Суд у Горадні ануляваў продаж кватэры абвінавачанай у «экстрэмізме» жанчыны, прытым што ўгода была здзейсненая яшчэ да адкрыцця крымінальнай справы. Праўнік Міхаіл Кірылюк у размове з «Белсатам» назваў гэта незаконнай канфіскацыяй.
Пра гэтую гісторыю паведаміла Генеральная пракуратура. Суд у Горадні прызнаў несапраўднай угоду аб продажы кватэры беларускі, хаця дамову падпісалі яшчэ да таго, як жанчына стала фігуранткаю справы аб «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці».
Храналогія, паводле пракуратуры, такая: «злачынца садзейнічала экстрэмісцкай дзейнасці» ў 2021—2023 гадах. У красавіку 2021 года жанчына аформіла даверанасць на брата, які ў сакавіку 2023 года прадаў кватэру сястры іхнаму бацьку за 3 тысячы рублёў. Крымінальную справу супраць «экстрэмісткі» завялі ў снежні 2023-га.
Пракуратура, з якой пагадзіўся суд, упэўненая, што жанчына «разумела супрацьпраўнасць сваіх дзеянняў і няўхільнасць пакарання», таму загадзя ўсё спланавала, каб пазбегнуць адабрання маёмасці.
У выніку ўгоду аб продажы кватэры палічылі фіктыўнаю, дамову анулявалі, а Следчы камітэт вокамгненна наклаў на нерухомасць арышт дзеля «спагнання прыбытку, атрыманага злачынным шляхам, забеспячэння спецыяльнай канфіскацыі».
«Прызнанне дамовы незаконнай — нармальная практыка ў тым сэнсе, што такая юрыдычная працэдура неабходная ў любой краіне, бо часам людзі нешта крадуць, потым, каб пазбавіцца адказнасці за гэта, пераафармляюць на іншых людзей, і ў выпадку, калі ёсць падазрэнні, што дамова фіктыўная, суды выносяць пастановы», — растлумачыў «Белсату» праўнік НАУ Міхаіл Кірылюк.
Іншая справа, што цалкам слушным механізмам беларуская дзяржава карыстаецца, калі ёй з палітычных або эканамічных прычынаў патрабуецца абрабаваць ахвяру — інвестара або «змагара»:
«У камерцыі сітуацыя “часам не да законаў” існуе даўно. Напрыклад, кейс, як забіралі “Балтыку”, другая справа была з “Менскай спадчынай”, калі расейскі інвестар уклаў грошы ў нерухомасць у цэнтры гораду і потым гэтыя інвестыцыі ў яго фактычна канфіскавалі. Можам яшчэ згадаць справу “Камунаркі”».
Калі ж казаць пра крымінальныя справы, то следства мусіць даказаць, што падазраваны на момант продажу або пераафармлення маёмасці ўжо планаваў злачынства, тлумачыць Кірылюк:
«Патрабуецца даказаць намер і што намер гэты ахопліваў будучыню. Мусяць быць доказы гэтаму: нейкія планы на паперцы, тэлефонныя перамовы, нейкія e-mail, паказанні сведкаў. На жаль, як сведчыць мая практыка ў Беларусі, такімі стандартамі доказаў бок абвінавачвання не абцяжарваўся. Яны разважалі, што намер — гэта такое, што сядзіць у галаве, таму даказаць яго немагчыма, таму мы і не будзем яго даказваць. Хаця даказаць намер магчыма, калі гэтым займацца сур’ёзна, рабіць вялікую працу».
Ці было даказанае ў гарадзенскім судзе такое планаванне беларускі-«экстрэмісткі» — пытанне адкрытае.
Што датычыць кошту, за які была прададзеная кватэра, закон аніяк гэта не рэгулюе, падкрэсліў суразмоўца «Белсату»:
«Продаж нерухомасці ад адной асобы іншай за большы ці меншы кошт не утварае злачынства. Я магу свайму брату прадаць кватэру за 3 тысячы рублёў, таму што ён мой брат. Няма ніякай забароны ў законе на гэта. Я магу зрабіць яму дысконт 97 %, гэта не забаронена».
Таксама Кірылюк назваў недарэчнаю паслядоўнасць дзеянняў «праваахоўнікоў»: спачатку арышт маёмасці, а потым падлік нібыта нанесенай шкоды. Мае быць наадварот.
«Калі браць звычайную крымінальную справу, то перад тым, каб арыштоўваць маёмасць, следчы мусіць падлічыць шкоду. Калі ты разбіў шыбу ў шапіку, навошта патрэбна арыштоўваць кватэру? Ты з заробку кампенсуеш. Але так адбываецца, калі дзяржава абараняе грамадзянаў, а не займаецца палітычным пераследам», — канстатаваў юрыст.
Ён нагадаў прыклад кіраўніка НАУ Паўла Латушкі, у якога канфіскавалі дом, а нібыта нанесеную шкоду ацанілі «з запасам»:
«У Латушкі арыштавалі дом, ацанілі яго, калі не памыляюся, у 4 млн рублёў і напісалі ў сваіх паперках, што ў выніку заклікаў Латушкі ў 2020 годзе людзі чынілі ў Менску пагромы і падпалы і тым самым было пашкоджана дзяржаўнай маёмасці на 6 млн рублёў. Узялі з запасам, каб хапіла і каб яшчэ патрабаваць».
Такім чынам, сілавікі спачатку шукаюць маёмасць, а шкоду фальсіфікуюць, каб памер нібыта шкоды перавышаў кошт канфіскаванага. Кірылюк упэўнены, што сапраўдныя злачынцы ў гэтай гісторыі — не жанчына, у якой адабралі кватэру, а следчыя, пракуроры, суддзя:
,,«Фальсіфікацыя доказаў, прыцягненне да адказнасці заведама невінаватага, абвінавачванне заведама невінаватага, прысуд у дачыненні заведама невінаватага — вось гэта чарговыя склады злачынстваў людзей, якія гэта робяць».
Суразмоўца «Белсату» пры гэтым прызнаў, што гераіня гэтай гісторыі невыпадкова загадзя аформіла даверанасць на брата, але не дзеля таго, каб схаваць незаконна нажытае, а каб пазбегнуць рабаўніцкай канфіскацыі:
«Разумеючы тое, што пры цяперашнім рэжыме ў Беларусі любая палітычная актыўнасць, нават абсалютна законная, можа пацягнуць за сабой незаконную канфіскацыю, асоба імкнулася гэтага незаконнага рабавання пазбегнуць. І гэта цалкам слушна. Гэта тое самае, калі ў цёмнай падваротні да цябе падыходзяць пяць чалавек з нажамі, то цалкам нармальна бегчы адтуль з усёй магчымай хуткасцю».
Кірылюк, зрэшты, сумняецца, што такая практыка прысабечвання нерухомасці дзяржаваю набудзе масавы характар, бо ў гэтым выпадку кватэру купіў блізкі сваяк. А калі хто іншы?
«Гэта будзе ўсё за кошт добрасумленнага пакупніка, калі кватэру купіць хто заўгодна іншы, не сваяк. Асоба, якая прадала і з’ехала, грошы забрала. Будуць канфіскоўваць маёмасць у чалавека, які заплаціў за нерухомасць 100 тысячаў долараў? Ну, паглядзім. Спекуляваць на прагнозах не будзем», — разважае праўнік.
Агулам, як падсумаваў Кірылюк, дзяржава «спрабуе націснуць на тых, хто з’язджае з краіны, праз тых, хто застаецца».
Сцяпан Кубік, «Белсат»