Прэзідэнт ЗША Доналд Трамп апублікаваў у сацыяльнай сетцы Truth Social допіс, у якім напісаў, што Пуцін, магчыма, не хоча завяршаць вайны ва Украіне і падманвае яго.
Пачаў свой допіс Трамп з крытыкі выдання «New York Times», у публікацыі якога гаварылася, што Украіна будзе вымушаная аддаць свае тэрыторыі, у тым ліку Крым, каб скончыць вайну.
,,«Якую б угоду я ні заключыў адносна Расеі і Украіны, якая б добрая яна ні была, нават калі гэта будзе найвялікшая ўгода з усіх, што калі-небудзь заключаліся, «New York Times» будзе кепска пра яе казаць. <…> Чаму гэты легкадумны рэпарцёр не кажа, што менавіта Абама дазволіў Расеі скрасці Крым ва Украіны без адзінага стрэлу?»
Трамп яшчэ раз згадаў, што не меў ніякага дачынення да «гэтай дурной вайны», акрамя таго, што ён даў Украіне «Джэвэліны», што гэта вайна «соннага» Джо Байдэна, і яна ніколі б не здарылася, калі б прэзідэнтам быў ён, Доналд Трамп. Амерыканскі лідар у сваім допісе сцвярджае, што спрабуе «навесці парадак у тым бязладдзі, што яму пакінулі Абама і Байдэн», а потым пераходзіць да нядаўніх абстрэлаў Украіны Расеяй.
,,«У Пуціна не было ніякіх нагодаў абстрэльваць ракетамі мірныя раёны, гарады і мястэчкі за апошнія некалькі дзён. Гэта прымушае мяне думаць, што, магчыма, ён не хоча спыняць вайны і проста падманвае мяне, і з ім трэба абыходзіцца інакш, праз банкаўскія аперацыі ці другасныя санкцыі? Зашмат людзей гіне!» – піша Трамп.
Пасля начной атакі Расеі на Кіеў 24 красавіка прэзідэнт ЗША таксама выказваў сваю незадаволенасць у Truth Social:.
«Я не задаволены расейскімі ўдарамі па Кіеве. Гэта непатрэбна і вельмі нясвоечасова. Уладзіміру, спыніся! 5000 салдатаў штотыдзень гінуць. Давайце зробім мірную дамову!»
Амерыканскі лідар апублікаваў апошні допіс пасля сустрэчы з Уладзімірам Зяленскім у Ватыкане 26 красавіка. Прэзідэнты правялі кароткую размову да пачатку цырымоніі пахавання Папы Рымскага Францішка.
Пасля сустрэчы Белы дом заявіў, што вынікі сустрэчы «вельмі прадуктыўныя».
Гэта была першая сустрэча Зяленскага і Трампа пасля іхнай спрэчкі ў Авальнай зале Белага дому.
Прэзідэнт Украіны назваў сустрэчу добрай і заявіў, што яна мае патэнцыял стацца гістарычнаю.
Марыя Міхалевіч belsat.eu