Улады КНДР пацвердзілі, што накіроўвалі сваіх вайскоўцаў у Расею для ўдзелу ў вайне супраць Украіны, паведамляе Цэнтральнае тэлеграфнае агенцтва Паўночнай Карэі (KCNA) са спасылкай на заяву Цэнтральнага ваеннага камітэту Працоўнай партыі КНДР.
Перакідванне войскаў ажыццяўлялася на загад кіраўніка краіны Кім Чэн Ына ў адпаведнасці з дамовай аб стратэгічным партнёрстве Паўночнай Карэі і Расеі.
Працоўная партыя КНДР называе пераможнай аперацыю вызвалення Курскай вобласці Расеі і падкрэслівае, што ў аперацыі ўдзельнічалі сярод іншага падраздзяленні Узброеных сілаў Паўночнай Карэі.
,,«Падраздзяленні нашых узброеных сілаў, якія на загад кіраўніка дзяржавы КНДР былі задзеяныя ў аперацыі вызвалення раёнаў Курскай вобласці, у поўнай меры прадэманстравалі высокі баявы дух і ваенную хватку, выявілі масавы гераізм, непараўнальную доблесць і самаадданасць», – гаворыцца ў апублікаванай заяве партыі.
Удзел у вайне паўночнакарэйскіх войскаў пацвердзіў таксама кіраўнік расейскага Генштабу Валеры Герасімаў у суботу 26 красавіка ў дакладзе Пуціну – вайсковы чыноўнік зазначыў, што «паўночнакарэйскія ваеннаслужачыя аказалі значную дапамогу пры вызваленні рэгіёну» – Курскай вобласці.
Кім Чэн Ын заявіў, што карэйскім вайскоўцам – удзельнікам вайны Расеі супраць Украіны – будзе пастаўлены помнік у Пхеньяне.
«Неўзабаве ў нашай сталіцы будзе ўзведзены помнік баявым подзвігам у гонар геройства ганаровых сыноў КНДР, а да магілаў загінулых воінаў будуць ускладзеныя кветкі Радзімы і народу, які жадае іх бессмяротнасці», – абвясціў кіраўнік Паўночнай Карэі.
Дамова аб стратэгічным партнёрстве паміж Расеяй і КНДР была падпісаная ў Пхеньяне 19 чэрвеня 2024 года. Адзін з галоўных яе пунктаў – узаемная дапамога дзяржаваў у выпадку агрэсіі супраць аднаго з бакоў.
Звесткі пра рыхтаванне паўночнакарэйскіх вайскоўцаў да ўдзелу ў вайне супраць Украіны з’явіліся ў кастрычніку 2024 года. Тады вялося пра тое, што КНДР накіравала блізу 11 тысячаў чалавек, з якіх 2,6 тысячы мусілі адправіцца ў Курскую вобласць.
У сярэдзіне снежня Уладзімір Зяленскі заявіў, што расейскае камандаванне пачало выкарыстоўваць паўночнакарэйскіх жаўнераў у баявых дзеяннях падчас штурмаў.
26 снежня Украіна паведаміла пра захоп першага байца з Паўночнай Карэі.
У лютым 2025 года паўднёвакарэйская газета «Chosun» на дамоўленасць з украінскімі ўладамі паразмаўляла з двума палоннымі байцамі Сілаў спецыяльных аперацыяў Карэйскай народнай арміі, якія ваявалі на баку Расеі. Яны трапілі ў палон да ўкраінскіх вайскоўцаў у студзені 2025 года. Абодва трапілі ў Курскую вобласць у сярэдзіне снежня ў складзе групы з прыкладна 2500 паўночнакарэйскіх вайскоўцаў. Палонныя вайскоўцы распавядалі, нібы не ведалі, што едуць ваяваць, – ім казалі, што накіроўваюць на вучэнні.
Марыя Міхалевіч belsat.eu