навіны

Беларус, які ваяваў за Расею, загінуў праз два месяцы пасля падпісання кантракту

Пётр Урбановіч. Фота: BELPOL
Пётр Урбановіч. Фота: BELPOL
podpis źródła zdjęcia

Беларус з Індуры Пётр Урбановіч, які ваяваў на баку Расеі, загінуў у Данецкай вобласці менш чым праз два месяцы пасля падпісання кантракту. Ягоная сям’я атрымала афіцыйнае паведамленне пра смерць, але цела дагэтуль не аддалі родным, піша «Наша ніва».

Урбановіч далучыўся да расейскай арміі ў верасні 2024 года, падпісаўшы кантракт на год. Вядома, што 7 верасня ён быў у Растове-на-Доне, які служыць тылавой базай расейскіх войскаў.

Да вайны мужчына жыў у вёсцы Індура Гарадзенскага раёну і працаваў у мясцовым лясгасе. Раней ён быў судзімы за крадзеж тэлефона і атрымаў штраф. Таксама ў 2020 годзе яго шукала міліцыя за ўхіленне ад яўкі ў аддзел унутраных справаў, дзе ён мусіў растлумачыць факт прысутнасці ў нецвярозым стане ў грамадскім месцы.

Мужчына быў у разводзе.

Раней паведамлялася, што два беларусы – Яўген Ільін і Міхаіл Шалгун – зніклі без вестак падчас удзелу ў баявых дзеяннях на баку Расеі. Яшчэ адзін – Ігар Хасанаў – быў знойдзены з раненнем у шпіталі на акупаванай тэрыторыі Луганскай вобласці. Таксама ў сакавіку стала вядома, што на вайне знік беларус Андрэй Кулага, звестак пра яго няма з кастрычніка 2024 года.

З пачатку студзеня 2025 года таксама няма ніякай інфармацыі пра 23-гадовага Дзмітрыя Губіцкага з Бараўлянаў. Ён ухіляўся ад службы ў беларускім войску, але добраахвотна далучыўся да расейскай арміі.

Раман Шавель belsat.eu 

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10