навіны

Чаму ўсім нам важна зберагчы «Белсат» – зварот Сяргея Навумчыка

Сяргей Навумчык
Сяргей Навумчык. Крыніца: Siarhiej Navumchyk / Facebook
podpis źródła zdjęcia

Дэпутат Вярхоўнага Савету Беларусі 12-га склікання, палітычны аглядальнік Сяргей Навумчык выказвае падтрымку «Белсату» у сувязі з намерам «Telewizja Polska» дадаць «Белсат» да «Цэнтру замежных тэлепраграм» і тым самым пазбавіць «Белсат» статусу незалежнай адзінкі ў складзе «Telewizja Polska». Прыводзім цалкам зварот Сяргея Навумчыка, у якім ён падрабязна тлумачаць, чаму «Белсату» – унікальны праект, які нельга знішчаць і немагчыма будзе стварыць нанова.

«Белсат» пад пагрозай знікнекння, на 8 жніўня Зянон Пазняк у Варшаве ладзіць пікет у абарону, і, паўтараю, калі б я быў у той дзень у Варшаве – прыйшоў бы. А ў Сеціве ідуць дыскусіі.


Разумею, было б наіўна чакаць ад людзей маладзейшых за 40 гадоў цікавасці да падзеяў для іх амаль антычных, але тым не менш.


У свой час, у 50-я гады, у савецкай літаратуры (у кіно таксама) была тэорыя «борьбы хорошего с ещё лучшим». Перамагала, ясна, «ещё лучшее». Тыповы сюжэт: брыгадзір хоча намалаціць 40 цэнтнэраў з гэктару (увогуле, вельмі добры вынік), але малады мэханізатар нязгодны з ім катэгарычна, уступае ў канфлікт, і намалочвае 50. У якасці хэпі энду – прагрэсіўны мэханізатар жэніцца на дачцэ рэтраграднага брыгадзіра; (па тых часах – шок! як бы сёння адміністратар трох экстрэмісцкіх ТГ-каналаў жаніўся на дачцэ афіцэра ГУБАЗІКу). Ну, ясна, вяселле, стол ломіцца ад пачастункаў. Але гэта не фінал. Эпагей – прыяжджае сакратар райкаму і паведамляе пра ўказ аб узнагароджанне мэханізатара званнем Героя Сацыялістычнай працы.


Гэта 50-я, а яшчэ ў пачатку 70-х у я паспеў убачыць, як у вёсцы ў Магілёўскай вобласьці жыў мой дзед: пры тым, што працаваў ён з ранняга ранку і да ночы, гэта было, як цяпер бы я ацаніў, не інакш як жабрацтва. І гэтак жыла ўся вёска на сотню двароў.


Вось прыблізна гэтак (барацьба лепшага з добрым) успрымаю я камэнтары з нагоды пэрспэктывы ліквідацыі Белсату як асобнага тэлеканалу. Пытаюцца прыхільнікі «яшчэ лепшага»: «Які гэта незалежны канал, калі ён фінансуецца польскім урадам?».

,,

Адказваю: гэта незалежны ад Лукашэнкі беларускі тэлеканал. Асабіста для мяне як беларуса і для праціўніка Лукашэнкі – гэтага дастаткова.


Шаноўныя сябры, тэлебачанне – гэта вельмі дарагая структура. Калі я скажу, што выдаткі на нацыянальны тэлеканал большыя за выдаткі на агульнанацыянальную ж газету разоў у 10 – я хіба зменшу, але ніяк не перабольшу.


Гадавы бюджэт «Белсату», калі я не памыляюся – 19 млн долараў. І на сёння ніхто, акрамя ўраду нейкай краіны альбо міждзяржаўнай структуры (кшталту ЕЗ) даць такія сродкі проста няздольны.


Прыміце як факт, што ў агляднай пэрспэктыве ніякі іншы ўрад ніякай іншай краіны нічога падобнага ствараць не збіраецца. Здагадваюся, што няма такіх плянаў і ў Маска, Цукерберга і ўсякіх іншых, хай ім шчасціць на сусветных біржах, білаўгейтсаў.


Чытаю камэнтар, што калі знікне «Белсат» – «будзе стымул для росту ўласна беларускіх медыякалектываў». Цікавае меркаваньне, можна шмат над ім разважаць. А можна і проста: гэта як сказаць чалавеку, які знаходзіцца ў крытычным стане пад кропельніцамі, што калі выдзернуць іх – у яго зявіцца дадатковыя падставы больш ашчадна ставіцца да свайго здароўя. Магчыма, і зявяцца, у пэрспэктыве – але толькі ў тым выпадку, калі чалавек гэты пасля адключэння ад сыстэмаў жыццязабеспячэння выжыве.


Беларуская журналістыка на тэрыторыі Беларусі немагчымая (тое, што робіць БТ і СБ – не журналістыка), беларускія ж журналісты за мяжой апынуліся, у большасці, не па сваёй волі, практычна ўсім ім паграже на радзіме турма, ды і трэці – другі год эміграцыі – гэта, як правіла, рэжым фізічнага выжывання, ад заробку да заробку (і пяты, і дзясяты, ведаю па сабе). Ну, а пры страце працы – якія ўжо тут «стымулы для росту». Для стварэння ютуб-каналу – магчыма, але наўрад ці ён будзе самаакупны, тым больш калі на беларускай мове (тэма мовы апанентамі ўвогуле не закранаецца, а яна ж – галоўная!). Стымул тут будзе толькі адзін – сыйсці з прафесіі.


