевіч зазначае, што «пакаяльныя» відэа, якія дэманструюцца на публіку, – з’ява не новая, публічнае пакаянне практыкавалася і да 2020 года, але яно было не такім заўважным для шырокай грамадскасці, зазначае эксперт. Пасля 2020 года пачаўся ўсплёск. Акрамя таго, павялічылася колькасць публічных разглядаў справаў, напрыклад, калі міліцыянты прыходзяць у школу і там выносяць рашэнне супраць правапарушальніка. Большасць такіх справаў сталі палітычнымі, таму гэта прыцягнула ўвагу. Пры гэтым, дагэтуль «добра прадстаўлены і непалітычны сегмент» у падобных справах, але ён не такі заўважны, падкрэслівае палітолаг.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Белсат
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Белсат

Але, паводле яго, такія практыкі «маюць прынамсі два сур’ёзныя мінусы». Першы з іх заключаецца ў тым, што гэта зніжае аўтарытэт праваахоўных органаў. Чалавек, якога прымусілі хлусіць на камеру, запужваючы яго, хутчэй за ўсё захавае крыўду і будзе ставіцца да праваахоўных органаў насцярожана, з недаверам, кажа Казакевіч.

«У сучасных дэмакратычных краінах лічыцца, што лепш мець сапраўдны аўтарытэт, пабудаваны на шчырым стаўленні, чым стымуляваць такія рэпрэсіўныя практыкі, але ў выніку глыбока заганяць гэтыя крыўды ў людзей, бо невядома, калі гэта ўсё вылезе на паверхню».

Другі негатыўны момант, паводле палітолага, у тым, што стаўленне да праваахоўных органаў становіцца непразрыстым і незразумелым:

«То бок, няма механізму, які б прадэманстраваў сапраўднае стаўленне грамадства да праваахоўных органаў. Калі людзі могуць вольна выказвацца, у тым ліку негатыўна, праваахоўныя органы могуць ведаць, што ёсць нейкія недапрацоўкі, могуць на гэта рэагаваць. Ёсць фідбэк ад грамадства, ці добра працуюць праваахоўныя структуры».

Чаму публічнае пакаянне – гэта кепска для міліцыі

Калі ж выказванне меркавання душыцца, людзі баяцца сказаць, што думаюць, паказаць свае эмоцыі, бо будзе пакаранне, праваахоўныя органы, па-першае, не ведаюць сапраўднага стаўлення, а па-другое, назапашваецца негатыў, зазначае палітолаг. Праваахоўныя ж органы працуюць са значна меншай эфектыўнасцю, бо арыентуюцца выключна на бачнасць, калі няма зарэгістраваных правапарушэнняў.

,,

«Гэта дазваляе хаваць недапрацоўкі, негатыўныя практыкі. Для праваахоўных органаў гэта значна прасцей, чым сапраўды падвышаць аўтарытэт у грамадстве. Але для грамадства і для дзяржавы – гэта праблема. Таму ў дэмакратычных грамадствах ад гэтых практык стараюцца адыходзіць», – кажа эксперт.


Акрамя таго, пакаянне на публіку – гэта ў пэўнай ступені рэанімацыя савецкіх практык, кажа доктар палітычных навук:

«У савецкія часы любілі ўсялякага кшталту публічныя розгляды, таварыскія суды, міліцыя таксама прыходзіла ў школы нават часцей, чым у Беларусі. Публічна паказвалі, каго пасадзілі, як пакаралі, і лічылася, што гэта дазваляе зніжаць правапарушэнні. Цяпер гэта вяртаецца, як шмат якія іншыя практыкі савецкага мінулага, і нават пэўны культ гэтых практык уводзіцца».

