навіны

Польшча можа папрасіць дапамогі ЗША ў вызваленні Пачобута

img
Анджэй Пачобут. Крыніца: праваабарончы цэнтр «Вясна»
podpis źródła zdjęcia

Намеснік міністра замежных справаў Польшчы Анджэй Шэйна не выключыў, што Варшава папросіць ЗША дапамагчы выцягнуць з беларускай турмы Анджэя Пачобута. Дыпламат заявіў пра гэта ў эфіры Польскага радыё, адказваючы на пытанне пра тое, што робіцца для вызвалення палітвязняў у нашай краіне.

Намеснік кіраўніка МЗС Польшчы Анджэй Шэйна растлумачыў, чаму падчас нядаўняга абмену, у якім паўдзельнічала Варшава, не быў вызвалены палітвязень Анджэй Пачобут. Паводле дыпламата, узаемнае вызваленне людзей сталася магчымым у выніку перамоваў паміж ЗША і Расеяй, і Масква «не мае аніякага дачынення да Анджэя Пачобута».


«Што датычыць Пачобута, то перамовы ідуць іншым шляхам», — сказаў намеснік міністра і прызнаў, што фармальна Польшча нічога не атрымала за вызваленне расейскага агента, якога аддала ў «абменны фонд». Гэта быў жэст салідарнасці з ЗША, і цяпер Варшава можа разлічваць на дапамогу Вашынгтону ў справе Пачобута:

,,

«Гэта была паспяховая акцыя, і гэта была акцыя, якой мы прадэманстравалі салідарнасць з нашым галоўным хаўруснікам, а гэта — вельмі важная каштоўнасць. Натуральна, калі будзе неабходнасць звярнуцца да нашых хаўруснікаў, улучна ЗША, мы абавязкова гэта зробім і атрымаем такую дапамогу».


Анджэй Шэйна заўважыў, што перамовы з Менскам трываюць у некалькіх пытаннях, і тут не толькі вызваленне палітвязняў. Пры гэтым асаблівага даверу ў бакоў няма:


«Ёсць багата элементаў, якія мы абмяркоўваем з беларускімі ўладамі, хаця гэта цяжка, бо ў нас абмежаваны давер. Там такія пункты, як спыненне гібрыднага нападу на польскую мяжу, забойца польскага жаўнера, які быў забіты на польска-беларускай мяжы. Таксама мы змагаемся за вызваленне палітвязняў, сярод іх, натуральна, Анджэй Пачобут».

Намеснік міністра замежных справаў Польшчы Анджэй Шэйна ў эфіры Польскага радыё. 6 жніўня 2024 года. Скрыншот: PolskieRadio24pl / YouTube
Намеснік міністра замежных справаў Польшчы Анджэй Шэйна ў эфіры Польскага радыё. 6 жніўня 2024 года. Скрыншот: PolskieRadio24pl / YouTube

Як сказаў дыпламат, Польшча мае некалькі аргументаў, якія даводзіць беларускаму боку, у тым ліку закрыццё мяжы. Ён пры гэтым адмовіўся лічыць такія папярэджанні пагрозамі:


«Мы мусім весці перамовы, і мы будзем весці перамовы, і мы мусім паказаць, што мы маем інструменты. Мы не безабаронныя перад беларускім рэжымам. І апошнім часам мы бачым пэўныя жэсты, гатовасць да размовы, гатовасць да дыялогу».


Шэйна пры гэтым адзначыў, што Польшча не забараняе ўезд зарэгістраваных у Беларусі легкавікоў (як гэта зрабілі Літва, Латвія і Эстонія), і прызнаў, што закрыццё мяжы ўдарыць не толькі па нашай краіне, але і па суседняй, і па Кітаі:


«Калі б мы гэта выкарысталі, гэта таксама закранула б польскія эканамічныя інтарэсы, таму што эканамічны абмен працуе ў абодва бакі. Гэта таксама датычыць Кітаю, які экспартуе свае тавары праз тэрыторыю Беларусі і Польшчы».

Міністр замежных справаў Польшчы Радослаў Сікорскі. Фота: «Зеркало»
Міністр замежных справаў Польшчы Радослаў Сікорскі. Фота: «Зеркало»

Зрэшты, міністр замежных справаў Польшчы Радослаў Сікорскі не схільны называць кантакты з Менскам перамовы. Ён сказаў пра гэта ў інтэрв’ю выданню «Зеркало», апублікаваным 5 жніўня:


«Перамовы — занадта гучна сказана. Беларускі бок проста ведае, што з увагі на культурную салідарнасць справа беларускага грамадзяніна, але паляка паводле культуры і ідэнтычнасці, Анджэя Пачобута, нам асабліва блізкая і што мы лічым абвінавачванні на ягоны адрас цалкам прыдуманымі».


Міністр Сікорскі таксама адзначыў, што дата адкрыцця пунктаў пропуску на беларуска-польскай мяжы «залежыць ад тэрміну зняволення Пачобута».


Ён запэўніў, што Польшча «разам з усім Еўрапейскім звязам» змагаецца за вызваленне ўсіх палітвязняў у Беларусі. «Лукашэнка ведае, што без спынення рэпрэсіяў не будзе вяртання да гульні з Захадам, у якую ён вёртка гуляў дзесяцігоддзямі», — падсумаваў кіраўнік польскага МЗС.


Цяпер паміж краінамі захоўваецца грузавое чыгуначнае спалучэнне і працуе адзін пераход для пасажыраў і адзін тэрмінал для грузавых аўтаў.

Анджэй Пачобут. Фота: БАЖ
Анджэй Пачобут. Фота: БАЖ

Пра тое, чаму Варшава не дамаглася вызвалення Пачобута падчас нядаўняга абмену паміж Расеяй і Захадам, у размове з «Белсатам» паразважаў журналіст польскага выдання «Dziennik Gazeta Prawna» Міхал Патоцкі. Ён мяркуе, што Пачобут для Лукашэнкі значна больш важны сімвалічна за таго ж немца Рыка Крыгера, якога спачатку асудзілі на смерць у Беларусі, а потым памілавалі і аддалі Расеі для абмену.


«Яны дабіваюцца таго, каб Анджэй Пачобут сам напісаў прашэнне аб памілаванні. Анджэй Пачобут не прызнае Лукашэнку прэзідэнтам. І таму адмаўляецца пісаць такія заявы. Прынцыпова», — сказаў Патоцкі.


Ён мяркуе, што Польшча мае адзіны інструмент ціску на Менск:


«У нас, у Польшчы, ёсць адзін момант, які мы можам выкарыстоўваць, каб ціснуць на Лукашэнку: гэта мяжа. Патэнцыйнае закрыццё мяжы перадусім для тавараў».


Журналіст пры гэтым падкрэсліў, што доўга пагражаць закрыццём мяжы без гэтага кроку бессэнсоўна, бо такая пагроза проста перастане пужаць.


Анджэй Пачобут — актывіст польскай меншасці і журналіст — адбывае ў Беларусі 8-гадовы тэрмін у калоніі ўзмоцненага рэжыму нібыта за «распальванне варожасці» і «заклікі да санкцыяў».


Сцяпан Кубік, «Белсат»

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10