Яшчэ прапанова – трэба сабраць грошы з беларусаў замежжа і прафінансаваць уласны тэлеканал.

,,

Не збяром, дарагія мае, і вы гэта цудоўна ведаеце. Тым больш што гэтыя 19 мільёнаў патрэбныя штогод.


Нарэшце, выказваецца спадзяванне на беларускіх бізнэсоўцаў. На той падставе, што ў ва ўсім свеце СМІ фінансуюцца прыватным бізнэсам. І гэта сапраўды так. Але там бізнэсу, з большага, 200 – 300 гадоў. А беларускі бізнес – своеасаблівы бізнес. Той, які ў Беларусі, фінансаваць не будзе. Той, які ў замежжы – фінансаваць не здолее.


Зноў жа, падумайце над сумай.


Мне кажуць пра нейкіх беларускіх мульцімільянераў і нават мільярдэраў. Ведаеце, калі да гэтага яны не выявілі цікаўнасці да стварэння СМІ – дык і не выявяць. Я мог бы шмат сказаць пра бізнесоўцаў перыяду першапачатковага назапашвання капіталу. Але «не всё только плохое связано с известным» Карлам Марксам, пачытайце, што ён пісаў пра гэты пэрыяд, унівэрсальна для ўсіх эпохаў і для ўсіх народаў.


Пра Беларусь 90-х магу сказаць, што 99 % бізнэсоўцаў з большай радасцю заносілі канверцікі (а то і чамаданчыкі) чыноўнікам, чым давалі капейчыну, да прыкладу, на газету «Свабода» ці на ўлёткі БНФ. Бо канверцік – ён ужо праз месяц прыносіў вынік, а газета... Ну а за БНФ могуць і бізнэс тармазнуць.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. «Белсат»
Здымак мае ілюстрацыйны характар. «Белсат»

У 1993-м як падарунак лёсу я ўспрыняў прапанаву сябра перакласці на беларускую мову інструкцыю для кававаркі BOSH на беларускую мову за 20 долараў (будучы дэпутатам Вярхоўнага Савету) – пры тым што ў той час, як пазней мне прызнаўся адзін бізнэсовец сярэдняй рукі, ён з сяброўкай ездзіў штонядзелю ў Варшаву ў пэўны рэстаран на стэйк, які ў тагачасным Менску рабіць яшчэ не навучыліся. 


Спадзяюся, цяпер навучыліся.


Чуў прэтэнзію, што «Белсат» нібыта праводзіць «польскія інтарэсы». Хай бы хто мне патлумачыў, што маецца на ўвазе. За амаль два дзесяцігодздзя я ўдзельнічаў у сотнях перадачах «Белсату» і, клянуся, выказваў выключна ўласнае меркаванне, якое – ва ўсякім разе, перакананы ў гэтым – вынікае з беларускіх інтарэсаў. Тых, якія былі сфармаваныя ў мяне больш як тры дзесяцігодздзі таму, нават яшчэ да таго, калі 19 кастрычніка 1988, разам з Уладзем Арловым у Чырвоным касцёле, мы галасавалі за ўтварэнне Аргкамітэту БНФ.


«Белсат» быў (і, будзем спадзявацца, застанецца) аб'ектыўным каналам. Ён даваў слова і прыхільнікам Пазняка, і ягоным апанентам, і прыхільнікам Ціханоўскай, і яе праціўнікам, і правацэнтрыстам, і левацэнтрыстам, і якую б сферу грамадзкага (ды і эканамічнага, сацыяльнага жыцця) вы не ўзялі – ён падаваў праблему з розных бакоў, прадстаўляючы гледачу магчымасць зрабіць высновы.

,,

Адзінае, чаго не рабіў «Белсат» – ён не прапагандаваў дыктатуру, антычалавечую ідэялогію камунізму, нарэшце, ідэю інтэграцыі з Расеяй, якая для беларускай нацыі тоесная смерці.


Хоць адным сказам варта прыгадаць пра той каласальны масіў фільмаў пра беларускую гісторыю і культуру, які створаны «Белсатам» – ні адзін з гэтых сотняў і сотняў фільмаў не мог быць зняты на БТ.


І нарэшце, тое, што абсалютную большасць мала цікавіць, але без чаго тэлеканал існаваць ня можа: калектыў. Гэта ўнікальная супольнасць людзей, вельмі розных, але аб'яднаных агульным творчым памкненнем, супольнасць, якая не ствараецца за адзін год.

,,

Падсумую. «Белсат» – адзіны беларускі тэлеканал (единственный, каб ужо ўсім было зразумела).


Я напісаў гэтыя словы, падумаў спачатку, што трэба дадаць «незалежны» – але, відаць, і не трэба.


«Белсат» – проста адзіны беларускі тэлеканал. Бо тое, што транслюецца з Менску – не беларускае, і нават не прарасейскае, а – расейскае, імперскае. Антыбеларускае.


І калі «Белсат» знішчаць – іншага беларускага тэлеканалу ў нас не будзе.


Ніколі. Пакуль Лукашэнка – ніколі.


Вось чаму, калі б я быў у чацвер у Варшаве, я прыйшоў бы на пікет, арганізаваны Зянонам Пазняком.


belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10