«Пакаяльныя» відэа як інструмент прафілактыкі правапарушэнняў

Зніжэнне аўтарытэту праваахоўных органаў прыводзіць, сярод іншага, да змяншэння колькасці людзей, якія хочуць працаваць у міліцыі, зазначае Казакевіч:

«Ад гэтых практык [публічнага пакаяння. - рэд. «Белсат»] стараліся адысці ў 90-я гады і пераходзіць на заходні досвед. Цяпер перамагла думка, што трэба вяртацца да гэтых практык, і напэўна, да наступнага крызісу ў праваахоўнай ці ўвогуле палітычнай сістэме, будуць спрабаваць гэта прасоўваць».

Беларускія сілавікі лічаць «пакаяльныя» відэа і іншыя падобныя практыкі эфектыўнымі інструментамі прафілактыкі правапарушэнняў і іх рэцыдываў, зазначае эксперт:

«Запісваючы такое відэа, чалавек рэальна прыніжаецца. Гэта прычыняе маральныя пакуты, дыскамфорт, і лічыцца, што ён шмат разоў падумае, перш чым рабіць такое зноў. Штраф – гэта проста штраф, грошы, а вось такія перажыванні могуць быць бар’ерам. І шмат у якіх выпадках гэта працуе і сапраўды фармальна дазваляе зніжаць паказнікі такога кшталту правапарушэнняў».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Белсат
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Белсат

Другая прычына шырокага прымянення такіх практык апошнім часам у тым, што яны змяншаюць аўтарытэт чалавека ў пэўнай супольнасці.

«Напрыклад, вядомы блогер, пратэстовец прыцягвае да сябе грамадскую ўвагу, а пасля такога відэа ягоны бунтарскі аўтарытэт значна церпіць. Ён не можа больш сябе прадстаўляць як нонканфарміста, бо ўлада паказала, што кантралюе яго. І небяспека страты аўтарытэту таксама для многіх становіцца бар’ерам, каб здзейсняць тыя ці іншыя дзеянні», – зазначае Казакевіч.

«Улада губляе важны канал зваротнай сувязі – рэакцыю грамадзянаў»

Трэцяя прычына ў тым, што такія практыкі даюць міліцыі дадатковае пачуццё абароненасці сацыяльнай упэўненасці.

«А асабліва пасля 2020 года беларускай уладзе вельмі важна стварыць станоўчую псіхалагічную атмасферу для сілавога блоку ў тым ліку праз магчымасць прыніжаць сваіх апанентаў», – кажа эксперт.

Яшчэ адна прычына, якая спрыяе распаўсюду публічнага пакаяння, у прымітыўнасці гэтага метаду, лічыць палітолаг:

«Значна прасцей запужаць людзей, ужываць прамы гвалт і такім чынам зніжаць колькасць тых, хто штосьці крытыкуе, чым прыдумаць больш складаныя стратэгіі таго, як змагацца з правапарушэннямі – пераконваць людзей, высоўваць альтэрнатыўныя аргументы, збіраць доказы рэальных правапарушэнняў, ісці ў суд, даказваць – гэта ўсё складана. Таму з пункту гледжання прастаты і затратаў працоўнага часу для праваахоўных органаў гэта прывабныя практыкі».

Для ўлады цяпер важна, каб не было вонкавых праяваў палітычнай актыўнасці ці парушэнняў, і гэта асноўны крытэр эфектыўнасці працы праваахоўных органаў, зазначае Казакевіч.

«Такі баланс склаўся, і пакуль ён будзе захоўвацца, цяжка чакаць нейкіх зменаў. Але гэта не скідвае з рахунку назапашванне негатыўных момантаў – пагаршэнне агульнага стаўлення да міліцыі, зніжэння даверу да праваахоўных органаў, з’яўлення крыўдаў, і непразрыстасці дзейнасці праваахоўных органаў нават для ўлады, бо яны губляюць вельмі важны канал зваротнай сувязі – рэакцыю грамадзянаў на дзеянні праваахоўных органаў», – рэзюмуе эксперт.

Ганна Ганчар, «Белсат»

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10