навіны

Як хутка Трамп забудзе пра размову з Зяленскім? Палітолаг – пра сустрэчу прэзідэнтаў у Ватыкане

Доналд Трамп і Уладзімір Зяленскі
Доналд Трамп і Уладзімір Зяленскі ў Ватыкане. 26 красавіка 2025 года. Фота: Office of the President of Ukraine via Getty Images
podpis źródła zdjęcia

Доналд Трамп і Уладзімір Зяленскі назвалі сваю кароткую размову ў Ватыкане, што адбылася 26 красавіка на пахаванні Папы Францішка, паспяховай і плённай. Ці будзе яна сапраўды такою? І што значаць словы Трампа пра тое, што Зяленскі нібыта гатовы прызнаць Крым расейскім? Ці дастаткова будзе для Крамля, калі толькі ЗША прызнаюць анексаваны паўвостраў рэгіёнам РФ? На гэтыя пытанні ў эфіры «Вот Так» адказаў расейскі палітолаг Антон Шэхаўцоў.

Настрой Трампа змяняецца занадта хутка

Палітолаг Антон Шэхаўцоў лічыць сустрэчу Доналда Трампа і Уладзіміра Зяленскага вельмі карыснай для Украіны, а здымкі і відэафрагменты з размовы, што былі прадэманстраваныя, на думку эксперта, ствараюць добрае ўражанне.

,,

«У лютым мы бачылі карцінку, дзе Зяленскі сядзіць у Авальным кабінеце і яго фактычна ўсе атакуюць з усіх бакоў, а тут такая карцінка – сам-насам Трамп і Зяленскі абмяркоўваюць так званую ўгоду. […] Каментары, што зрабілі і Зяленскі, і Трамп пасля сустрэчы, пакідаюць пэўную надзею», – адзначае палітолаг.


Плакат у падтрымку адзінства Украіны. Фота: unian.net

Трамп мяркуе, што Зяленскі гатовы адмовіцца ад Крыму

навіны

Разам з тым, зазначае ён, не трэба забывацца, што для Трампа лёс Украіны не становіць асаблівай цікавасці.

«Так, з аднаго боку ён абяцаў скончыць вайну за 24 гадзіны. Зразумела, што гэта было пэўнае перабольшанне. Аднак Украіна і наогул еўрапейскія справы для яго не становяць вялікай цікавасці, на адрозненне ад міфалогіі "зрабіць Амерыку вялікаю зноў". Гэта ягоная асноўная мэта», – кажа эксперт.

У той жа час Шэхаўцоў выказвае надзею, што Трамп усё ж мае ўяўленне пра канфлікт, а таксама разуменне, што Расея цягне час і не ёсць бокам, здольным дамаўляцца. Што яго «фактычна дураць». І гэтая ідэя, хутчэй за ўсё, ідзе ад Зяленскага або Келага. Але тут паўстае важнае пытанне, мяркуе палітолаг: як хутка Трамп забудзе, пра што ён размаўляў з Зяленскім? Маўляў, ужо некалькі разоў можна было бачыць, як хутка змяняецца настрой амерыканскага прэзідэнта.

,,

«Наколькі ён будзе сканцэнтраваны на той думцы, што Расея і Пуцін яго падманваюць – вось гэта галоўнае пытанне. Хтосьці цяпер можа з ім пагутарыць ізноў, нейкую новую ідэю прынесці – і ён скажа: "Сапраўды, так яно і ёсць". З Ўіткафам паразмаўляе – і Ўіткаф яму раскажа, што Пуцін насамрэч здольны дамаўляцца. І Трамп будзе падтрымліваць гэтую ідэю. У гэтым праблема – у вельмі дзіўных паводзінах Трампа, звязаных з ягонай псіхалогіяй», – адзначае суразмоўца «Вот Так».


Ці прымусяць Зяленскага прызнаць Крым расейскім?

Адносна апошніх заяваў Трампа пра тое, што Зяленскі быццам бы гатовы адмовіцца ад Крыму, а таксама адносна прапановы ЗША прызнаць анексаваны паўвостраў дэ-юрэ расейскім, палітолаг адзначае, што гэта ідзе насуперак законам ЗША.

