навіны

Ва ўкраінцаў застаўся толькі адзін шлях вярнуцца дадому праз Беларусь і Расею. Расказваем, што за ён

Пункт пропуску «Макраны». Фота: slideserve.com
Пункт пропуску «Макраны». Фота: slideserve.com
podpis źródła zdjęcia

Пасля поўнамаштабнага ўварвання Расеі пры дапамозе лукашэнкаўскага рэжыму ва Украіну, усе памежныя пераходы на ўкраінскай мяжы з Беларуссю і РФ былі закрытыя. Пры гэтым працягвалі дзейнічаць два гуманітарныя калідоры. Цяпер жа перастаў працаваць і адзін з іх.

Пасля 24 лютага 2022 года ў грамадзянаў Украіны заставаліся два шляхі для вяртання на Радзіму з Беларусі ды Расеі, а таксама з акупаваных расейскімі войскамі тэрыторыяў Украіны (Крыму, Данбасу, Запарожжа і Херсоншчыны). Адзін з гуманітарных калідораў знаходзіўся ў Сумскай вобласці на мяжы з РФ, другі – у Валынскай на беларуска-ўкраінскай мяжы. 


Першы памежны пераход знаходзіўся сама блізка да акупаваных рэгіёнаў – «Калацілаўка»–«Пакроўка». Праз яго, як расказвала ў жніўні 2023 года міністарка рэінтэграцыі акупаваных тэрыторыяў Украіны Ірына Верашчук, штодня вярталіся дадому каля 150 украінскіх грамадзянаў.


Другі – гэта «Даманава»–«Макраны», «там таксама невялікі струмень, і людзі, якія выязджаюць з часова акупаваных тэрыторый, едуць праз Беларусь і трапляюць ва Украіну». 


Памежны пераход на мяжы з Расеяй працаваў з перабоямі, а цяпер агулам зачыніўся. 7 жніўня 2024 года Верашчук заявіла, што праз «абвастрэнне» на сумскім кірунку гуманітарны калідор «Калацілаўка»–«Пакроўка» зачынены «сама меней на 10 дзён». Але станам на 20 жніўня відаць, што адкрыецца ён няхутка. Калі агулам адкрыецца. Памежны пункт стаў месцам жорсткіх баёў падчас атакі ўкраінскіх войскаў на Курскую і Белгародскую вобласці Расеі. І хоць расейскія войскі коштам злачынстваў супраць чалавечнасці здолелі адбіць Калацілаўку, сам памежны пункт быў моцна пашкоджаны. Дый баявыя дзеянні на мяжы з Куршчынай і Белгародчынай не сканчаюцца, каб можна было казаць пра аднаўленне дзеяння там гуманітарнага калідору. Больш за тое, сам уезд у Калацілаўку рашэннем расейскіх уладаў цяпер закрыты.


У выніку для ўкраінцаў з акупаваных тэрыторыяў і Расеі для вяртання на радзіму застаецца толькі адзін гуманітарны калідор – праз Беларусь. 


«Мы чакаем людзей. Усё, што было на сумскім кірунку, будзе забяспечанае людзям у пункце Беларусь–Валынь», – сказала Верашчук.

Што за «Макраны»–«Даманава» і як яго прайсці

Беларускі пункт пропуску «Макраны» знаходзіцца ў аднайменным аграгарадку на Берасцейшчыне, украінскі пункт пропуску «Даманава» – у Валынскай вобласці. Адтуль бліжэйшы ўкраінскі горад – Ковель, да якога машынай ехаць каля дзвюх гадзінаў. Пункты пропуску «Макраны» і «Даманава» падзяляе пешаходны пераход працягласцю 1,5 км.


Станам на 25 лістапада 2023 года гэтым маршрутам для выезду ва Украіну скарысталіся каля 6 тысячаў асобаў, з іх больш як тысяча – дзеці.


