Доналд Трамп і Уладзімір Зяленскі правялі кароткую сустрэчу ў Ватыкане да пачатку цырымоніі пахавання Папы Рымскага Францішка.
Пра сустрэчу двух лідараў паведаміў прэс-сакратар украінскага прэзідэнта Сяргей Нікіфараў, піша «РБК-Україна».
Пасля сустрэчы Белы дом назваў яе вынікі «вельмі прадуктыўнымі». Пра дэталі абяцаюць паведаміць пазней.
Паводле інфармацыі выдання «Sky News», украінскі і амерыканскі лідары дамовіліся правесці яшчэ адну сустрэчу пасля цырымоніі развітання з Папам Францішкам.
Гэта была першая сустрэча Зяленскага і Трампа пасля іхнай спрэчкі, якая адбылася ў Авальнай зале Белага дому.
Напярэдадні гэтай сустрэчы Доналд Трамп напісаў, што ў пятніцу быў «добры дзень» у перамовах з Расеяй і Украінай. Амерыканскі прэзідэнт дадаў, што перамовы «вельмі блізкія» да заключэння пагаднення: «Цяпер абодвум бакам трэба сустрэцца – на самым высокім узроўні, – каб давесці справу да канца. Большасць ключавых пунктаў ужо ўзгодненая».
Сёння ў Ватыкане адбываецца пахаванне Папы Рымскага Францішка, на цырымонію прыбылі каля 130 дэлегацыяў, сярод якіх прыкладна 50 кіраўнікоў дзяржаваў і 10 дзейных манархаў.
Сярод дэлегацыяў тры рэпрэзентуюць Беларусь. Дэлегацыю ад Рымска-Каталіцкага касцёлу ў Беларусі ўзначальвае арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, ад дзяржавы – старшыня Палаты прадстаўнікоў Ігар Сергеенка. Апрача таго, Святы пасад запрасіў на пахаванне пантыфіка беларускія дэмакратычныя сілы, якія застаюцца ў вымушанай эміграцыі. Гэтую дэлегацыю ўзначаліў каталік Дзяніс Кучынскі.
Раман Шавель belsat.eu