навіны

Стала вядома, калі пачнуцца выбары новага Папы

Кардыналы на пахаванні Папы Францішка на пляцы Святога Пятра ў Ватыкане
Кардыналы на пахаванні Папы Францішка на пляцы Святога Пятра ў Ватыкане. 26 красавіка 2025 года. Фота: Jakub Porzycki / NurPhoto via Getty Images
podpis źródła zdjęcia

Канклаў, падчас якога кардыналы будуць выбіраць новага кіраўніка Рымска-Каталіцкага Касцёлу, распачнецца 7 траўня, паведамляе «Reuters» са спасылкай на сваю крыніцу ў Ватыкане. Неўзабаве дата будзе абвешчаная афіцыйна.

Папа Францішак падчас сустрэчы з унутрана перамешчанымі асобамі ў Зале Свабоды ў Джубе, Паўднёвы Судан. 4 лютага 2023 года. Фота: Tiziana Fabi / AFP

Тэолаг Наталля Васілевіч: «Папа Францішак яшчэ пры жыцці ўскосна вызначыў, якім будзе ягоны пераемнік»

навіны

Дата была абраная на закрытай сустрэчы кардыналаў, што адбылася пасля пахавання Папы Францішка 26 красавіка.


У канклаве прымуць удзел 133 кардыналы (было 135, два адмовіліся ўдзельнічаць), маладзейшыя за 80 гадоў, з розных краінаў свету.


Папа Францішак памёр 21 красавіка 2025 года ва ўзросце 88 гадоў. Ён быў 266-м пантыфікам і ўзначальваў Святы пасад з 2013 года.


Ад пачатку выбары Папы праходзілі з удзелам святароў і вернікаў, але ў 1059 годзе, каб пазбегчы ўплыву свецкіх уладаў, пастанавілі абмежаваць выбарцаў Калегіяй кардыналаў. Яшчэ праз два стагоддзі пастанавілі, што кардыналы-выбарцы мусяць быць замкнёныя «cum clave» (ад лацінскага «на ключ»), пакуль яны ў строгай сакрэтнасці не абяруць новага Папу.


Цяпер канклавы праводзяцца ў Сікстынскай капэле ў Ватыкане. Перад пачаткам галасавання яна старанна правяраецца, каб не было прыладаў запісу. А самім кардыналам падчас канклаву забаронены любы кантакт з навакольным светам, у тым ліку праз радыё, тэлебачанне, газеты, часопісы і тэлефоны. Адзінае выключэнне – выпадкі, калі спатрэбіцца неадкладная медычная дапамога. Увесь абслуговы персанал таксама прысягае маўчаць. За раскрыццё інфармацыі пра хаду канклаву парушальніку пагражае адлучэнне.


Мінулыя выбары пантыфіка адбыліся ў сакавіку 2013 года, пасля адрачэння ад пасаду папярэдняга Папы Бэнэдыкта XVI. Тады кардыналы-выбарцы сабраліся 12 сакавіка, а ўвечары наступнага дня ўжо абвясцілі вынікі. Але раней выбары маглі зацягвацца на месяцы. Каб гэтага не было, у 1996 годзе былі ўведзеныя змены, што дазволілі пасля 30 раўндаў галасавання абраць пантыфіка простай большасцю галасоў замест дзвюх трацінаў на пачатковым этапе.


Новы пантыфік абірае сабе касцельнае імя, апранае папскую мантыю і вітае вернікаў з гаўбца сабору Святога Пятра.


Сярод магчымых кандыдатаў на пасаду Папы – 70-гадовы дзяржсакратар Ватыкану П’етра Паралін, добра абазнаны ў беларускай сітуацыі, 60-гадовы лацінскі патрыярх Іерусаліму П’ербатыста Піццабалля, які прапаноўваў сябе як закладніка ў абмен на скрадзеных тэрарыстамі «Хамасу» ізраільцянаў, 69-гадовы архіепіскап Балонні кардынал Матэа Марыя Дзупі.


Усе трое – Паралін, Піццабалля і Дзупі – падтрымліваюць курс Папы Францішка.


Марыя Міхалевіч belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10