На мяжы працуе валанцёрскі цэнтр. Людзей тут забяспечваюць харчаваннем, магчымасцю абагрэцца, пераначаваць і г.д. Таксама запушчаныя аўтобусныя маршруты. Летась там разглядаліся варыянты арганізацыі часовага размяшчэння людзей, якія прыбылі праз гуманітарны калідор.


Валанцёры абяцаюць дапамагчы сталым людзям і людзям з інваліднасцю перайсці мяжу, бясплатна адвезці ўцекачоў да Ковелю і нават купіць квіткі на цягнікі па Украіне. Таксама валанцёры зарэгіструюць на грашовую дапамогу ў памеры 10 800 грыўняў на кожную асобу (каля 260 долараў). 


У Ковелі тыя, хто вярнуўся праз гуманітарны калідор, атрымаюць ад працаўнікоў упраўлення сацыяльнай абароны сертыфікат перасячэння мяжы і стартавы пакет мабільнага аператара. Калі асобе няма куды ехаць, валанцёры абяцаюць дапамагчы з пошукам бясплатнага жылля (шэлтараў, інтэрнату, вясковых хатаў).


Для перасячэння мяжы ўкраінцам падыдуць любыя ўкраінскія дакументы, у тым ліку пратэрмінаваныя. Прэс-сакратар Дзяржаўнай памежнай службы Украіны Андрэй Дземчанка адзначаў раней, што калі ў чалавека зусім няма дакументаў, то перасячэнне мяжы зойме крыху больш часу: памежнікі, міграцыйная служба і паліцыя павінны выявіць асобу і праверыць інфармацыю, што яна з’яўляецца грамадзянінам Украіны. Калі гэта пацвердзіцца, чалавека прапусцяць.


Пры гэтым Дземчанка раіў украінцам, якія хочуць трапіць ва Украіну такім чынам, звярнуць увагу на бяспеку:


«Бо яны спачатку павінны прайсці дагляд па той бок мяжы, як на тэрыторыі РФ, так і Беларусі. І ім трэба мець хаця б мінімальны пакет дакументаў, каб той бок іх прапусціў».
 

Праваабаронцы падкрэсліваюць, што тым украінцам, якія маюць расейскі пашпарт, трапіць у Беларусь праз РФ няцяжка. А вось у астатніх могуць быць праблемы


«Важна памятаць, што мяжы як такой паміж Беларуссю і Расіяй няма, але ёсць пункты пропуску... У іх такія ж [строгія] меры бяспекі, з такой жа [падазронасцю] ставяцца да грамадзянаў Украіны, якія едуць з акупаваных тэрыторыяў», – казала юрыстка «КрымSOS» Анастасія Калініна.

Не толькі ўцекачы

Старшыня Дзяржаўнага пагранічнага камітэту Беларусі Канстанцін Моластаў летась заяўляў, што ў «Макранах» прадугледжаны калідор для «нестандартных сітуацыяў». Напрыклад, яго выкарыстоўваюць для ўз’яднання сем’яў. Але практыка паказвае, што гэтым нестандартнасць сітуацыяў не абмяжоўваецца.


Памежны пераход «Макраны»–«Даманава» выкарыстоўваецца таксама і ў іншых гуманітарных мэтах. Менавіта праз яго сёлета ў чэрвені былі вызваленыя і перададзеныя Украіне грамадзяне, што знаходзіліся ў беларускіх і расейскіх вязніцах. Сярод іх – Мікалай Швец, затрыманы за падрыў расейскага самалёту ў Мачулішчах, ды грэка-каталіцкія святары з акупаваных тэрыторыяў Запарожжа.


Больш за тое, гуманітарны калідор на беларуска-ўкраінскай мяжы працуе таксама і ў зваротны бок. Менавіта праз яго мусіла адбыцца дэпартацыя з Украіны 31-гадовага грамадзяніна Беларусі, якога без належных дакументаў знайшлі ў гарах Івана-Франкоўскай вобласці.

Макар Мыш, «Белсат»

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10