«Белсат» працягвае сачыць за рэпрэсіямі, якія адбываюцца ў Беларусі.
Суд Ленінскага раёна Горадні 24 красавіка прызнаў «экстрэмісцкімі матэрыяламі» сацсеткі, лагатып і саму назву вядомага беларускага гурта «DZIECIUKI». У рашэнні пазначана, што экстрэмісцкімі лічацца любыя візуальныя матэрыялы або тэксты са словам «DZIECIUKI» – як з дадатковымі надпісамі, так і без іх. 22 красавіка Міністэрства інфармацыі дадало ў спіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў» асабістую старонка лідара гурта Алеся Дзянісава на Facebook і VK
Таксама ў «спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў» трапіла старонка «shodbelarus» у Instagram разам з яе лагатыпам.

Стала вядома, што ў Беларусі за ўдзел у акцыях пратэсту асудзілі сына былога кіраўніка Берасцейскай вобласці і цяперашняга амбасадара Беларусі ў Грузіі Анатоля Ліса. Суд Маскоўскага раёна Менска прыгаварыў Паўла Ліса да хатняй «хіміі», хаця дакладны тэрмін пакарання не агучваецца. Паўла Ліса таксама ўключылі ў «спіс экстрэмістаў». Раней мужчына займаў пасады намесніка прарэктара БДУІР, дырэктара Галоўнага інфармацыйна-аналітычнага цэнтра Міністэрства адукацыі, а з 2024 года працаваў камерцыйным дырэктарам IT-кампаніі ITTAS.
Раман Шавель belsat.eu