«У адным з законаў, што падпісваў сам Трамп, гаварылася, што ЗША не можа падтрымліваць анексіі Крыму. Тым не менш ЗША прызнаюць анексію Крыму дэ-юрэ. Разам з тым тыя ж самыя дакументы не патрабуюць ад Украіны прызнання расейскай анексіі Крыму дэ-юрэ», – адзначае Антон Шэхаўцоў.

У той жа час Зяленскі і так агучваў: ёсць разуменне таго, што Крым дэ-факта трапіў пад расейскі кантролі і на гэты момант сітуацыі не змяніць вайсковым шляхам, адзначае эксперт. Магчыма, такі шанц быў у 2023 годзе, але цяпер яго няма.

«Мне здаецца, Расеі, напэўна, будзе дастаткова, калі б ЗША прызналі анексію Крыму дэ-юрэ, бо пазіцыі еўрапейскіх краінаў і Украіны для Пуціна наогул не важныя. Для яго галоўным суразмоўцам ёсць ЗША. Толькі ЗША як глабальная сіла могуць даць Расеі статус вялікай дзяржавы. І вось гэтае прызнанне дэ-юрэ расейскай анексіі Крыму нібы кажа, што Расея і ЗША размаўляюць на роўных умовах. Гэта, вядома ж, не задавальняе ні Украіну, ні Еўропу. Але такая сітуацыя», – кажа Шэхаўцоў.

У той жа час яшчэ ёсць надзея, што ЗША ўсё ж адмовяцца ад ідэі прызнаваць Крым дэ-юрэ расейскім. А дэ-факта гэта і так сітуацыя, якой нельга не прызнаць: Крым цяпер пад расейскім кантролем, адзначае палітолаг.

Мэта Расеі – не акупацыя, а знішчэнне ўкраінскай нацыі


Што да іншых тэрыторыяў (усёй Луганскай вобласці, частак Данецкай, Херсонскай, Запарожскай вобласцяў, якія ЗША прапануюць прызнаць расейскімі дэ-факта), Шэхаўцоў звяртае ўвагу на наступнае: важна памятаць, што мэты Расеі ў гэтай вайне не абмяжоўваюцца акупацыяй тэрыторыяў і залучэннем іх у склад РФ.

«Асноўная мэта Расеі палягае на знішчэнні ўкраінскай дзяржавы. Як яны да гэтага ідуць: праз анексію, праз бамбаванні, праз генацыд – гэта другаснае. Галоўная мэта – знішчэнне ўкраінскай дзяржавы. І тут узнікае пытанне: ці гатовыя расейцы спыніцца? Ці стае сілаў Захаду? Ці ёсць нейкія рычагі ціску ў ЗША і Трампа? Ён намякаў, што ёсць, што Расея гатовая ў гэтай угодзе не захопліваць усёй тэрыторыі Украіны. Але ці сапраўды гэта так? Ці ёсць гэтыя рычагі? Ці сапраўды мы падышлі да той лініі, калі Трамп пачаў, магчыма, прыватна, пагражаць сур’ёзнымі санкцыямі або выкарыстоўваць які-небудзь іншы ўплыў?» – разважае эксперт.

Паводле Шэхаўцова, галоўнае пытанне цяпер не ў тэрыторыях, а ў тым, ці гатовы Пуцін адмовіцца ад сваіх максімалісцкіх патрабаванняў, якія палягаюць на знішчэнні ўкраінскай нацыі.

,,

«Я мяркую, што не, што ён не гатовы адмовіцца, ён гатовы працягваць вайну – гэта стала ягонаю ідэяй фікс. І гэта нават не палітычнае пытанне, гэта пытанне волі гэтага канкрэтнага чалавека, да якой ён падлучыў дзясяткі тысяч і магчыма, мільёны сваіх грамадзянаў. Але гэта ягоная ідэя. Ці гатовы ён адмовіцца? Я мяркую, што не», – кажа палітолаг.


Доналд Трамп і Уладзімір Зяленскі сустрэліся ў Ватыкане 26 красавіка. Прэзідэнты правялі кароткую размову да пачатку цырымоніі пахавання Папы Францішка.

Пасля сустрэчы Белы дом заявіў, што вынікі сустрэчы «вельмі прадуктыўныя». Гэта была першая сустрэча Зяленскага і Трампа пасля іхнай спрэчкі ў Авальнай зале Белага дому. Прэзідэнт Украіны назваў сустрэчу добраю і заявіў, што яна мае патэнцыял стаць гістарычнаю.

Марыя Міхалевіч / МВ belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10