навіны

Украіна апублікавала імёны амаль 750 беларусаў, якія ваююць на баку Расеі

Расейскі вайсковец
Расейскі вайсковец. Фота мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: aa.com.tr
podpis źródła zdjęcia

Украінскі праект «Хачу жыць» апублікаваў спіс імёнаў беларусаў, якія ваююць ва Украіне на баку Расеі. Асобна падаецца лік загінулых наёмнікаў з нашай краіны.

Станам на пачатак 2025 года ў складзе расейскай арміі налічваліся як мінімум 742 найміты з беларускім пашпартам, сцвярджаюць расследавальнікі.

,,

«У спіс, вядома ж, трапілі далёка не ўсе. З увагі на наяўнасць грамадзянаў РБ, якія таксама маюць расейскі пашпарт і не ўлічваюцца як "легіянеры", рэальная колькасць беларусаў, якія ваююць супраць Украіны, цалкам можа быць рэкорднай», – гаворыцца ў тэлеграм-канале праекту.


Прадстаўнікі «Хачу жыць» зазначаюць, што калі ў выпадку іншых краінаў, з якіх у РФ едуць найміты, галоўным матывацыйным чыннікам сталася беднасць, то ў беларусаў гаворка хутчэй ідзе пра ідэалагічны складнік.


«Ні для кога не сакрэт, што беларускае грамадства, фактычна, жыве ў адзінай інфармацыйнай прасторы з РФ, таму мужчыны ахвотней вераць у казкі прапагандыстаў пра "нацыстаў ва Украіне" і ваююць за "агульнае савецкае мінулае". Не спыняе іх нават перспектыва атрымаць да 15 гадоў пазбаўлення волі за найміцтва паводле КК РБ», – мяркуюць украінцы.


Асобна падкрэсліваецца, што ўдзел грамадзянаў Беларусі ў вайне на баку Расеі адбываецца з маўклівае згоды Аляксандра Лукашэнкі.


Праект дае лік загінулых беларусаў, якія ваявалі на баку РФ: сцвярджаецца, што іх ужо як мінімум 96 асобаў.

,,

«Мы разумеем, што заклікаць улады РБ звярнуць увагу на прыцягненне іх грамадзянаў на службу ў расейскай арміі бессэнсоўна, таму звернемся да саміх беларусаў: колькі б вас ні апрацоўвалі прапагандай, гэтая вайна не стане вашай. Два ашалелыя тыраны разменьваюць тысячы людскіх жыццяў дзеля таго, каб захаваць сваю ўладу. Калі вы трапілі ў мясарубку ва Украіне – звяртайцеся ў праект "Хачу жыць". Тут вам дапамогуць», – заклікаюць прадстаўнікі ініцыятывы.


Чытайце таксама:
Пётр Урбановіч. Фота: BELPOL

Беларус, які ваяваў за Расею, загінуў праз два месяцы пасля падпісання кантракту

Праект »Хачу жыць» быў створаны для вайскоўцаў расейскай арміі, гатовых здацца ва ўкраінскі палон. Заснавальнікі ініцыятывы знаходзяць і публікуюць спісы наймітаў у расейскай арміі з краінаў АДКБ (Арганізацыі Дамовы аб калектыўнай бяспецы). Раней публікаваліся спісы грамадзянаў Казахстану, Кыргызстану і Таджыкістану, якія ваююць на баку РФ.


Цяпер ва ўкраінскім палоне застаюцца сем грамадзянаў Беларусі, якія ваявалі ў складзе расейскай арміі, паведамляе радыё «Свабода». Іхныя імёны:


  • Іван Шабунька – нарадзіўся 17 траўня 1977 года, жыў у Мастах Гарадзенскай вобласці, падпісаў кантракт з расейскай арміяй 10 чэрвеня 2024 года;
  • Сяргей Мірончык – нарадзіўся 22 ліпеня 1982 года, жыў у Санкт-Пецярбургу;
  • Сяргей Шустаў – нарадзіўся 12 студзеня 1981 года;
  • Андрэй Лапатнёў – паходзіць з Віцебску, падпісаў кантракт з расейскай арміяй 2 красавіка 2024 года;
  • Яўген Камянькоў – нарадзіўся 17 сакавіка 1999 года, жыў у Бабруйску, падпісаў кантракт з Узброенымі сіламі Расеі ў канцы красавіка 2024 года;
  • Артур Яфрэмаў – паходзіць з Касцюковічаў Магілёўскай вобласці;
  • Дзмітрый Ананчык – нарадзіўся ў 2000 годзе, жыў у Менску, падпісаў кантракт з расейскай арміяй у снежні 2024 года.


Сваякі трох грамадзянаў Беларусі, якія пайшлі ваяваць на баку Расеі, заявілі пра іхнае знікненне без вестак. Гэта Яўген Ільін, Міхаіл Шалгун і Андрэй Кулага. Яшчэ адзін беларус – Ігар Хасанаў, якога шукалі сваякі, – пазней знайшоўся з раненнем у адным са шпіталёў у акупаванай частцы Луганскай вобласці.


З пачатку студзеня 2025 года таксама няма ніякай інфармацыі пра 23-гадовага Дзмітрыя Губіцкага з Бараўлянаў. Ён ухіляўся ад службы ў беларускім войску, але добраахвотна далучыўся да расейскай арміі.


Марыя Міхалевіч belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10