Праз чатыры гады пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года ў санкцыйны еўрапейскі спіс уключылі прадстаўнікоў ГУБАЗіКу. Намеснік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінету, лідар Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка лічыць, што гэта не запозна, бо, на жаль, у Еўрапейскай камісіі існуе нефармальная квота, што абмяжоўвае колькасць асобаў, якіх можна дадаць у адзін санкцыйны спіс. Пра гэта ён распавеў нашаму тэлеканалу.
«Мы абяцалі, што ў хуткім часе адправім пад санкцыі чарговых прадстаўнікоў рэжыму, у тым ліку суддзяў, пракурораў, прыслужнікаў так званай праваахоўчай сістэмы. Мы стрымалі сваё абяцанне, мы ўнеслі адпаведныя прапановы ў Еўрапейскую камісію ў Еўрапейскі Звяз – і санкцыйны пакет прыняты. Так, мы ўносілі, напрыклад, 41 пракурора і суддзю, але трапілі пад санкцыі - 13», - распавядае Павел Латушка, удакладняючы, што такія вынікі недастатковыя і не могуць цалкам задавальняць, але адначасова яны з’яўляюцца доказам актыўнай працы НАУ.
Магчымасць сесці з рэжымам за стол перамоваў Латушка катэгарычна адмаўляе, але падкрэслівае, што менавіта каманда НАУ працуе на тое, каб увогуле было пра што гаварыць з так званымі беларускімі ўладамі ў будучым.
,,«Унясенне ў гэты санкцыйны спіс шмат прозвішчаў рэжыму Лукашэнкі, шмат прадпрыемстваў, гарманізацыя санкцыяў – гэта і ёсць тая база для нейкай перамоўнай пазіцыі, калі хтосьці пра яе марыць».
Чаму ж ГуБАЗіК патрапіў пад санкцыі толькі зараз, Латушка патлумачыць не можа, бо НАУ падымала такую неабходнасць ужо даўно. Напрыклад, Літве выносілася прапанова ўнесці ў санкцыйны спіс 300 беларускіх суддзяў, але краіна-суседка такую прапанову не падтрымала. Таму палітык абураецца і заклікае ўсю дэмакратычную супольнасць запытаць у еўрапейскіх партнёраў, чаму ж так адбываецца.
«Яны кажуць: ну, не хапае нам юрыстаў, не хапае нам часу, мала рук на гэта. Ну, дык давайце ставіць пытанне, каб у іх было больш рук, больш часу і больш квоты».
Павел Латушка ўпэўнены, што санкцыі маюць вялікі ўплыў на тых, хто пад іх трапляе. І ў далейшым гэтыя спісы могуць стацца рычагом ціску на беларускі рэжым.
Палітык дзеліцца таксама сваім болем за беларускіх рэйкавых партызанаў, якія пайшлі змагацца супраць расейскай агрэсіі. Але да нядаўняй пары ніводны суддзя з тых, што вялі працэсы над гэтымі затрыманымі, не трапіў пад санкцыі.
«Мы менавіта накіравана бралі тых людзей, якія здзяйсняюць злачынствы […] Гэта мэтанакіраваны дзейнік, каб біць па тых, хто адказвае за рэпрэсіі, каб даваць мэсэджы ўсім іншым: маладыя юрысты, хочаце ісці ў судовую сістэму? Хочаце працаваць на гэты рэжым? Вы будзеце адказваць!»
Таму сваёй галоўнай задачай лідар Народнага антыкрызіснага ўпраўлення бачыць працяг менавіта гэтай дзейнасці, не гледзячы ні на што, і спыняцца на гэтым не збіраецца. Тое, што цяпер пад санкцыямі знаходзіцца 261 асоба, Латушка лічыць недастатковым вынікам, але па кожнай такой асобе трэба правесці вялікую працу па зборы дасье і жалезных доказаў, каб пасля іх нельга было аспрэчыць у судзе.
Першае ж, што трэба зрабіць сёння, на думку палітыка, - зачыняць гандлёвыя пункты пропускаў для далейшага ціску на Лукашэнку,к аб прымусіць яго вызваліць палітвязняў.
Марыя Голдстэйн, «Белсат»