У нашай краіне будуць змененыя правілы перавозу пасажыраў аўтатранспартам. Адпаведны законапраект вынесены на грамадскае абмеркаванне на Прававым форуме Беларусі.
Савет Міністраў плануе ўнесці змяненні ў Правілы аўтамабільных перавозак пасажыраў, зацверджаныя 30 чэрвеня 2008 года.
Новай пастановай прадугледжана:
• забеспячэнне ўсіх транспартных сродкаў пры выкананні ўнутрырэспубліканскіх аўтамабільных перавозак пасажыраў тэхнічнымі сродкамі відэафіксацыі да 1 студзеня 2028 года;
• абсталяванне рамянямі бяспекі (двухкропкавымі ці трохкропкавымі) месцаў для сядзення ў аўтобусах да 1 студзеня 2027 года;
• выключэнне выпадкаў змянення спосабу аплаты пры выкананні перавозкі аўтамабілямі-таксі – кіроўцу будзе забаронена змяняць спосаб аплаты без узгаднення з пасажырам;
• удакладненне пераліку выпадкаў, у якіх пасажыр мае права адмовіцца ад аплаты паездкі ў таксі;
• змяненне патрабаванняў да кіроўцаў датычна наяўнасці стажу і адсутнасці прыцягнення да адміністратыўнай адказнасці;
• кіроўцам таксі і міжнародных маршрутаў цяпер не трэба будзе праходзіць спецыяльныя курсы, каб атрымаць права на перавозку пасажыраў – мяркуецца, што гэта павінна спрасціць доступ да прафесіі;
• кіроўцы пасажырскага аўтатранспарту вызваляюцца ад неабходнасці праходзіць курсы павышэння кваліфікацыі, калі з даты атрымання права на кіраванне транспартным сродкам адпаведнай катэгорыі прайшло менш за 5 гадоў;
• кіроўцы маршрутак з 1 лістапада 2025 года будуць абавязаныя забяспечыць магчымасць безнаяўнай аплаты праезду. Не ўсталёўваць плацежны тэрмінал будзе дазволена тым перавозчыкам, у якіх ёсць магчымасць аплаты праз сэрвіс «Оплати».
Абмеркаванне пастановы на Прававым форуме працягнецца да 5 траўня. Каб пакінуць меркаванне, трэба зарэгістравацца на сайце.
Марыя Міхалевіч belsat.eu