навіны

Мабільных аператараў Беларусі абавязалі стварыць «базавы сацыяльны тарыф» і больш плаціць дзяржаве

Мужчына са смартфонам
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Мужчына са смартфонам. Фота: Mart Production / Pexels.com
podpis źródła zdjęcia

Указ Аляксандра Лукашэнкі «Аб аказанні паслугаў сотавай рухомай сувязі» быў афіцыйна апублікаваны 28 жніўня. Ён набудзе моц 1 студзеня 2025 года, але галоўная навінка для абанентаў запрацуе 1 красавіка 2025-га.

Двума днямі раней прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі расказвала пра гэты ўказ: з’явіцца абавязковы базавы сацыяльны тарыф на мабільную сувязь, цэны на які будзе кантраляваць дзяржава.


З указу не стала вядома значна больш: вызначаныя не цэны на тэлефанаванні ці інтэрнэт-трафік, а межы рэнтабельнасці для аператараў. Савет міністраў мае вызначыць «базавы аб’ём паслугаў» у тарыфе: выставіць мінімальныя ліміты на галасавы трафік ва ўсе сеткі ў Беларусі, на трафік перадачы звестак і на аб’ём SMS-паведамленняў.


Прапісана, што аператары сотавай сувязі «вызначаюць з 1 красавіка 2025 года тарыфны план з базавым аб'ёмам паслугаў сотавай сувязі, які фармуецца з гранічным нарматывам рэнтабельнасці, што выкарыстоўваецца для вызначэння сумы прыбытку, што падлягае ўключэнню ў тарыф, у памеры 25 % з улікам фармавання сабекошту паслугаў сотавай сувязі ў парадку, што вызначаецца Міністэрствам сувязі і інфарматызацыі па ўзгадненні з Міністэрствам антыманапольнага рэгулявання і гандлю».


Савету міністраў даручана вызначыць для аператараў патрабаванні да ахопу тэрыторыі Беларусі паслугамі сотавай сувязі і іхнай якасці. Кантраляваць гэта будзе Дзяржаўная інспекцыя па электрасувязі.


Акрамя таго, з 2027 года аператары маюць весці асобны ўлік даходаў, выдаткаў і актываў для фармавання сабекошту па відах паслугаў сотавай сувязі. Як да таго кантраляваць тарыф, ва ўказе не напісана.


З аператараў возьмуць грошы на нешта сакрэтнае


Першы і, магчыма, галоўны пункт указу – адбор грошай у аператараў на карысць дзяржаве. Вызначана, што аператары штогод накіроўваюць частку чыстага прыбытку дзяржаве. Аб’ём сродкаў мае вызначыць Савет міністраў, але гэта мае быць не менш за 20 % чыстага прыбытку.


Грошы маюць накіраваць на новыя аб’екты і лініі электрасувязі, мадэрнізацыю старых аб’ектаў і абсталявання; на пілотныя праекты ў сферы «лічбавага развіцця» ад Савету па такіх праектах пры Міністэрстве сувязі; на інвестыцыйныя праекты; на нешта засакрэчанае «для службовага карыстання». Калі накіруюць на гэта не ўсю вызначаную Саўмінам частку грошай, то рэшту пералічваюць у Рэспубліканскі фонд універсальнага абслугоўвання лічбавага развіцця і сувязі. Кантроль за выдаткамі ўсклалі на Міністэрства сувязі.


Паводле фінансавых справаздачаў аператараў, у 2023 годзе «МТС» меў 413 млн рублёў чыстага прыбытку, а «life:)» меў 10,8 млн рублёў чыстых стратаў. «А1» як частка «А1 Telekom Austria» падае ў справаздачах не чысты прыбытак, а паказнік EBITDA (прыбытак да вынятку падаткаў і іншых выплатаў), які летась склаў 624 млн рублёў.


На аднаго беларуса прыходзіцца больш за адну сім-картку. «МТС» на канец мінулага года меў 5,7 млн абанентаў, «A1» – 4,9 млн, «life:)» – 1,5 млн.


Алесь Наваборскі belsat.eu



больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10